Інфармацыйны тэрор і беларуская ідэалогія

Усялякая манаполія на фарміраванне грамадскай думкі спараджае інфармацыйны тэрарызм.

Не ведаю, як для каго, але асабіста для мяне часопіс «Беларуская думка» з’яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення. Сакавіцкі нумар у гэтым сэнсе не стаў выключэннем. Ужо першы артыкул з інтрыгоўнай назвай «У глабальным і рэгіянальным маштабе» прыцягнуў маю ўвагу. Яго аўтар — намеснік дзяржаўнага сакратара Рады Бяспекі РБ, генерал-маёр Юрый Арчакоў.

Пра што артыкул? Калі меркаваць па яго падзагалоўку, то «Аб разуменні праблемы інфармацыйнага тэрарызму». Больш актуальнай тэмы сёння, бадай, і не знайсці. Такая катэгарычная выснова не ўзятая мной са столі і не высмактаная з пальца. Ну як тут ні прыгадаць пра красавіцкую сустрэчу адзінага палітыка (АП) з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Абмяжуюся адной цытатай: «Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэта зброя магутней, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле забойчага ўздзеяння, не факт, што ядзерная зброя магутнейшая».

Ад ядзернай зброі, хай і гіпатэтычна, але схавацца можна. Я, напрыклад, жыву ў стандартным панельным доме на першым паверсе. У мяне пад балконам ёсць склеп, у якім увесь час захоўваюцца дзве 19-літровыя бутлі вады і камплект рэспіратараў У2К для ўсёй сям’і.

Але як супрацьстаяць інфармацыйным тэхналогіям, што паўсюдна ажыццяўляюць маніпуляванне грамадскай свядомасцю з мэтай стварэння напружанасці і хаосу? Выключыць тэлевізар? Дык я яго ўжо шмат гадоў не гляджу. Адзінае выключэнне — чэмпіянат Англіі па футболе. Грэшны, заўзею за «Манчэстар Юнайтэд».

Але ж не ўсе беларусы заўзеюць за «чырвоных д’яблаў»! Хтосьці — за «Чэлсі», хтосьці — за «Тотэнхем», а хтосьці — і за барысаўскі БАТЭ. Ці не ў гэтым крыніца дэстабілізацыі адносін паміж сацыяльнымі групоўкамі, грамадскімі аб’яднаннямі, партыямі і рухамі? І гэта далёка не поўны пералік. З дапамогай генерал-маёра Арчакова яго можна папоўніць інспіраваннем «палітычных, нацыянальных, рэлігійных канфліктаў і крызісаў» і нават дэзінфармацыяй «насельніцтва аб працы органаў улады».

І што ў выніку? У выніку — падрыў устойлівасці дзяржаў і непапраўная шкода іх жыццёва важным інтарэсам.

 

Пацук у вядры

Траціна артыкула высокарангавага аўтара, у поўнай адпаведнасці з падзагалоўкам, прысвечаная спробам зразумець вытокі праблемы, г.зн. спробам лакалізацыі месца, з якога растуць яе (праблемы) ногі. А зрабіць гэта не так лёгка, як можа здацца на першы погляд. Мяркуйце самі: «З-за малавывучанасці паняцця «інфармацыйны тэрарызм» ускладнена разуменне сапраўдных памераў і маштабаў пагроз, якія ім сфармаваныя, паколькі яны не паддаюцца падрабязнаму вымярэнню паводле фармальных прыкмет».

Няма фармальных прыкмет, няма вымярэння, няма і лічбаў (ні адной), якія характарызуюць праблему інфармацыйнага тэрарызму як у глабальным, так і рэгіянальным маштабе. Затое ёсць набор вызначэнняў, якія прэтэндуюць на навуковасць. Завяршаецца артыкул аўтарскай інавацыяй: «Інфармацыйны тэрарызм — гэта грамадска небяспечная дзейнасць, матываваная палітычнымі, рэлігійнымі ці іншымі ідэалагічнымі меркаваннямі. Сутнасць яе выяўляецца ў інфармацыйным уздзеянні на органы ўлады і грамадскую думку ў мэтах запалохвання, прымусу да пэўных дзеянняў, а таксама ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, што цягне цяжкія наступствы для розных бакоў жыццядзейнасці грамадства, дзяржавы і зніжае здольнасць соцыуму перашкодзіць гэтаму ўздзеянню».

Атрымалася дачытаць да канца? Калі так, дык хацеў бы я ведаць, якім чынам можна самую праўдзівую інфармацыю, якая распаўсюджваецца, напрыклад, дзяржаўнымі СМІ з мэтай кансалідацыі беларускага грамадства, адрозніць ад інфармацыйнага тэрарызму?

Набіраю ў пошукавіку «генерал КДБ, пацук у вядры» — і тут жа знаходжу відэа, якое ўпершыню было паказанае на сумеснай прэс-канферэнцыі КДБ, МУС і пракуратуры 16 сакавіка 2006 года. Для тых, хто ўжо забыў ці яшчэ не паспеў падрасці, нагадаю, што на відэа малады чалавек (апазіцыянер) распавёў пра тое, як яго навучылі «здзяйсняць масавае атручэнне людзей» з дапамогай дадавання ў водаправод вады з вядра, у якім папярэдне быў замочаны дохлы пацук.

Відэа падрабязна каментаваў генерал КДБ Сцяпан Сухарэнка. Паводле яго слоў, «фігурантамі па гэтай справе праходзяць не толькі людзі, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а, у асноўным, з-за мяжы».

Цікава, а пацук і вядро былі айчыннымі, або іх таемна даставілі ў краіну ў абыход мытні? Пытанне важнае, але другаснае. Асабіста мяне і маіх сямейнікаў відэаролік не толькі напалохаў, але і вымусіў да пэўных дзеянняў (тэрмінова бегчы ў краму за бутэляванай вадой). Гэтыя дзве бутлі і цяпер стаяць у мяне ў склепе. Магчыма, за 12 гадоў вада страціла свае спажывецкія ўласцівасці. Але калі гэта так — дык з каго мне патрабаваць кампенсацыю? Асабіста з Сухарэнкі або з КДБ?

 

Адзін патрон

Гісторыя з пацуком у вядры далёка не адзіная, з дапамогай якой сілавыя структуры «дзяржавы для народа» ці то застрашвалі беларусаў, ці то мабілізоўвалі на выкананне добрых спраў.

Леташні прыклад — справа «Белага легіёну». Пачыналася ўсё так, як звычайна ў нас пачынаецца, — з размахам і безапеляцыйна. 13 сакавіка «самая салідная газета» краіны апублікавала «шакуючыя прызнанні, сенсацыйныя факты і ўнікальныя дакументы аб тым, што рыхтавалася ў Мінску на 25 сакавіка» пад кідкім загалоўкам «Белы легіён чорных душаў. Журналісцкае расследаванне».

Не буду марнаваць каштоўную газетную плошчу на пералік прызнанняў, фактаў і дакументаў (кожны ахвочы здольны ў два-тры клікі зрабіць гэта самастойна), а толькі нагадаю, што «залатое пяро» беларускай журналістыкі Андрэй Мукавозчык скончыў расследаванне знакамітымі словамі з кнігі «Рэпартаж з пятлёй на шыі» Юліуса Фучыка: «Людзі, будзьце пільныя».

Я ўспрыняў гэта папярэджанне літаральна — і ўсе дні, што засталіся да злавеснай даты, стараўся не выходзіць на вуліцу. Я быў вымушаны абмежаваць свае прагулкі і пасля 25 сакавіка — аж да таго часу, пакуль «самая салідная газета» не паведаміла пра тое, што ў справе «Белага легіёну» пастаўлена кропка, і 27 лістапада «следчым прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы».

Аднак следчы відавочна паспяшаўся. Справа Андрэя Бяляўскага да суда дайшла. Ён быў прысуджаны да года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. І было за што. 24 сакавіка 2017 года падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ знайшлі ў кватэры Бяляўскага патрон да аўтамата Калашнікава. Эксперты даследавалі боепрыпас і прызналі яго баявым. У судзе абвінавачваны віну цалкам прызнаў і раскаяўся ў зробленым.

Хто ведае, якую траекторыю мог прачарціць канфіскаваны ў Бяляўскага патрон, калі б супрацоўнікі КДБ не азнаёміліся своечасова з артыкулам Мукавозчыка і не праявілі належнай пільнасці!

 

За выключэннем канструктыўных

Заходнія традыцыі ўсе больш актыўна асвойваюцца беларускім грамадствам. Сёння рэдка сустрэнеш вяселле без сябровак нявесты і без кідання вясельнага букета. Калі так пойдзе і далей, то 31 кастрычніка, на Хэлоўін, мы будзем масава скупляць гарбузы для вырабу свяцільні Джэка і прыбірацца ў касцюмы персанажаў класічных фільмаў жахаў.

Але тое, чым звычайным грамадзянам будзе дазволена займацца адзін дзень на год, родная «дзяржава для народа» практыкуе на рэгулярнай аснове на працягу многіх гадоў. Гэтакі Хэлоўін у рэжыме non-stop.


Для разумення асіметрыі, якая склалася, я звярнуся па дапамогу да культуролага Ігара Якавенкі: «Вораг неаддзельны ад змовы і здрады. Само паняцце ўнутранага ворага — гэта выключна ўстойлівы канструкт айчыннай свядомасці актуальных ці патэнцыйных здраднікаў, носьбітаў здрады. Задача палягае ў тым, каб выявіць і знішчыць актуальных здраднікаў і выразна вызначыць прастору, у якой хаваюцца патэнцыйныя здраднікі. У адну эпоху гэта былі іншаземцы, у другую — спяцы з «былых», у трэцюю — наведвальнікі кактэйль-холаў, што танчылі рок-н-рол».

Да гэтага спісу можна смела дадаць незалежныя СМІ, апазіцыйныя партыі і структуры грамадзянскай супольнасці — зразумела, за выключэннем канструктыўных, г.зн. тых, што шчодра фінансуюцца дзяржавай за кошт падаткаплацельшчыкаў.

Генерал Арчакоў у лік задач, якія ставяць перад сабой інфармацыйныя тэрарысты, уключыў і ўздзеянне на грамадскае меркаванне. Аналагічную задачу паставіў перад журналістамі дзяржаўных СМІ і адзіны палітык: «Ваша задача — фарміраваць канструктыўную (натуральна, канструктыўную, а як жа інакш. — С.Н.) грамадскую думку праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй».

Пра тое, як гэты пералік выконваецца на практыцы, добра бачна на прыкладзе «пацука ў вядры» і справы «Белага легіёну».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць