Іх «Іскандэры» стануць нашымі

Беларусь могуць уцягнць у чарговую «гонку ўзбраенняў» паміж Расіяй і Захадам. Гэта можа нанесці моцны ўдар па тым самым «замірэнні з Захадам», якое з такой цяжкасцю пачалося і так марудна прасоўваецца.


Візіт у Мінск расійскага міністра замежных спраў выглядае дзіўнавата. За некалькі дзён да візіту Лаўрова ў Мінск у Магілёве адбылося пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Па рэгламенце, туды ўваходзяць таксама міністры замежных спраў Расіі і Беларусі. Падаецца, на гэтым пасяджэнні маглі быць абмеркаваныя ўсе «праблемныя пытанні» як двухбаковых адносінаў, так і супольнай дыпламатычнай палітыкі абедзвюх краін.

 

Варта заўважыць таксама, што 8 красавіка ў Маскве адбылося і пасяджэнне Савета Міністраў замежных спраў СНД. Дык няўжо за дзве сустрэчы цягам месяца Лаўроў і Макей не маглі вырашыць свае пытанні?

 

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Лаўровым сказаў, што, нягледзячы на шчырую ягоную размову з расійскім прэм’ерам Дзмітрыем Мядзведзевым у межах таго ж саюзнага Саўміну, «чарговы раз ёсць магчымасць абмеркаваць і канкрэтызаваць некаторыя пытанні, праблемы, магчыма, якія ўзнікаюць у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі». Гэта дзіўна, бо Макей, сустракаючыся з тым жа Лаўровым, адзначыў, што ў Беларусі і Расіі сёння няма ніякіх разыходжанняў у двухбаковых адносінах і «ёсць дакладнае разуменне таго, як нам рухацца далей, якія праблемы вырашаць і ў нашых двухбаковых адносінах, і ў інтэграцыйных аб'яднаннях».

 

Дык ёсць у нас пытанні і праблемы, ці няма? Альбо Макей не ведае тое, што ведае Лукашэнка?

 

Для Расіі сапраўды ёсць праблема — пашырэнне NАТO на Усход. ЗША ўвялі ў дзеянне базу супрацьракетнай абароны ў Румыніі і пачалі будаўніцтва падобнага аб’екта ў Польшчы. Пуцін наконт гэтага ўжо выказаўся: ён не лічыць супрацьракетныя базы абарончымі, а ўважае іх за наступальныя. Маскве патрэбны сіметрычны адказ.

 

Які адказ яна можа даць? Рашэнне размясціць тактычныя комплексы «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці ўжо прынятае ў адказ на папярэднія дзеянні NАТO: пераўзбраенне войскаў Паўночнаатлантычнага альянсу ў Германіі. Таксама, паводле звестках Генштабу Украіны, комплексы «Іскандэр» з’яўляліся ў Крыме. Больш плацдармаў для «адэкватнага адказу на выклікі NАТO» ў Расіі няма — за выключэннем Беларусі.

 

Але ж Беларусь апошнім часам праводзіць актыўную палітыку замірэння з Захадам. У нас пакуль не створана расійская авіяцыйная база. А вось «Іскандэры» — іншая справа. Лукашэнка неаднаразова марыў пра тое, каб такое ўзбраенне было ў беларускай арміі.


vpk-news.ru


Яшчэ ў 2008 годзе The Wall Street Journal цытавала беларускага кіраўніка, які казаў пра неабходнасць размяшчэння тактычных комплексаў у краіне. «Калі нават Расія не прадставіць гэтыя ракеты, то мы іх закупім самі, — казаў ён. — Зараз у нас для гэтага няма фондаў, аднак я адкрыю сакрэт: атрыманне падобнай зброі з’яўляецца часткай нашага плана».

 

Справа не толькі ў тым, што на тое, каб купляць «Іскандэры» ні тады, ні тым больш зараз, няма грошай. Экспартны варыянт гэтых комплексаў істотна абмежаваны: ягоная далёкасць паражэння — 280 кіламетраў. У той час, як Сінявокая стварыла свой ракетны комплекс «Паланэз» з далёкасцю 200 кіламетраў. Канешне, «лішнія» 80 кіламетраў у тэарэтычным вайсковым супрацьстаянні лішнімі не бываюць, аднак у гэтым рэчышчы «экспартны варыянт» крыху губляе сэнс. Відавочна, што Мінск зацікаўлены ў «расійскім варыянце» «Іскандэраў» з далёкасцю 500–700 кіламетраў.

 

Пытанне ў тым, што Расія не вельмі жадае перадаваць «саюзніку» эксклюзіўнае ўзбраенне. Падобна на тое, што «старэйшы брат» з першага разу засвоіў урок 1995-га, калі беларусы прадалі ЗША найсучаснейшы на той момант супрацьпаветраны комплекс С-300, рассакрэціўшы тым самым шмат якія ноў-хаў расійскага ўзбраення.

 

Такім чынам, у нас ёсць два пытанні. Першае: беларускія будуць «Іскандэры» ў краіне, альбо гэта будзе расійская база? Бо, па жаданні размясціць іх у краіне згода, пэўна, маецца. І другое пытанне: што страціць у выніку Беларусь? Яна апынецца ўцягнутай у чарговую «гонку ўзбраенняў» паміж Расіяй і Захадам. Гэта можа нанесці моцны ўдар па тым самым «замірэнні з Захадам», якое з такой цяжкасцю пачалося і так марудна прасоўваецца. Гэта і ўдар па «нейтральнасці» краіны і іміджу «міратворцы», прынамсі, у расійска-ўкраінскім канфлікце. Ну і, зразумела, «Іскандэры» становяцца вайсковай мэтай першага ўдару ў якасці ўзброенага канфлікту, бо могуць несці і ядзернае «начынне».

 

Напэўна, Мінск лічыць, што гэтыя страты Расія павінна кампенсаваць. Ці выпадкова ў гэты ж час абвастрылася тэма кошту расійскага газу для Беларусі?

 

Імаверна, утрасаючы гэтыя пытанні, Лаўроў з Макеем і ездзяць туды-сюды, выбраўшы квоту ўзаемных сустрэчаў на паўгода наперад. Бо сам Макей прызнаваўся: зазвычай яны з Лаўровым сустракаюцца два разы на год. Сёлета сустрэча была ўжо трэцяй. І, пэўна, не апошняй у гэтым годзе.

 

Каментаваць