Гары Паганяйла: Улада не ўпэўнена ў сваіх сілах

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавядае пра тое, чаму ўлады не хочуць бачыць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі.

З усіх рэгіёнаў Беларусі паступае інфармацыя, што прадстаўнікоў апазіцыі за рэдкім выключэннем уключаюць у склад участковых выбарчых камісій.

Гары Паганяйла адзначыў:

— Ніякай палітычнай лібералізацыі ў краіне няма. Нешта спрабуюць зрабіць у галіне эканомікі, заглушыць сацыяльнае незадавальненне ў сувязі з нізкімі заробкамі, пенсіямі і высокімі цэнамі. І гэта зразумела, бо ўлады баяцца сацыяльнага выбуху. Але ў палітычным сэнсе ні перамен, ні рэформ чакаць пры гэтай уладзе не варта. Таму што выбары — гэта дэмакратычны інструмент змены ўлады, калі народ не незадаволены гэтай уладай. І, як мы бачым, нават мясцовыя выбары, якія абсалютна нічога не вырашаюць, знаходзяцца пад жорсткім кантролем тых, хто пастаўлены гэта ажыццяўляць. Таму тое, што і на мясцовых выбарах участковыя камісіі будуць стэрыльнымі ад прадстаўнікоў апазіцыі, мы, праваабаронцы, чакалі. І не спадзяваліся, што варта чакаць нейкай палёгкі.

— Але ж улада магла паказаць, што яна настолькі моцная і паважаная ў вачах людзей, што нічога не баіцца.

— Насамрэч, яна баіцца і не ўпэўнена ў сваіх сілах. Улада, якая трымаецца на дубінках сілавікоў, якая пабудавала сваю сістэму на рэпрэсіях і страху, не можа быць моцнай. А значыцца, ім абсалютна не патрэбны дэмакратычныя інструменты пры правядзенні выбараў. Таму ўсё застанецца па-ранейшаму, ніякіх зменаў не будзе. І дэпутацкія мандаты дадуць тым, каму загадаюць. Таму што нават невялікае адступленне ад звыклай нормы можа прывесці да паступовага падрыву палітычнай сістэмы.

— Ці патрапяць дэпутаты ад апазіцыі ў мясцовыя саветы?

— У абавязковым парадку! Зрэшты, так заўсёды было. Але некалькі чалавек нічога не вырашаць, тым больш, што мясцовыя дэпутаты зусім ніякай улады не маюць. Яны не маюць абсалютна ніякага ўплыву на мясцовую “вертыкаль”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць