Інавацыйнасць у рэпрэсіях. Справа антыфашыстаў

Перад страхам масавых пратэстаў улада зноў раскручвае хвалю рэпрэсій. Паказальнай з'яўляецца справа антыфашыстаў, фанатаў ужо неіснуючага футбольнага клуба «Партызан». Але гэта не адзіны напрамак інавацыйнай дзейнасці рэпрэсіўнага апарату.

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя ў падтрымку антыфашыстаў. Фота Palitviazni.info

Але актыўнасць праваахоўных органаў у сферы палітычных рэпрэсій часам сапраўды здзіўляе. Мілітарныя арганізацыі апазіцыі былі разгромленыя яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў, як, прынамсі, і моцныя палітычныя рухі. Колькасць радыкалаў усіх разнавіднасцяў — бадай, меншая, чым у любой з еўрапейскіх краін. Здавалася б, можна адпачываць, але гэта запатрабавала б скарачэння колькасці карнага апарату і, сярод іншых наступстваў, незадаволенасць вялікай колькасці звольненых сілавікоў.

Таму, каб не працаваць ухаластую, міліцыянты і КДБ працуюць на папярэджанне і б’юць па тых катэгорыях насельніцтва, якія яшчэ ніколі не былі ўцягнутыя ў пратэст, але могуць уцягнуцца ў яго калі-небудзь пры спрыяльных умовах. І ў гэтай сферы рэчаіснасць падкідвае чэкістам і іх сябрам з ГУБАЗіКу ўсё новыя выклікі.

Шмат чаму аператыўнікаў навучыў Майдан. Ад самага пачатку вулічных пратэстаў (і асабліва баявых дзеянняў), істотным рухавіком яго былі футбольныя фанаты. Субкультура футбольных заўзятараў увогуле замешаная на гвалце і нянавісці да міліцыянтаў, таму на Майдане гэтыя якасці прыйшліся вельмі дарэчы. Супаставіўшы фактары і зразумеўшы, што беларускія «хулс» таксама настроеныя да ўлады, мякка кажучы, скептычна, рэпрэсіўныя структуры ўзяліся за іх распрацоўку.

Што характэрна, пад каток рэпрэсій трапілі ў аднолькавай ступені як ультраправыя фанаты, так і антыфашысты. І калі пра рэпрэсіі ў дачыненні да неанацыстаў прэса і праваабаронцы амаль не кажуць (што і не дзіўна — цяжка спачуваць таму, хто сам хоча палову свету адправіць у газавыя камеры), дык футбольныя фанаты-антыфа маюць якую-ніякую падтрымку. ГУБАЗіК і КДБ ж сваіх ахвяраў выбіралі не па палітычных поглядах, а па велічыні каляфутбольных груповак.


Самы раскручаны ў СМІ эпізод гэтых рэпрэсій — справа заўзятараў ужо не існуючага футбольнага клуба «Партызан». Сёння, 10 сакавіка, ім павінны агучыць прысуд.

На лаве падсудных — шэсць чалавек, віну прызнае толькі адзін. Паводле матэрыялаў справы, яны ўчынілі бойку ў тралейбусе з фанатамі мінскага «Тарпеда». Таксама фігуруюць эпізоды аб наркотыках і незаконных арганізацыях. Падчас судовых спрэчак пракурор запрасіў для абвінавачаных да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, 29 ліпеня 2014-га група футбольных фанатаў «Партызана» заблакавала тралейбус, у якім ехалі заўзятары «Тарпеда». Токапрыёмнікі тралейбуса былі знятыя, а ў салоне распылены слезацечны газ. Бойка была нядоўгай, і ніхто з яе ўдзельнікаў сур’ёзна не пацярпеў. Праз некалькі дзён МУС паведаміў аб затрыманні 5 заўзятараў «Партызана». Усіх іх адпусцілі без прад’яўлення абвінавачанняў.

Але ў хуткім часе знешнепалітычная сітуацыя змянілася — і з апісаных вышэй прычын (Украіна) пра справу вырашылі ўзгадаць. Увосень 2015-га справу перадалі аддзелу ГУБАЗ па барацьбе з экстрэмізмам і аддзелу па цяжкіх справах (!) гарадскога следчага камітэту. Нагадаем: гаворка ідзе пра звычайную вулічную бойку, якія ў Мінску адбываюцца ледзь не штотыдзень.

У студзені 2016-га да праваабаронцаў звярнуўся хлопец, які паведаміў, што ГУБАЗаўцы ціснуць на яго ў сувязі з гэтай справай. Ён даў прызнальныя паказанні, але хутка ад іх адмовіўся. Таксама ў справе фігуруюць сведкі, затрыманыя за распаўсюд наркотыкаў (улічваючы, што гэты артыкул прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі, можна зразумець, наколькі ахвотна такая асоба будзе сведчыць пра ўсё, што захоча следчы). Цягам наступных 7 месяцаў па справе затрымалі, прад’явілі абвінавачанні і адправілі ў СІЗА 4-х футбольных заўзятараў «Партызана». Дапытвалі дзясяткі.

Па словах праваабаронцы Анастасіі Лойка, па справе праходзіць сем пацярпелых, адзін з іх цяпер адбывае пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў. Пацярпелыя заявы на абвінавачаных не пісалі. У судзе яны заявілі, што прэтэнзій да іх не маюць і прасілі строга не караць, максімум — даць папраўчыя работы.

Прадпрыемства «Мінсктранс» адмовілася ад грамадзянскага пазову, бо абвінавачаныя даўно згасілі нанесеныя страты.

Антыфашысты Ілля Валавік, Вадзім Бойка і Філіп Іваноў. Плакат з патрабаваннем вызваліць антыфашыстаў у суполцы "УКантакце" "Наша справа"

Галоўным фігурантам з’яўляецца Ілля Валавік, фанат футбольнага клуба «Партызан» і антыфашыст па сваіх поглядах. Ён, паводле версіі абвінавачвання, быў кіраўніком шасці незарэгістраваных арганізацый, якія заклікалі да гвалту, і пасягаў на правы грамадзян. То бок дзеля такой справы ГУБАЗаўцы выцягнулі з пыльнай шафы падзабыты ўжо артыкул 193 — «Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду, альбо удзел у іх», па якім у свой час судзілі Зміцера Дашкевіча. Вось некаторыя назвы «арганiзацый»: «Хеўра», «Першая Кроў», «Red-White Hunters», «New school band». Гэта фанацкія групы ў сацсетках, але праваахоўнікі настойваюць, што Валовік, выкарыстоўваючы інтэрнэт, арганізоўваў ледзь не атрады байцоў, якія павінны былі змагацца з ідэалагічнымі праціўнікамі. Пракурор просіць даць Валавіку да 10 гадоў калоніі.

Вадзім Бойка — фігуруе як «дзёрзкі хуліган». Яму дзяржабвінаваўца запрасіў пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама пад вартай знаходзяцца Арцём Краўчанка і Андрэй Чартовіч. Першага абвінавачваюць не толькі ў хуліганстве, але і ў захоўванні і распаўсюдзе наркотыкаў. Другога — толькі ў распаўсюдзе. На думку пракурора, ім варта прызначыць пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі.

На волі знаходзяцца Зміцер Цехановіч і Філіп Іваноў.

Крымінальная справа налічвае 36 тамоў, абвінавачаныя ўжо больш за 10 месяцаў знаходзяцца пад вартай.

Але гэтая справа — толькі вяршыня айсбергу. Па маіх дадзеных, на гэты момант у турмах сядзяць не менш за 10 футбольных заўзятараў «Партызана». Спектр артыкулаў уражвае: ад ухілення ад выплаты падаткаў, да захоўвання наркотыкаў і распаўсюду парнаграфіі. Як мінімум частка гэтых спраў (як, напрыклад, справа з «распаўсюдам парнаграфіі») з’яўляюцца вынікам аператыўнай правакацыі.

Ці выпадкова, што шэрагам гэтых спраў займаюцца адны і тыя ж следчыя? Ды і арышты заўзятараў раптоўна пачаліся менавіта напрыканцы 2015 года, хаця папярэднія 10 гадоў існавання клубу заўзятараў МТЗ-РІПА («Партызана») міліцыя ім амаль не цікавілася. Атрымліваецца, калі верыць афіцыйнай версіі, роўна да канца 2015-га ўсе яны былі законапаслухмянымі грамадзянамі, а пасля ператварыліся ў наркаманаў і хуліганаў.

На судзе па справе фанатаў "Партызана". Фота БелАПАН

Выснова напрошваецца сама: ГУБАЗу было дадзена заданне абезгаловіць усе патэнцыяльна небяспечныя нефармальныя рухі, і галоўнае — зрабіць гэта так, каб іх ні ў якім разе не прызналі палітвязнямі. Трэба сказаць, пакуль беларускія сілавікі з задачай спраўляюцца.

Яшчэ адзін напрамак інавацыйнай дзейнасці рэпрэсіўнага апарату: так званыя «мяккія прысуды». Сутнасць гэтага метаду ў тым, каб аказаць максімальнае фізічнае і псіхалагічнае ўздзеянне на актывіста, але пры гэтым вынесці яму канчатковае пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, і тым самым не даць Еўрасаюзу «зачэпак» для крытыкі. Тыповы прыклад такіх спраў: справы Эдуарда Пальчыса і Зміцера Паліенкі. Першага затрымалі за вядзенне антырасійскага сайту, пратрымалі ў СІЗА 10 месяцаў і пакаралі 1,8 гадамі «хатняй хіміі». Другога затрымалі нібыта за бойку з міліцыянтамі на пратэстнай акцыі «Крытычная маса», пратрымалі ў СІЗА 6 месяцаў і пакаралі 2 гадамі з адтэрміноўкай.

У абодвух выпадках назіралася радасць грамадзянскай супольнасці: далі мяккія прысуды! Лукашэнка спужаўся санкцый Еўрасаюзу! Пры гэтым неяк забываецца, што людзі правялі доўгія месяцы ў турме ў чаканні прысуду. Гэта — удар па псіхіцы, па здароўю, абарваныя сацыяльныя сувязі, а галоўнае — паказальны прыклад іншым патэнцыяльным змагарам: «Будзеце актыўнічаць — тое ж будзе і з вамі! Калі не атрымаеце тэрмін, то на Валадарцы дакладна памарынуецеся!»

А абодва прысуды — не што іншае, як кароткія павадкі, на якіх актывістаў трымаюць, каб звесці да нуля іх грамадзянскую актыўнасць. «Хатняя хімія» пасля трох парушэнняў рэжыму (якія пры неабходнасці выпісваюцца за лічаныя дні) ператвараецца ў калонію дзякуючы артыкулу 415 КК РБ (Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Тое ж самае і з адтэрміноўкай. За невыкананне «патрабаванняў суда», правіл прафілактычнага ўліку альбо два адміністрацыйныя правапарушэння два гады «адтэрміноўкі» пераўтвараюцца ў два гады калоніі. Рэдка хто пойдзе на вулічную акцыю ці будзе іншым чынам раздражняць сваіх кантралёраў, ведаючы, што яму пагражаюць два гады зняволення.

Чытайце таксама: Інавацыйнасць улады: пакуль толькі ў рэпрэсіях 

Фактычна, рэпрэсіўныя структуры дасягаюць эфекту пакарання калоніяй без самой калоніі. І пры гэтым усе задаволеныя! КДБ — тым, што актывістаў атрымалася выключыць з пратэстнага жыцця. Захад — «прагрэсам на шляху дэмакратыі». Грамадзянская супольнасць — «маленькай перамогай над рэжымам». Але парадаксальным чынам атрымліваецца, што ў перыяд «лібералізацыі» крымінальных спраў больш, чым у перыяд жорсткага закручвання гаек — ледзь паспяваеш запамінаць новыя прозвішчы...

Пакуль пісаўся гэты артыкул, стала вядома, што супраць Андрэя Бандарэнкі завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 КК РБ (Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы) — за 4 месяцы да яго меркаванага вызвалення. Яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі — у дадатак да тых 2,5 гадоў, што ён ужо адсядзеў. У падтрымку Бандарэнка і Жамчужнага дагэтуль не выказаўся ні адзін прадстаўнік ЕС.

Нехта зноў усіх абыграў?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Рэдакцыя
  • 2017-03-10 00:49:06
Дзякуй, выправілі :)

Каментаваць