Грамчэй крычым, горай жывем

З выдачай Расіі топ-менеджара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера «калійная вайна» не скончылася. Але афіцыйная ўлада Беларусі робіць выгляд, што выдатна працуе і без «Уралкалія».



У панядзелак кіраўнік Беларускай калійнай кампаніі (БКК) Канстанцін Дзедук заявіў: «Зараз мы набіраем абароты. У кастрычніку БКК выканала запланаваныя аб’ёмы пастаўкі і рэалізавала больш за 400 тысяч тон калійных угнаенняў, што перавышае аб’ёмы продажу прадукцыі ААТ «Беларуськалій» у 2012 годзе. Гэта значыць, па аб’ёмах кастрычніка 2013-ы год лепшы, чым кастрычнік 2012-га, калі праца вялася разам з расійскімі партнёрамі».

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам таксама «разганяў», што Беларусь акрыяла ад развалу калійнага картэлю, і БКК удалося стабілізаваць экспарт калію. «Я атрымліваю інфармацыю, што ў агульным мы выйшлі з таго стану, які нам дастаўся ад расійцаў. І ў гэтым годзе мы атрымаем дзесьці больш за 2 мільярды долараў даходаў толькі ад продажу калійных угнаенняў. Гэта нядрэнны вынік, асабліва ўлічваючы тое, што на рынку калійных угнаенняў усё няпроста», — заявіў Лукашэнка.

Але ці так усё добра на самай справе? І калі так добра, то чаму Беларусь упарта працягвае настойваць на тым, каб «Уралкалій» ізноў уліўся ў БКК?

Ужо не першы раз Беларусь працягвае расійскім кідалам сваю шчырую мазолістую руку. У той жа панядзелак першы намеснік гендырэктара БКК Аляксандр Палякоў заявіў, што БКК гатовая да аднаўлення супрацоўніцтва пасля змены ўладальніка «Уралкалія». «Для рынку наяўнасць дамоўленасці паміж беларускім і расійскім бокам — гэта пазітыўна, гэтага нават чакаюць. Мы гатовыя да гэтага, не закрытыя», — заявіў Палякоў.

Пэўна, БКК не кідае спадзеваў ізноў «заручыцца» з «Уралкаліем», менавіта таму, што ў заявах беларускага боку больш аптымізму, чым праўды.

Напрыклад, Дзедук сцвярджае, што БКК удалося захаваць усю геаграфію паставак, хоць некаторыя рынкі для беларускай кампаніі «спрабавалі зачыніць калі не назаўсёды, то надоўга». Па словах Дзедука, на сёння БКК практычна аднавіла сваю долю на рынку, а ў 2014 годзе плануе пашырыць спіс краін, куды ажыццяўляюцца пастаўкі.

Аднак паводле дадзеных незалежных экспертаў, усе новыя тэндары ў ключавых рэгіёнах збыту (Індыя, Кітай і Бразілія) выйгравала менавіта расійская кампанія. Ва «Уралкалія» гэта атрымоўваецца лепш з-за больш гнуткай коштавай палітыкі, у той час як беларускае прадпрыемства вымушана трымаць больш высокія цэны, выконваючы ўказанне ўладаў Беларусі.

Але тэндэры — гэта будучыя пастаўкі. Канешне, важныя, але гэта не зараз. Зараз жа, па дадзеных кампаніі «Fertecon», беларускія пастаўкі калію на такі буйны рынак, як Бразілія, у кастрычніку 2013 склалі толькі 47,99 тысячы тон, у той час як у кастрычніку 2012 года аб’ёмы былі 270,14 тысячы тон. Пастаўкі ў Бразілію беларускага калію ў больш працяглы перыяд, са студзеня па кастрычнік, таксама значна адрозніваюцца па аб’ёмах: 1,05 мільёна тон у бягучым годзе супраць 1,368 мільёна тон у мінулым.

Абвяргаюць аптымістычныя настроі нават лічбы беларускага Нацыянальнага статыстычнага камітэта, хаця ад яго мы ўжо прызвычаіліся атрымліваць «вясёлкавыя» лічбы. Паводле Белстата, у студзені-верасні 2013 года Беларусь знізіла экспарт калійных угнаенняў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да 2,687 мільёна тон (у пераліку на актыўнае рэчыва) — на 10,6%. За студзень-верасень ад экспарту калію мы атрымалі валютную выручку ў 1,694 мільярда долараў. Між тым, валютная выручка ад экспарту калію за 9 месяцаў 2012 года склала 2,2 мільярда долараў, а ўсяго ў 2012 годзе сума ад экспарту калію склала 2,7 мільярда долараў.

Атрымаць за кастрычнік-снежань яшчэ 1 мільярд долараў — ці выканальная гэта задача?

Зрэшты, ёсць пытанне, наколькі сапраўды ўдалым аказаўся кастрычнік для беларускага экспарту калію. Здаецца, прэзідэнту хтосьці ў чарговы раз «уцірае акуляры». І ўцірае звыклым чынам: прыпісваючы адпраўлены, але не прададзены экспарт. Так, у кастрычніку БКК скіравала марское судна з 50 тысячамі тон калію на борце на свой склад у Кітай, унёсшы гэтыя 50 тысяч тон у агульны аб’ём экспарту. Гэтыя ўгнаенні да гэтага часу не прададзеныя і знаходзяцца там жа, на складзе. Пры гэтым трэба ўлічваць, што 50 тысяч тон — гэта аж восьмая (!) частка нібыта «экспарту» БКК за кастрычнік.

Дарэчы, аптымістычныя заявы Аляксандра Рыгоравіча і без таго разыходзяцца з ягонымі раней сказанымі словамі. Лукашэнка казаў, што Беларусь у сувязі з выхадам «Уралкалія» з БКК страціла ад 1,5 да 2 мільярдаў долараў. Пры гэтым Расія, паводле яго слоў, страціла больш за 3 мільярды долараў. Такім чынам, выхад на 2 мільярды долараў можна лічыць усяго толькі пакрыццём стратаў, і выхадам на нуль. А ніяк не прарывам у калійнай галіне.

Таму беларускі бок і праяўляе такую «звышзацікаўленасць» у далейшым супрацоўніцтве з расійскай кампаніяй. Здабыць калій — гэта яшчэ не ўсё. Трэба яго яшчэ і прадаць. А з гэтым у нас, як звычайна, праблемы.

Дарэчы, будучыня БКК і беларускага экспарту зараз вельмі цмяная. І падаецца, што там зразумелі: Беларусі СП з «Уралкаліем» патрэбна больш, чым самому «Уралкалію». А значыць, нам можна дыктаваць умовы. «Наша кіраўніцтва раней з нагоды аднаўлення супрацоўніцтва неаднаразова заяўляла, што мы прымем любую здзелку, выгадную для кампаніі», — сказалі ва «Уралкаліі» на чарговыя прапановы беларусаў.

То бок, вырашаць, на якіх умовах нам супрацоўнічаць, у значнай ступені будзем не мы. Дык ці варта зноў улазіць у невядомую шэрую схему?

А пакуль толькі ў чарговы раз пацвердзілася беларуская народная прыкмета: чым грамчэй кіраўніцтва крычыць пра свае поспехі, тым горай стан рэчаў на самай справе.

Каментаваць