Грамадскасць не дапускаюць да дыялогу аб барацьбе з карупцыяй

Прадстаўнікі ГА БНФ “Адраджэнне” і шэрагу іншых няўрадавых арганізацыяў не дапушчаныя да ўдзелу ў семінары “Адказнасць юрыдычных асобаў за карупцыйныя правапарушэнні”, які адбудзецца 21–22 кастрычніка ў Мінску пад эгідай Савета Еўропы і Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.



Мэта мерапрыемства — падрыхтоўка спецыялістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ды ўдасканаленне іх навыкаў у выяўленні выпадкаў адказнасці юрыдычных асоб за карупцыйныя правапарушэнні. Пасля мерапрыемства ўдзельнікі мусяць  распаўсюджваць гэтыя веды сярод сваіх калег і спрыяць больш шырокай дыскусіі па гэтым прадмеце ў Беларусі. Гэтае мерапрыемства арганізуецца ў межах праекта “Належнае дзяржаўнае кіраванне і барацьба з карупцыяй”, што праводзіць Савет Еўропы за сродкі Еўрапейскага Саюза як адзін з механізмаў Усходняга партнёрства.

На прапанову БНФ “Адраджэнне” беларускім каардынатарам Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства да ўдзелу у менскім семінары была рэкамендаваная кандыдатура намесніка старшыні БНФ “Адраджэнне” Ігара Лялькова, які з’яўляецца аўтарам даследавання “Грамадскія саветы пры органах дзяржаўнага кіравання як форма ўдзелу грамадскасці ў барацьбе з карупцыяй у дзяржаўным апараце Рэспублікі Беларусь” і ўзначальвае Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, створаны ў межах праекта падтрымкі дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі “Рэфорум”. Аднак, арганізатары семінару, які заяўлены як мерапрыемства для грамадзянскай супольнасці, не пажадалі бачыць на ім аўтара адной з нешматлікіх выдадзеных у Беларусі кніг па тэме семінара.

Сітуацыю з нядопускам грамадскасці да менскага мерапрыемства 21-22 кастрычніка каментуе Ігар Лялькоў:

— Наколькі мне вядома, мая кандыдатура  была адхіленая арганізатарамі семінару з прычыны “залішняй палітызаванасці”, а шэрагу іншых экспертаў было адмоўлена з той прычыны, што яны прадстаўляюць незарэгістраваныя грамадскія структуры.

Я далёкі ад думкі, што Савет Еўропы змяніў сваё стаўленне да пытання дыялогу і свабоднага развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Хутчэй можна казаць, што пры арганізацыі гэтага семінара Савет Еўропы свядома вырашыў падпарадкавацца стандартам беларускай пракуратуры — ніякай альтэрнатыўнай думкі, ніякіх крытычных заўвагаў, ніякай іншай пазіцыі, апроч афіцыйна дазволенай. Прыкра, што агульнаеўрапейская арганізацыя, створаная для абароны правоў чалавека, выштурхоўвае са сваіх мерапрыемстваў прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Я перакананы, толькі належны і адкрыты для грамадскасці працэс абмеркавання праблемы карупцыі дазволіць выпрацоўваць эфектыўныя механізмы змагання з гэтым злом. Роля грамадскасці ды СМІ ў гэтай барацьбе не менш важная, чым роля праваахоўных органаў — пры ўмове, што гэта сапраўдная, а не кантраляваная дзяржавай грамадзянская супольнасць.

Мне падаецца, што выпадак з селектыўным адборам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці для грамадскага дыялогу яскрава сведчыць, што ніякай барацьбы з карупцыяй сённяшняя ўлада рабіць не збіраецца. Гучна абвешчанае нядаўна грамадскае абмеркаванне новага закона “Аб барацьбе з карупцыяй” ёсць такой жа бутафорыяй, якая пакліканая стварыць ілюзію грамадскага абмеркавання там, дзе аніякае альтэрнатыўнае меркаванне не дапускаецца.

Прэс-служба БНФ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць