«Гавары праўду» прыйшла да дэпутатаў з будзільнікам

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» прыйшлі пад сцены парламента з будзільнікамі. Крышачку пазваніўшы імі, яны заклікалі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прачнуцца. Адначасова гэта стала сімвалічным «апошнім званочкам» парламенту гэтага склікання.



Gp5 08042016 logo

Калі папрасіць любога чалавека ўзгадаць, што зрабілі дэпутаты за сваю кадэнцыю, наўрад ці мы пачуем нешта ўцямнае. Людзі не ведаюць нават імёнаў сваіх прадстаўнікоў у заканадаўчым органе краіны. Тым не менш, з іх маўклівай згоды і пры іх патуранні робяцца ўсе апошнія навацыі. Гэта і «падатак на аўто», гэта і «падатак на лайдацтва», і неўзабаве павышэнне пенсійнага узросту — карацей, усё, што так не задавальняе беларускае насельніцтва. І нешта не чуваць было, каб «народныя абраннікі» гучна, уголас хаця б абурыліся тымі непапулярнымі мерамі, які іх просяць зацвердзіць.

 

На думку «гаварыпраўдоўцаў», зараз у дэпутатаў ёсць апошні шанец зрабіць нешта такое, каб іх імёны засталіся ў гісторыі не толькі як «глухіх і згодных». Тым больш, што ім ужо нічога не пагражае: парламенцкая сесія, якая ідзе зараз — апошняя сесія ППНС гэтага склікання. Увосені пройдуць выбары новых дэпутатаў таго, што афіцыйна завецца «парламентам». А таму зараз самы зручны час прачнуцца і нешта зрабіць для сваіх выбаршчыкаў.

 

«Сёння ёсць сітуацыя, у якой знаходзяцца краіна і людзі, якія не атрымліваюць заробку, не атрымліваюць новай магчымасці работы, і не бачаць перспектыў. Зараз патрэбныя новыя законы, якія звязаныя, перш за ўсё, са стварэннем новых эканамічных мажлівасцяў. Таму мы вызначылі пяць самых важных, на нашую думку, крокаў, якія павінны даць штуршок развіццю эканомікі», — сказала журналістам перад Домам урада лідар «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.


 Gp5 08042016 logo


Першае, што прапанаванае дэпутатам — гэта адсунуць убок праект павышэння пенсійнага ўзросту. «Трэба спачатку зрабіць адэкватным бюджэт пражытковага мінімуму, пенсію — у памеры 75% ад заробку, дапамогу па беспрацоўі, якога становіцца ўсё больш і больш, трэба давесці да бюджэта пражытковага мінімуму. І толькі тады, калі ўзровень жыцця і яго якасць павысяцца, можна казаць пра павышэнне пенсійнага ўзросту», — лічыць Караткевіч.

 

Адначасна з гэтым «Гавары праўду» прапануе ўвесці мараторый на павелічэнне тарыфаў ЖКГ да аднаўлення росту зарплатаў.

 

«Трэба стварыць спрыяльныя умовы для інвестараў і стварыць і прыняць захады, якія будуць садзейнічаць нармальнай і здаровай канкурэнцыі. Гэта зробіць таннейшымі кошт тавараў, каб людзі сваю зарплату трацілі тут, а не выязджалі б за мяжу ў пошуках больш якасных і больш танных замежных аналагаў», — сказала Караткевіч.



 

«Сёння большасць людзей прачынаецца і даведваецца, што існуюць новыя зборы, новыя падаткі, новыя ўказы. Але гэтыя ўказы не працуюць. А чаму яны не працуюць? Таму што няма шырокай дыскусіі, няма абмеркавання таго, як зараз выйсці з гэтага крызісу. І мы за тое, каб грамадзян краіны ўключалі ў працэс прыняцця рашэнняў. Менавіта таму мы пойдзем на парламенцкія выбары, — каб размаўляць, дыскутаваць, што зрабіць, якія законы прымаць, каб краіна развівалася, нашая эканоміка станавілася на ногі, і ў нас было больш магчымасцяў зарабляць», — распавяла Караткевіч.

 

Яе намеснік Андрэй Дзмітрыеў дадаў, што зараз бачна, што «улада нешта робіць». «Абмяркоўваецца падняццё пенсійнага ўзросту і гэтак далей. Але пакуль мы бачым не перамены. Пакуль мы бачым, што ўлада спрабуе коштам грамадзян вырашыць свае праблемы, кампенсаваць свае памылкі і зрабіць так, каб мы заплацілі за іх няўменне кіраваць гаспадаркай, няўменне кіраваць эканомікай, за тое, што яны развалілі прамысловасць. Гэта — не перамены», — катэгарычна заявіў Дзмітрыеў.

 

«І мы сёння заклікаем парламент прачнуцца і пачаць рабіць у краіне перамены. Гэта значыць, даваць больш магчымасцяў людзям зарабляць. Зрабіць так, каб людзі разумелі, што іх чакае ў будучыні. І самае галоўнае, каб людзі ведалі, што і надалей дзяржава будзе забяспечваць ім і медыцыну, і адукацыю, і тое, што іх дзеці абароненыя. Гэтага сёння няма, і да гэтага павінны прывесці мірныя перамены, пра якія сёння мы кажам», — заявіў намеснік старшыні «ГП».


 Gp5 08042016 logo


Дзмітрыеў паведаміў, што прапановы «Гавары праўду» скіраваныя ў парламент праз электронны зварот, але таксама кіраўнікі грамадзянскай кампаніі ўкінулі іх у папяровым выглядзе ў скрыню для зваротаў грамадзян.

 

Як адзначана ў звароце, у Палаіы прадстаўнікоў гэтага склікання яшчэ ёсць час прыняць патрэбныя законы. «Мы разумеем, што гэтых крокаў недастаткова для кардынальнай змены сітуацыі. Але яны могуць пакласці пачатак шырокай грамадскай дыскусіі аб шляхах рэфармавання эканамічнай і сацыяльнай сфер», — гаворыцца ў звароце.





 

Канешне, парламент, які спаў чатыры гады, наўрад ці абудзіцца ад адной паперы і аднаго будзільніка ў руках Дзмітрыева. Але «Гавары праўду» празрыста намякнула дзейсным дэпутатам: на іх месцы ёсць іншыя прэтэндэнты.

 

Праўда, што будуць рабіць гэтыя «іншыя», калі раптам апынуцца ў Авальнай залі ў той час, калі парламент нічога не вырашае? Ну, прынамсі спаць не будуць. Будзільнік у Дзмітрыева напагатове.


Каментаваць