Грошы патрэбны ў купюрах, а не ў дамоўленасцях

У Сочы беларускага кіраўніка цікавіла, ці падтрымае Масква беларускую эканоміку



Яшчэ пару тыдняў таму прамільгнула паведамленне пра тэлефонную размову Пуціна і Лукашэнкі, дзе адзначалася, што кіраўнікі Расіі і Беларусі дамовіліся правесці двухбаковую сустрэчу. Менавіта гэтая сустрэча і адбылася ў Сочы.

Зараз прэс-служба Лукашэнкі спрабуе нас пераканаць, што высокія бакі некалькі гадзінаў абмяркоўвалі павестку дня маючага адбыцца ў лютым Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У што верыць, пэўна, толькі сталая аўдыторыя БТ.

Што паабяцаў Пуцін Лукашэнку? Ці выдасць Масква новы крэдыт сінявокай? Ці атрымаем мы грошы? Адказ на гэта можна знайсці ў апошніх дзеяннях вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва.

Па-першае, Лукашэнка заявіў, што «прэзідэнт Расіі і прэм'ер не толькі паабяцалі, але прынялі рашэнне аб падтрымцы, як бы ні было складана ў Расіі, эканомікі Беларусі». Аднак засталося невядомым, якія рашэнні адносна падтрымкі эканомікі Беларусі былі прынятыя. Зазвычай, беларускі кіраўнік хваліцца сваімі дасягненнямі, называючы пэўную колькасць грошай. Як гэта было, напрыклад, у маі 2014 года, калі таксама выйшла абвастрэнне з выдачай грошай: тады Лукашэнка агучыў дамоўленасць на двухмільярдны крэдыт. Зараз пра канкрэтную суму — маўчок.

Па-другое, нешта Пуцін усё ж такі паабяцаў, бо раней беларускае кіраўніцтва ледзьве не сцялілася перад МВФ. Пасля візіту ў Сочы рыторыка ў дачыненні да гэтага фонду крыху змянілася. На сустрэчы з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем 8 лютага Лукашэнка адзначыў, канешне, што МВФ не ўносіць Беларусі незразумелыя і непатрэбныя прапановы, і «мы будзем рэалізоўваць іх прапановы, як бы ні было складана». Аднак у той жа час адзначыў, што «весці перамовы з імі трэба з улікам нашых пазіцый… Калі пойдуць на падтрымку Беларусі, пра якую мы запытвалі, — дзякуй, не пойдуць, значыць, не пойдуць».

Па-трэцяе, кіраўнік Беларусі даручыў Макею ўзмацніць працу па засваенні кітайскага фінансавання ў аб’ёме 7 мільярдаў долараў, які выдаткоўваецца пад звязаныя праекты.

І чацверты момант. Нароўні з тым, што казалася, можна ацэньваць і тое, што не казалася. Напрыклад, нідзе — ні ў расійскіх СМІ, ні ў беларускіх — не было агучана, а чаго ж  Расія захацела і атрымала ўзамен на «рашэнне падтрымаць беларускую эканоміку». У нас багата ёсць чаго прадаць: магчымая расійская авіябаза, падтрымка Расіі ў пытаннях санкцыяў з Еўропай, адмена зоны свабоднага гандлю з Украінай (Масква гэта зрабіла, сінявокая — не), і гэтак далей. Можна нават глытнуць нейкую таблетку, што стымулюе працу мозга, і ўзгадаць пытанне прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Вось пра ўмовы Расіі ў абмен на падтрымку — ані слова. Чаму?

Хутчэй за ўсё, Пуцін і Мядзведзеў, з якімі Лукашэнка сустракаўся ў Сочы, сапраўды паабяцалі і прынялі рашэнне пра нейкую падтрымку беларускай эканомікі. Але гэтыя рашэнні, насуперак чаканням, гэтым разам былі, так бы мовіць, «не грашовымі». Магчыма, разглядаўся нейкі спрошчаны доступ беларускіх тавараў на расійскі рынак, магчыма, абмяркоўвалася падзенне ўзаемнага таваразвароту. Можа быць, у гэтым былі дасягнутыя «рашэнні аб падтрымцы беларускай эканомікі». Але насамрэч, эканоміку гэта не ўратуе. Попыт на беларускую прадукцыю знізіўся таму, што ў Расіі самой скончыліся грошы, і яна зараз лічыць кожны долар. А таму тройчы падумае, «купляць беларускае», альбо больш якасныя іншыя тавары, якія завозяцца туды ў межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі. У якую мы, дарэчы, так і не ўступілі.

Лукашэнку ж патрэбныя жывыя грошы. У гэтым годзе мы павінны выплаціць па ранейшых крэдытах 3,3 мільярда долараў. На 1 лютага ўсе ЗВР Беларусі, падлічаныя па методыцы МВФ, склалі $4 мільярды. То бок, нам ледзь-ледзь хопіць расплаціцца па даўгах за гэты год, а ў 2017-м прыйдзецца абвясціць дэфолт краіны.

Таму грошы жыццёва неабходныя. І, прычым, у купюрах, а не ў магчымасцях. А да гэтага сочынскія дамоўленасці, відаць, не дайшлі.

Магчыма, што ў Сочы былі агучаныя патрабаванні і ўмовы бакоў. Аляксандр Рыгоравіч выказаў Уладзіміру Уладзіміравічу, колькі і на якіх умовах ён бы хацеў атрымаць. А Уладзімір Уладзіміравіч выказаў Аляксандру Рыгоравіч, колькі і на якіх умовах ён згодны даць. Тым больш, што ў Расіі самой з грошамі напружана. На гэтым высокія дамоўныя бакі раз’ехаліся па сваіх вотчынах — думаць далей. Каб выпрацаваць кампраміснае рашэнне, што, мажліва, будзе прынятае на тым самым ВДС Саюзнай дзяржавы, пасяджэнне якога павінна адбыцца цягам гэтага месяца.

Зразумела, канешне, калі нешта не здарыцца. 

Каментаваць