«Гавары праўду» ператвараецца ў рух?

Адмову ў рэгістрацыі заснавальнікі «Гавары праўду» атрымалі наўпрост перад прэс-канферэнцыяй, на якой планавалі падводзіць вынікі 2015 года. Так супала, кажуць у «Гавары праўду».



Чацвёртая адмова

Міністэрства юстыцыі аргументуе адмову ў рэгістрацыі недакладнасцямі ў пададзеных дакументах. Напрыклад, па пратаколу ўстаноўчы сход РДАГА «Гавары праўду» прайшоў 7 лістапада па адрасе Мінск, вуліца Кірава, 13, а па заяве аб дзяржаўнай рэгістрацыі, пададзенай 16 лістапада, «рашэнне аб стварэнні дадзенага грамадскага аб’яднання прынята на ўстаноўчым сходзе 4 лістапада».

«Неадпаведнасці ў вышэйадзначаных дакументах сведчаць аб тым, што заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі РДАГА «Гавары праўду», а таксама пратакол аб правядзенні ўстаноўчага сходу РДАГА «Гавары праўду» нельга лічыць сапраўднымі дакументамі». Такі вердыкт вынес начальнік упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый А.Кірычэнка.

Атрымаўшы ўжо чацвёртую па ліку адмову ў рэгістрацыі, «Гавары праўду» здавацца не збіраецца.

«Шкада, што адмовілі ў рэгістрацыі, грамадства не можа далей развівацца без альтэрнатывы. Мы будзем абскарджваць гэта ў судзе, а ў лютым пададзім новую заяўку на рэгістрацыю», — адзначыла Таццяна Караткевіч.

Рэха прэзідэнцкай кампаніі

Лідары «Гавары праўду» агучылі вынікі апытання Gallup/Baltic Surveys: яўка паводле апытання склала 74% (51% — у дзень галасавання, 21,5% — датэрмінова, 1,5% — не сталі адказваць, калі прагаласавалі), хаця Цэнтрвыбаркам абвясціў абсалютна іншыя лічбы — больш за 87%.

Аляксандр Лукашэнка набраў 51% галасоў, Таццяна Караткевіч — 19%, Сяргей Гайдукевіч — 10%, Мікалай Улаховіч — 3%, супраць усіх прагаласавалі 15% выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у выбарах, 2% не змаглі з адказам або не сталі адказваць.

Гэта азначае, што за Лукашэнку галасавала толькі 38% ад агульнага ліку выбарцаў. Калі б на выбарах быў адзіны кандыдат ад апазіцыі і да пратэставых галасоў дадаліся б тыя, хто выбары байкатаваў, Лукашэнка не набіраў бы 50%.

За Таццяну Караткевіч у часе прэзідэнцкай кампаніі–2015 прагаласавала 19%. З улікам яўкі ў 76% гэта азначае падтрымку 1 мільёна 200 тысяч чалавек, падлічылі ў кампаніі.

«Гэтыя людзі падтрымалі нашу праграму мірных перамен: развіццё дзелавой ініцыятывы, сацыяльных гарантыяў дзяржавы, выбары мэраў і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў двума, адказнае суседства і нейтральны статус Беларусі. Гэта створыць упэўненую будучыню для беларускіх сем’яў», — мяркуе Таццяна Караткевіч.

Трансфармацыя: з грамадскай кампаніі ў рух за мірныя перамены

Падчас прэс канферэнцыі было адзначана: «Гавары праўду» з грамадзянскай кампаніі становіцца грамадскім рухам за мірныя перамены. Ужо сёння ў адкрытым пытанні 7% грамадзян называюць «Гавары праўду» ў ролі той, якая лепш за ўсіх выяўляе іх інтарэсы. Гэта лепшы вынік як сярод апазіцыйных, так і праўладных арганізацый. «Гавары праўду» аб’яўляе сваёй задачай аб’яднанне той часткі грамадства, якая падтрымлівае альтэрнатыву.

З гэтай мэтай «Гавары праўду» ідзе на парламенцкую кампанію 2016 года, будзе дабівацца дыялогу на мясцовым і цэнтральным узроўні,  а таксама правядзе «Форум за мірныя перамены».

«Мы абяцалі, што выбары — толькі пачатак. І атрымалі ад людзей больш за 700 лістоў з прапановай аб дапамозе. За апошнія 2 месяцы праехалі 35 гарадоў, каб сустрэцца з кожным, хто прапанаваў працаваць разам. Мы збіраем каманду «За мірныя перамены». Мы таксама абяцалі, што будзем працягваць шукаць прыхільнікаў не толькі ў грамадстве, але і ва ўладзе, прасоўваючы праграму мірных пераменаў. Таму адразу пасля выбараў пачалі сустрэчы ў парламенце з кіраўнікамі камісій. Настойлівая просьба людзей сёння — працягваць пачатае, не спыняцца», — адзначае Андрэй Дзмітрыеў.

У сваю чаргу экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч мае намер ламаць стэрэатыпы адносна апазіцыі. «На жаль, у грамадстве склаўся стэрэатып: цяперашнія палітыкі прачынаюцца, пачынаюць стасункі з грамадзянамі раз у пяць гадоў, на выбарах. Такая практыка бесперспектыўная, мы ламаем яе. Я асабіста працягваю працаваць у рэгіёнах, як працавала і падчас выбарчай кампаніі. Людзі памятаюць і сочаць за тым, што робіць не толькі прэзідэнт, але і альтэрнатыўныя палітыкі. Таму мы будзем мяняць сітуацыю, стаўленне народа да дэмакратаў, тых альтэрнатыўных ідэяў, якія цяперашняя вертыкаль замоўчвае. Калі людзі масава павераць, што іх голас важны не толькі падчас галасавання, тады мы і зможам змяніць Беларусь», — лічыць яна.

Абмеркаванне:

  • awa
  • 2015-12-22 22:50:51
Ёсьць надзейны спосаб зарэгістравацца: трэба крыху падкарэктаваць назву, то бок, назвацца "Кажы няпраўду". А ў сузаснавальнікі заявіць АРЛ. І усё ўмомант вырашыцца.
  • ales'
  • 2015-12-23 01:08:33
гавары праўду структура кдб а не рэгіструюць бо такі сценар да наступных выбараў .

Каментаваць