Хто куды паедзе летам?

Прыйшло лета і прымусіла ўсіх знізіць актыўнасць у стварэнні праблемаў і іх развязванні. Але ўсё ж былі некаторыя навіны, якія цягнуць на маленькія сенсацыі.

Напрыклад, у мінулы аўторак прэс-служба кіраўніка нашай дзяржавы паведаміла пра тэлефонную размову Аляксандра Лукашэнкі і федэральнага канцлера Аўстрыі Себасцьян Курца. Адзначаецца, што размова адбылася па ініцыятыве аўстрыйскага боку, і паведамляецца, што Курц запрасіў Лукашэнку наведаць Аўстрыю. Кіраўнік Беларусі, зразумела, гэтае запрашэнне прыняў, і ў сваю чаргу запрасіў Куртца прыехаць у Беларусь у суправаджэнні дзелавых колаў, паведаміла прэс-служба.

Калі гэта быў не своеасаблівы пратакольны абмен запрашэннямі, то візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю будзе ледзьве не гістарычнай падзеяй. Пасля разгону Плошчы ў 2010 годзе Еўрасаюз наклаў на кіраўніка Беларусі санкцыі, яго лічылі ізгоем. Толькі ў пачатку 2016 года Лукашэнка перастаў быць «неўязным» у ЕС. Вясной таго ж года ён наведаў Ватыкан, але гэта не было афіцыйным візітам у краіну Еўрасаюза. Зараз жа, цалкам магчыма, адбудзецца першы за шмат гадоў візіт беларускага правадыра ў Еўропу.

Аналітыкі пачалі чухаць патыліцы: чаму менавіта Аўстрыя? Некаторыя кажуць, што справа палягае ў інтарэсах аўстрыйскага бізнесу ў Сінявокай. Самыя яскравыя прыклады — «Прыёрбанк», які ўваходзіць у склад аўстрыйскай групы Raiffeisen International, кампанія Velcom, якая з’яўляецца структурай аўстрыйскага холдынгу Telekom Austria Group. Акрамя таго, непасрэдна Себасцьян Курц ужо даволі добра знаёмы з кіраўніком Беларусі. У Мінску ён сустракаўся з Лукашэнкам у 2015 і 2017 гадах у якасці федэральнага міністра замежных спраў. У канцы мінулага года 31-гадовы Курц быў абраны канцлерам і, мабыць, вырашыў даць кіраўніку Беларусі шанец.

А можа быць, проста іншыя палітыкі ў ЕС не хацелі б рызыкаваць сваёй рэпутацыяй, запрашаючы Лукашэнку. У Аўстрыі ж урад складаюць кансерватары ў кааліцыі з сумнавядомай і, можна сказаць, ультраправай Аўстрыйскай партыяй свабоды. Таму іх рэпутацыя хвалюе менш, і, можа быць, яны б хацелі і навучыцца чаму-небудзь у Аляксандра Рыгоравіча ў кіраванні краінай.

Але, калі беларускі кіраўнік усё ж пажадае наведаць Вену, яму трэба быць максімальна асцярожным. Бо інцыдэнты здараюцца і з людзьмі не такога ўзроўню.

Міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі сустракаўся 28 мая ў Мадрыдзе з міністрам юстыцыі Іспаніі. Але атрымалася сустрэча не толькі з калегам па працы. Напаўаголеная дзяўчына з руху «Femen» выйшла на акцыю перад каралеўскім міністэрствам юстыцыі з плакатам «Жыве Беларусь! Without Lukashenko!» і з надпісамі на целе на іспанскай і на англійскай мовах з заклікамі адстаўкі кіраўніка Беларусі.

І гэта прыехаў усяго міністр юстыцыі. Што будзе, калі ў Еўрасаюз паедзе Аляксандр Рыгоравіч персанальна — тут і ўявіць цяжкавата.

Тым больш, што краіна працягвае дражніць той самы Еўрасаюз, ігнаруючы базавыя для яго каштоўнасці.

На тыдні высветлілася, што ў Беларусі прыведзеныя ў выкананне два чарговыя смяротныя прысуды. Прычым, пра гэтую справу паведамілі не ўлады. Гэта стала вядома падчас разгляду ў Вярхоўным судзе апеляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, якія атрымалі смяротны прысуд за забойства трох чалавек.

У працэсе Сухарка распавёў: «Я сядзеў у камеры смяротнікаў, для якіх прысуд ужо набыў законную моц. З 15 на 16 мая забралі з камеры Міхаленю і Летава».

33-гадовы Аляксей Міхаленя быў прыгавораны да пакарання смерцю за забойства двух суседзяў-пенсіянераў. Забойства адбылося ў сакавіку 2016-га ў Нароўлі: у двары прыватнага дома знайшлі 59-гадовага пенсіянера, а ў склепе — яго 61-гадовую сястру. Абвінавачаны раней судзімы за крадзеж і забойства ў падлеткавым узросце. Пра прысуд 31-гадоваму Віктару Летаву было вядома ад праваабаронцаў. Ён быў вынесены восенню 2017 года, злачынства адбылося ў ВК-13 Глыбокае. Летаў, адбываючы пакаранне за забойства, забіў у калоніі іншага асуджанага.

Нагадаем, Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне, і за гэта вельмі моцна крытыкуецца Еўрасаюзам. І гэтым разам Еўропа адрэагавала: паведамленне пра яшчэ двух пакараных смерцю ў Беларусі «носяць трывожны характар», гаворыцца ў заяве прэс-сакратара генеральнага сакратара Рады Еўропы Дэніэла Хольтгена. «Савет Еўропы заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго канчатковай ліквідацыі. У Еўропе смяротнай кары няма месца», — гаворыцца ў каментары прадстаўніка Савета Еўропы.

На такім фоне Аляксандру Рыгоравічу будзе складана ехаць у ЕС. Варта пачакаць, пакуль жарсці ўціхамірацца.

Тым больш, што на носе ў яго — візіт Уладзіміра Пуціна. На тыдні сталіцу Беларусі з двухдзённым візітам наведаў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Ён сустракаўся са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем і, канешне ж, з Лукашэнкам.

Пакуль пра візіт Пуціна ў Мінск нічога не чуваць, але палітолагі мяркуюць, што прыезд Лаўрова — гэта і ёсць падрыхтоўка да візіту ў Мінск расійскага кіраўніка. «Спецыфіка беларуска-расійскіх адносін складаецца ў тым, што нават многія тэхнічныя праблемы ўзаемадзеяння вырашаюцца на вышэйшым палітычным узроўні. Да прыкладу, без сустрэч кіраўнікоў часцяком не атрымліваецца разруліць гандлё­ва-эканамічныя спрэчкі. Прыезд Пуціна ў Мінск для Лукашэнкі вельмі пажаданы», — кажа, напрыклад, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

А яго калега Валерый Карбалевіч пісаў пра такі візіт і звязаныя з ім праблемы ў «Новым Часе» яшчэ тры тыдні таму.

Пуціну ёсць чым пацікавіцца ў Беларусі. Напрыклад, маштабным форумам «Мінскі дыялог», на якім было шмат гасцей з «варожага Захаду». А ў беларускага боку ёсць да кіраўніка Расіі пытанні па фармаванні газавых цэнаў. На мінулым тыдні Уладзімір Сямашка адправіў чарговы ліст намесніку старшыні ўрада Расіі Дзмітрыю Казаку з прапановай вызначыцца наконт працягу перамоваў па цане на газ. «Для таго, каб вызначыць формулу цэнаўтварэння пры стварэнні адзінага еўразійскага рынку электраэнергіі і адзінага рынку нафты і газу», — сказаў Сямашка.

Карацей, калі лідары краін куды і паедуць, то не ў адпачынак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць