«Гавары праўду»: Без лідара, але з імпэтам

Рада кампаніі «Гавары праўду», якая прайшла ўпершыню пасля рашэння Уладзіміра Някляева пакінуць палітыку, не дала адказ на пытанне, хто будзе новым кіраўніком. Яна ясна заявіла толькі пра адно: «Гавары праўду» працягне сваю дзейнасць.



Таццяна Караткевіч на адным з перадвыбарчых пікетаў "Гавары праўду"


Падчас брыфінгу па выніках рэспубліканскай Рады Таццяна Караткевіч адзначыла, што «Гавары праўду» стваралася і існавала, як «камандная гульня» для каманднай працы. Таму зыход з кампаніі Някляева — даволі прыкры, але не крытычны. Яна падкрэсліла, што дзейнасць «ГП», па яе выразу, «дабраславілі» такія людзі, як Генадзь Бураўкін, Генадзь Грушавы, Рыгор Барадулін і Святлана Навумава. Веліч гэтых людзей, па яе словах, ператварае пасаду кіраўніка кампаніі ў нешта сакральнае, таму актывісты ініцыятывы вырашылі зараз не абмяркоўваць тэму лідарства і пакінуць яе да з’езду.

З’езд арганізацыі запланаваны на 30 мая гэтага года. На ім будзе абраны кіраўнік арганізацыі. На пытанне, хто прэтэндуе на гэтую пасаду, намеснік кіраўніка «ГП» Андрэй Дзмітрыеў адказаў: «Прынамсі двух чалавек вы бачыце перад сабою». А значыць, пакуль што на кіраўніцтва прэтэндуюць сам Дзімітрыеў і Тацяна Караткевіч.

Пакуль што не вызначанай застаецца і іншая ініцыятыва: вылучыць Таццяну Караткевіч у якасці кандыдата на прэзідэнты ад ініцыятывы «Народны рэферэндум». Нягледзячы на тое, што СМІ ўжо тыражуюць Таццяну як кандыдатку, гэта не зусім слушна. Яе вылучэнне падтрымалі дзве структуры рэферэндумнай ініцыятывы: сама «Гавары праўду» і Партыя БНФ. Рух «За свабоду» таксама вызначыўся, што ён не будзе ўдзельнічаць у выбарах і не будзе падтрымліваць ніводнага кандыдата ў прэзідэнты. А вось яшчэ адна структура, — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) адказу на ініцыятыву па вылучэнні Караткевіч не дала. Калі БСДП (Грамада) раптам выкажацца супраць? Атрымліваецца, што Караткевіч не падтрымаюць дзве з чатырох структур, аб’яднаных «Народным рэферэндумам». І вось тады, па словах Дзмітрыева, «мы будзем думаць».

Маўчанне сацыял-дэмакратаў тым больш дзіўнае, што сама Караткевіч — сябра БСДП (Грамада).

Але, як запэўніў прысутных Дзмітрыеў, «каманда застаецца ўся цалкам, і цалкам падтрымлівае Таццяну». Каманда — гэта «Гавары праўду».

Што ж тычыцца Уладзіміра Някляева, то ў заяве Рэспубліканскай Рады «ГП» выказана «бязмерная ўдзячнасць» былому кіраўніку, «які з’яўляецца для кожнага з нас настаўнікам і маральным аўтарытэтам. Рэспубліканская Рада «Гавары праўду» разумее рашэнне Уладзіміра Пракоф’евіча спыніць сваю дзейнасць ва ўсіх апазіцыйных структурах, выкліканае немажлівасцю дэмакратычных сілаў дамовіцца пра працэдуру вызначэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары».

Але ў той жа заяве выказаная і упэўненасць, што «Уладзімір Някляеў не сыходзіць з грамадскага жыцця ўвогуле і будзе разам з намі ў камандзе Таццяны Караткевіч у выпадку, калі яна стане кандыдатам у прэзідэнты ад «Народнага рэферэндуму». Што яшчэ раз пацвярджае дзве рэчы. Першая: казаць пра тое, што Караткевіч распачала прэзідэнцкую кампанію — крыху ранавата, і другое — на дапамогу Някляева ўсё ж спадзяюцца.

Але больш «ГП» спадзяецца, напэўна, не на аднаго чалавека, а на 120 тысяч асобаў, якія паставілі свой подпіс за правядзенне «Народнага рэферэндуму». Гэта плюс «Народнага рэферэндуму»: маючы такую базу дадзеных выбаршчыкаў, сабраць 100 тысяч подпісаў за вылучэнне Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты — не праблема.

Так што адзінае, што вядома: «Гавары праўду» са «стратай Някляева» дзейнасць спыняць не збіраецца. А вось хто будзе кандыдатам, а хто «сакральным кіраўніком» — з гэтым яны яшчэ вызначацца.

Каментаваць