Гары Каспараў у Кіеве: «Пуцін бляфуе, яго апошняя карта — ядзерная зброя»

У чацвер, 26 сакавіка, у Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі прайшла публічная лекцыя чэмпіёна свету па шахматах, а таксама расійскага палітыка і літаратара Гары Каспарава на тэму «Расійская агрэсія ў кантэксце сусветнай палітыкі».



Лекцыя праходзіла ў межах двухдзённага візіту спадара Каспарава ва Украіну для прэзентацыі сваёй новай кнігі “Гандаль страхам”. Кніга выйшла ў кіеўскім выдавецтве «Саміт-кніга» пры падтрымцы міжнароднага фонду украінцаў за мяжой “Дыяспара”. Цягам лекцыі былі выкладзены асноўныя тэзы і палітычныя погляды аўтара на актуальныя падзеі ў свеце, перадусім датычныя палітыкі сучаснай Расіі.
 
 
Кніга “Гандаль страхам” - зборнік выбраных палітычных тэкстаў Каспарава, раней апублікаваных на старонках вядомых аналітычных выданняў і інтэрнэт-рэсурсах з 2001 па 2015 год. Размешчаныя ў храналагічным парадку, гэтыя артыкулы дазваляюць убачыць не толькі лагічны ланцужок паваротных падзей палітычнага жыцця Расіі апошніх гадоў, але і прасачыць гісторыю барацьбы ідэй, якая вызначыла сучасны вектар ўнутранай і знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі.
 
 
Вялікае месца ў кнізе нададзена падзеям ва Украіне апошніх гадоў.
 
 
Цягам візіту запланавана некалькі мерапрыестваў з удзелам Гары Каспарава. Апроч ранішняй лекцыі ва універсітэце (11.00-13.00), прайшла аўтограф сесія з продажам кнігі Каспарава і прынагоднае адкрыццё кнігарні «БУКВА» а 18-й гадзіне вечара на Хрышчаціку.
 
 
А ў пятніцу, 27 сакавіка з 16.00 па 18.30 прэзентацыя кнігі і інтэрактыўная камунікацыя у Гандлёва-прамысловай палаце Украіны (вул. Вялікая Жытомірская, 33).
 
 
Трэба адзначыць, што Каспараў з 2012 з'яўляецца старшынёй Савета Фонду па абароне правоў чалавека. І акурат 26 сакавіка, у час прыезду Каспарава ў Кіеў, прайшло ўрачыстае закрыццё Міжнароднага кінафестывалю дакументальных фільмаў па правах чалавека Docudays UA, пра ўдзел у якім беларусаў на Дзень Волі Новы Час пісаў у папярэднім матэрыяле.
 
 
Найбольш цікавыя вытрымкі з выступа, агучаныя ў часе прамовы перад кіеўскімі студэнтамі і чытачамі:
 
 
- Кожны бяскроўны поспех дыктатара – яго натхняе. І ўсё больш касуе магчымасці грамадства супрацьстаяць яму.
 
 
- Пуцінскі рэжым, як і быў савецкі, надзвычай успрымальны да няўдачаў, якія немагчыма схаваць (напрыклад, труны з Афганістана).
 
 
- Сталін, як любы паспяховы дыктатар, валодаў інстынктам выжывання.
 
 
- Магчыма правесці аналогію палітыкі Пуціна з покерам (не з шахматамі, хоць я і шахматыст) – Пуцін, як і Гітлер у свой час, моцна бляфуе. І ён не гатовы павышаць стаўкі.
 
 
- У Пуціна ёсць ядзерная зброя і магчымасць усё знішчыць (але ў яго практычна няма саюзнікаў) – і гэта яго апошняя карта. І тут усё ўпіраецца ў палітычную волю.
 
 
- Што тычыцца Украіны, то ў моманты тэктанічных зрухаў – немагчыма дамовіцца так, каб усім было добра.
 
 
- Галоўны урок Другой Сусветнай вайны: якія б не былі кепскія межы - лепей іх не чапаць. Бо як толькі кранеш – адразу пральецца кроў.
 
 
- Што застаецца дыктатару, які хоча правіць вечна? Нічога. Рускі мір, які увесь час устае з кален.
 
 
- Не ўсе краіны магчыма знайсці на карце з тых, што прызналі Асецію, зрэшты, як і саму Асецію.
 
 
- У Расіі на выбарах улада не зменіцца. А ва Украіны – такі шанец ёсць.
 
 
- Анексія Крыма рыхтавалася загадзя. Быў план. Гэта быў меркаваны адказ на паразу на выбарах Януковіча. Аншлюс Крыма быў непазбежны.
 
 
- Цяпер Захад вядзе страўсіную палітыку: Бюракрат спрабуе зразумець, што горш: канфлікт з Пуціным ці пагроза, якую нясе Пуцін свету, дзе добра жыве Бюракрат. Бо памкненні Пуціна – гэта не пра Данбас, не пра Крым, не нават па Усходнюю Украіну, а пра разбурэнне сістэмы міжнароднай бяспекі як такой.
 
 
- 70% расійскай прапаганды ў СМІ – пра Украіну. Гэта згустак нянавісці і ідэалогіі Трэцяга Рэйху.
 
 
- Адметнасць ідэалогіі Пуціна ў тым, што ён не прапаноўвае варыянтаў будучыні.
 
 
- Мы ўсе ведаем адно – што вайна ва Украіне – гэта фронт супрацьстаяння злу. Тут паўстае пытанне не перамогі, а цаны. Чым больш жорстка супрацьстаяць злу – тым меншая цана.
 
 
- Я гістарычны аптыміст і я веру, што вы, моладзь у гэтай залі, у Кіеве, пабачыце перамогу.
 
 
***
 
 
Найбольш цікавыя вытрымкі з адказаў Гары Каспарава на пытанні студэнтаў Кіеўскага універсітэта і наведнікаў лекцыі:
 
 
- У Расіі выбары – балаган. Перамены адбудуцца толькі рэвалюцыйным шляхам, рэзка. Перадусім патрэбныя змены ў сярэднім класе гараджанаў, у іх мысленні і гатоўнасці. Бо ў звышцэнтрысцкіх дыктатурах - усе змены ідуць праз насельнікаў буйных гарадоў. Нават больш за тое – дастаткова каб выступілі адныя масквічы. Вось калі прыйдзе асэнсаванне, што прыватныя праблемы і адсутнасць індывідуальных магчымасцяў – акурат вынік ізаляцыі Расіі ў свеце, - тады і зменіцца.
 
 
- Неверагодныя грошы Пуцін выдзяляе на прапаганду. Ітартас і РашаТудэй. Ім даецца 300 мільёнаў даляраў. І гэта толькі афіцыйныя выдаткі. Бо яго моц базуецца на прапагадзе, як унутры краіны, так і за межамі. І ён гэта разумее.
 
 
- Нямцоў адрозніваецца ад нязменных апошнія дзесяцігоддзі рускіх эліт тым, што ён прыйшоў з вуліцы, ён не парываў сувязі з народам. Яго забойства ў зоне адказнасці ФСА – не магло прайсці без ведама ФСА. Калі вы стаіце на мосце 20-30 секунд – да вас падыйдуць і пацікавяцца, што вы робіце. А тут камера здымала 5 з паловай хвілінаў снегапрыбіральнік, які там стаяў гэты час. Гэта немагчыма без адмысловых дазволаў. Пры гэтай уладзе забойства не будзе раскрыта. Але я спадзяюся, што яна зменіцца – і забойцаў пакараюць.
 
 
Напрыканцы сустрэчы пытанне да Гары Каспарава задаў беларус, выканаўчы дырэктар Цэнтра дэмакратыі “Новая Еўропа” Ігар Шчэкарэвіч: "У сваім выступе Вы казалі пра пуцінскі рэжым, - звярнуўся ён да апазіцыянера, - але калі паглядзець на расійскую дэмакратычную апазіцыю, то іх погляды на ўкраінцаў і беларусаў шмат у чым супадаюць з поглядамі Пуціна. Той жа самы Навальны яшчэ некалькі год таму казаў, што украінцы, беларусы і рускія адзіны народ. Той жа самы Нямцоў у пачатку 2000-ых прыяздажаў у Мінск і пераконваў беларускіх апазіцыянераў у тым, што Беларусі будзе лепш у складзе Расіі як адной з абласцей. Маўляў у Расіі больш дэмакратыі і беларускай апазіцыі там будзе лепш. Але праблема звычайна не ў расійскай палітычнай эліце. Праблема ў расійскім народзе з імперскім мысленнем. Таму пытанне ці не адзіным лекам ад імперскасці для расіянаў з'яўляецца развал Расійскай Федэрацыі на нацыянальныя рэспублікі, як лекам для нацыскай Германіі была параза і акупацыя краіны?"
 
 
Гары Каспараў адказаў, што па яго меркаванні, калі Расія і распадзецца, то не праз знешнюю агрэсію. Ён дапусціў, што як такі распад магчымы праз 5-10 гадоў. Бо цяперашняя Расія – гэта дыктатура аднаго чалавека, а не сістэмная дыктатура. А такая мадэль – даволі неўстойлівая. Многія, прыкладам, у Расіі бачаць вайну ва Украіне як небяспеку будучыні Расіі. А уваход у Еўропу як шлях захавання Расійскай цывілізацыі, якой цяпер пагражае з аднаго боку – ісламскі свет, а з іншага – Кітай.
 
 
Спадар Каспараў выказаў надзею, што як толькі ў Расіі да ўлады прыйдзе дэмакратычны парламент – ён адразу адменіць усе незаконныя рашэнні пуцінскага рэжыму - і Крым вернуць Украіне.

Каментаваць