«Гавары праўду»: адмена санкцыяў павінна быць абумоўленай

Кампанія «Гавары праўду» занялася пытаннямі знешняй палітыкі Беларусі. Да гэтага іх падштурхнулі сустрэчы з расійскімі і еўрапейскімі палітыкамі. Адна з сустрэчаў была на канферэнцыі «БелаРускі дыялог» у Маскве, другая — ў Страсбурге. Высновы з іх выліліся ў праграму «ГП» «Адказнае суседства».



У прынцыпе, прэзентацыя гэтай праграмы, якую зладзілі у офісе «ГП» яе кіраўнікі Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, не была нечым новым. Пра «Адказнае суседства» мы чулі ў час мінулых прэзідэнцкіх выбараў — менавіта так называўся блок знешняй палітыкі праграмы Караткевіч. Зараз гэтую праграму злёгку мадэрнізавалі і паспрабавалі яе зрабіць арыенцірамі знешняй палітыкі краіны да 2020-га года.

Чым выкліканая актуалізацыя гэтай праграмы? Найперш, па словах Таццяны Караткевіч, у выніку сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі ў Страсбурге ёй далі зразумець: еўрадыпламаты — абазнаныя людзі. Яны выдатна ведаюць, што Лукашэнка гойдаецца на «геапалітычных арэлях». То бок, калі грошай не дае Масква, ён робіць крок на Захад. А калі Захад пачынае патрабаваць зменаў у Беларусі, то Аляксандр Рыгоравіч кідаецца ў абдымкі Маскве.

Зараз гэтая тактыка вычарпала свой патэнцыял. Беларускай дыпламатыі трэба нешта новае. І шмат якія чыноўнікі, кажучы пра «шматвектарнасць» беларускай знешняй палітыкі, спрабуюць гэьае новае намацаць. Магчыма, «Адказнае суседства» гэтым новым і будзе.

Як дамагчыся сапраўднага нейтралітэта?

Чаму «Адказнае суседства» вызначае пераломнай датай 2020-ы год? Таму што у тым годзе Беларусь паўстане перад значным геапалітычным і стратэгічным выклікам, да якога трэба рыхтавацца ўжо зараз. На думку гаварыпраўдоўцаў, менавіта праз чатыры гады краіна атрымае шанец рэальна стаць нейтральнай. У тым годзе заканчваецца дзеянне дамоваў наконт ужо прысутных у сінявокай расійскіх ваенных базаў — РЛС «Волга» і станцыі сувязі ВМФ Расіі пад Баранавічамі і ў Вілейцы адпаведна. Па меркаванні «ГП», Беларусь павінна прыняць цяжкае для сябе рашэнне і не падаўжаць гэтыя дамовы. Больш за тое, краіна павінна выйсці з ваеннага блоку АДКБ, і не імкнуцца ўвайсці ў НАТА, за выключэннем праграмаў супрацоўніцтва кшталту «Партнёрства дзеля міру».

У 2020-м годзе мы можам набыць рэальны нейтралітэт, лічаць у "ГП"

Такім чынам у 2020-м годзе Беларусь рэальна, а не дэ-юрэ, можа стаць нейтральнай дзяржавай, што будзе выгадна ўсім суседзям па рэгіёне.

Паміж Захадам і Усходам

Два «эканамічных» блокі «Адказнага суседства» былі прызваныя спалучыць неспалучаемае. Па-першае, у «ГП» лічаць, што нам патрэбная базавая дамова аб супрацоўніцтве з Еўрапейскім Саюзам. Такі дакумент ужо быў падрыхтаваны, але «замарожаны» у сувязі з асацыяцыяй Украіны ў ЕС і падзеямі, што гэтая асацыяцыя выклікала. Зараз трэба да яго вярнуцца.

У той жа час «ГП» лічыць нявыгадным выходзіць з «усходніх» эканамічных стварэнняў, кшталту ЕАЭС і Мытнага саюза. Але абодва гэтыя саюзы, у прынцыпе, карысныя. Бяда ў іх адна — яны альбо не працуюць, альбо працуюць не так, як трэба.

Вынікам гэтага сталася тое, што ЕАЭС спрацаваў «у мінус» эканомікам краін, якія туды ўваходзяць і прывёў да поўнага спынення працы беларускіх прадпрымальнікаў, бо ў Расіі ім немагчыма атрымаць тыя сертыфікаты, якіх патрабуе беларускі бок.

Такім чынам, як сцвярджаў Дзмітрыеў на прэс-канферэнцыі, мы «укладваемся ў гэты праект, але нясем адны толькі страты» Мы бачым непаважлівае стаўленне да беларускіх інтарэсаў у рамках ЕАЭС. Таму нашая першая задача — выраўняць баланс у адносінах».

І найпершыя нашыя магчымыя партнёры па супрацоўніцтве, на думку «ГП» — гэта краіны Вышаградскай групы (Польшча, Славакія, Венгрыя і Чэхія) і Украіна.

Адвакаты Лукашэнкі?

Некаторыя ўжо заўважылі, што такая рыторыка «ГП» у значнай ступені супадае з пазіцый афіцыйнага Мінска. Кампанію «Гавары праўду» кіраўніца аналагічнай ініцыятывы «Наш дом» Вольга Карач нават наўпрост назвала «лабістамі Лукашэнкі ў апазіцыі». Але Таццяна Караткевіч не лічыць, што яны — лабісты.

«Тое, што я кажу, важнае для маіх выбаршчыкаў. Я адстойваю іх інтарэсы. Я не сыходжу з таго, што робіць рэжым Лукашэнкі, а што не робіць… Калі нешта нашая ўлада робіць, і ёсць пэўныя крокі да лепшага, то чаму мы павінны гэта крытыкаваць. Трэба прыняць гэта, як факт. Значыць, нас пачулі», — сказала Караткевіч.

«Гэта праблема, — што толькі зараз пазіцыя «Гавары праўду» у нечым супала з пазіцыяй чыноўнікаў, — дадаў Андрэй Дзмітрыеў. — Яны не супадалі, калі гэта ўсё прымалася. І ніхто тады не задаваў ніякіх пытанняў, ніхто не запытваўся, якія нашыя інтарэсы ў гэтай прасторы. Улада спадзявалася, што мы ўсё падпішам, атрымаем нафту, якая нам неабходная, атрымаем доступ да рынку, і ўсё будзе, як раней. А выконваць нічога не будзем. Але аказалася, што ўжо новыя правілы гульні. І зараз эканоміка прымусіла чыноўнікаў асэнсаваць, — а якія ж інтарэсы ў Беларусі, і пачаць іх адстойваць. І калі мы ў гэтым супадаем — мы не бачым нічога кепскага».

Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што ўлада прыслухоўваецца да сваіх апанентаў

То бок, па меркаванні кіраўніцтва «ГП», гэта не «Гавары праўду» выступае «адвакатам Лукашэнкі», а беларускія ўлады нарэшце, пад ціскам эканомікі, пачалі разумець тое, што ім казалі гады таму.

Санкцыі: адмяніць нельга пакінуць

У гэтым месяцы ЕС будзе абмяркоўваць, што рабіць з санкцыямі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія былі прыпыненыя пасля прэзідэнцкіх выбараў: узнаўляць іх, пакінуць «замарожанымі», ці здымаць. Агульнавядома, што рашэнне пра прыпыненне санкцый было прынятае з разлікам на прагрэс у сінявокай наконт выбарчага заканадаўства і ўсеагульнай дэмакратызацыі. І, зразумела ж, ніякага прагрэсу ў гэтай галіне няма — хутчэй, наадварот.

Пазіцыю «ГП» у гэтым пытанні выказала Караткевіч такім чынам: «Мы выступаем за абумоўленае зняццё санкцый. Гэта азначае, што беларускія ўлады павінны першыя зрабіць пэўны крок, каб надаць жыцця нашай палітычнай сферы. І гэты крок павінен быць заўважны і незваротны. Як прыклад, гэта адмена артыкула крымінальнага кодэкса аб адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Канешне, мы лічым, што нашай краіне неабходна даваць фінансавую дапамогу, але і гэта таксама ўсё павінна быць абумоўлена… Мы яшчэ ў 2013-м годзе разам з Партыяй БНФ і Рухам «За свабоду» падпісалі ліст з назвай «Больш Еўропы для Беларусі», і зняццё санкцый — але толькі абумоўленае! — забяспечыць рэалізацыю гэтага».

Таццяна Караткевіч: зняццё санкцый павінна быць абумоўленае

Канешне, «мінімалізм» «ГП» у адносінах да ўмоваў зняцця санкцый некалькі насцярожвае. Аднак відавочна тое, што «ГП» не падтрымлівае і «безумоўнае» зняццё санкцый з боку ЕС.

Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход

Новая-старая канцэпцыя знешняй палітыкі Беларусі прымушае задумацца, наколькі ўвогуле жыццяздольная ідэя сінявокай, як самай усходняй самастойнай еўрапейскай краіны? Тут варта ўзгадаць, што Таццяна Караткевіч з’яўляецца сацыял-дэмакраткай, а ў іх галовах здаўна засела думка пра «Беларусь як мост паміж Захадам і Усходам». Як мінімум, гэтую канцэпцыю дзесяць год таму, на выбарах 2006-га года прасоўваў Аляксандр Казулін, кандыдат, па вялікім рахунку, ад сацыял-дэмакратаў.

Ідэя «другой Швейцарыі» на кантыненце, канешне, вельмі прывабная. Аднак заціснутай паміж буйнымі гульцамі — ЕС і Расіяй, — Беларусі прывесці яе ў дзеянне будзе вельмі складана. 

Каментаваць