InformNapalm: Расійская авіябаза ў Беларусі — плацдарм для нападу на Украіну (OSINT-аналіз)

У зьвязку з абвастрэньнем адносінаў між Расеяй і Паўночнаатлянтычным Альянсам пасьля зьнішчэньня расейскага бамбоўца Су-24, які ўварваўся ў паветраную прастору Турэччыны, а таксама нядаўняй прапановы праваслаўнай Чарнагорыі далучыцца да Альянсу і стаць ейным 29 чальцом, канфрантацыя Масквы і НАТА выходзіць на новы ўзровень.



З вуснаў расейскіх палітычных дзеячоў ужо гучаць пагрозы НАТА даць сымэтрычныя адказы на нарошчваньне ўплыву і пашырэньне Альянсу, а зьнешнепалітычнае ведамства РФ заяўляе пра «адкрыта канфрантацыйны крок, які прымушае да адпаведнай рэакцыі». У зьвязку з гэтым выходзіць на новы ўзровень і яшчэ больш актуалізуецца праблематыка стварэньня расейскай авіяцыйнай базы і высоўваньня падразьдзяленьняў ударнае авіяцыі ПКС Расеі ў Беларусь, якую неабходна таксама разглядаць праз прызму рэалізацыі сцэнару гіпатэтычнай поўнамаштабнай расейскай вайсковай агрэсыі супроць Украіны.

Для пачатку дасьледуем храналёгію гэтай праблематыкі для разуменьня сур’ёзнасьці намеру Расеі выкарыстоўваць беларускі пляцдарм дзеля сваіх вайсковых мэтаў:

23 красавіка 2013 году міністар абароны РФ С.Шайгу падчас сустрэчы ў Менску з Лукашэнкам упершыню заяўляе пра пляны Расеі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі зьнішчальны авіяполк;

26 чэрвеня 2013 году галоўнакамандуючы ВПС РФ Віктар Бондараў заяўляе пра тое, што мейсцам дысьлякацыі расейскай авіяцыйнай базы вызначаная 116 гвардзейская штурмавая авіябаза ў г.Лідзе і на ёй плянуецца разьмяшчэньне мадыфікаванных зьнішчальнікаў Су-27СМ3;

8 сьнежня 2013 году з-за абвастрэньня палітычнай сытуацыі ва Украіне на 61 зьнішчальную авіябазу ў г.Баранавічах з авіябазы «Бесавец» ВПС РФ (2 АвГр 7000 АвБ, в/ч 23326-2, Бесавец/Петразаводзк, колішні 159-ы гв.зап), для баявой варты перадысьлякуюцца з тэхнічным пэрсаналам і штатным узбраеньнем авіяцыйнае зьнішчальнае зьвяно:

– Су-27, бартавы нумар (б/н) 15 чырвоны, RF-95518

– Су-27П, б/н 19 чырвоны, RF-95517

– Су-27П, б/н 36 чырвоны, RF – н/д

– Су-27П, б/н 37 чырвоны, RF-90746

13 сакавіка 2014 году, у зьвязку з пачаткам расейскай вайсковай агрэсыі супроць Украіны і пад прыкрыцьцём «праверкі боегатоўнасьці Адзінай рэгіянальнай сыстэмы (АРС) СПА РБ і РФ» на тэрыторыю авіябазы ў Бабруйск зноў з авіябазы «Бесавец» накіроўваюцца 3 вайскова-транспартныя лятакі з авіяцыйна-тэхнічным пэрсаналам Заходняе вайсковае акругі ЗС РФ і 6 зьнішчальнікаў:

– Су-27П, бартавы нумар (б/н) 10 чырвоны (RF-90740);

– Су-27, б/н 15 чырвоны (RF-95518), зафіксаваны раней на 61-ай авіябазе ў г.Баранавічах;

– Cу-27П, б/н 19 чырвоны (RF-95517), зафіксаваны раней на 61-ай авіябазе ў г.Баранавічах

– Су-27, б/н 20 чырвоны (RF-95516)

– Су-27, б/н 50 чырвоны (RF-90737)

– Су-27УБ, б/н 65 чырвоны (RF-90715)

Расейскія Су-27 на авіябазе Бабруйск / Google Earth

14 сакавіка 2014 году на вайсковы аэрадром «Лунінец», які знаходзіцца ўсяго за 50 км ад мяжы з Украінай, перабазоўваюцца зьнішчальнікі МіГ-29, як мяркуецца, з 61 ЗАБ;

15 сакавіка 2014 году на аэрадром 61 авіябазы ў г.Баранавічах перадысьлякуецца лятак далёкасяжнага радыёлякацыйнага выяўленьня (ДРЛВ) А-50, б/н 42 чырвоны, RF 50610, (архіў), тактыка-тэхнічныя характарыстыкі (ТТХ) якога дазваляюць значна пашырыць магчымасьці ў радыёлякацыйнай выведцы, навядзеньні зьнішчальнае авіяцыі , а таксама кіраваньні дзяжурнымі сіламі ў СПА;

Такім чынам, падчас актыўнай фазы баявых дзеяньняў 2014 году збройных сілаў РФ супроць Украіны, расейская авіягрупоўка ў Беларусі налічвала каля пяці вайскова-транспартных лятакоў, лятак ДРЛВ А-50 і амаль цэлую авіяцыйную эскадрыльлю зьнішчальнікаў Су-27 розных мадыфікацыяў.

Варта таксама зазначыць, што зьнішчальнікі, якія дысьлякаваліся на авіябазе «Бабруйск» і зьдзяйсьнялі кругласуткавую баявую варту ажно да заключэньня першых Менскіх дамоўленасьцяў што да спыненьня вагню, вярнуліся на авіябазу «Бесавец» праз два дні пасьля іхнага падпісаньня – 7 верасьня 2014 г.;

15 кастрычніка 2014 году галоўнакамандуючы ВПС РФ генэрал-палкоўнік Віктар Бондараў заяўляе пра пацьверджаньне намеру Расеі стварыць авіябазу ўжо ў Бабруйску ў 2016 годзе з базаваньнем зьнішчальнікаў Су-27;

Зь верасьня 2015 году расейскі бок пачынае фарсараваньне пытаньня:

8 верасьня 2015 году зьяўляецца пастанова прэзыдэнта РФ У.Пуціна пра падпісаньне пагадненьня між РФ і РБ пра расейскую авіяцыйную базу;

24 лістапада 2015 году начальнік апэратыўнага кіраваньня камандаваньня ПКС РФ генэрал-маёр Аляксандар Ляпкін безапэляцыйна заяўляе пра тое, што склад расейскай авіябазы і ейная арганізацыйна-штатная структура ўжо зацьверджаныя, а ўсе неабходныя дакуманты ўзгодненыя зь беларускім бокам. Зь ягоных словаў, на авіябазе «Бабруйск» плянуецца базаваньне аднае авіяцыйнае эскадрыльлі зьнішчальнікаў (12 баявых лятакоў) і гэлікоптэрнага зьвяна (4 транспартна-баявыя гэлікоптэры Мі-8).

Рашэньне Расеі разьмясьціць авіябазу ў Бабруйску, цалкам мажліва, прадыктаванае з некалькіх прычынаў. Па-першае, у адрозненьне ад авіябазаў ў Баранавічах і Лідзе яна знаходзіцца ў недасягальнасьці высокадакладных крылатых ракетаў AGM-158 JASSM, якімі Польшча абсталёўвае  свае ВПС; па-другое, істотную ролю мае значная плошча і абсталяваньне аэрадрому, на якім базавалася далёкасяжная бамбавальная авіяцыя, і, па-трэйцяе, вельмі важнае значэньне мае стратэгічнае мейсцазнаходжаньне авіябазы для зьдзяйсьненьня магчымых вайсковых апэрацыяў супроць Украіны. Апроч гэтага, Расея атрымлівае значны вайсковы патэнцыял выкарыстаньня сваіх авіябазаў, якія з стварэньнем авіябазы ў Бабруйску практычна з усіх бакоў будуць атачаць Украіну.

Прыкрываць авіябазу ў Бабруйску плянуецца зэнітнымі ракетнымі комплексамі вялікае далёкасяжнасьці С-300В з складу 147-й зэнітнай ракетнай брыгады ВПС і войскаў СПА ЗС Беларусі.

Дысьлякацыя авіябазы «Бабруйск» і 147-й ЗРБр / Google Earth

У выпадку рэалізацыі канфрантацыйнага сцэнару і магчымага ўварваньня ва Украіну расейскай сухапутнай групоўкі войскаў з тэрыторыі беларускага пляцдарму, авіябаза ў Бабруйску будзе мець выключную ролю ў забесьпячэньні ейнага прыкрыцьця і прасоўваньня. Адной з першасных задачаў авіягрупы «Бабруйск» падчас гэтага будзе нэйтралізацыя сыстэмаў СПА Украіны і заваёва паветранае перавагі над украінскімі ВПС. Аргумэнтам на карысць гэтай вэрсыі зьяўляюцца ТТХ лятакоў Су-27СМ3, якія цалкам магчыма плянуецца выкарыстоўваць на авіябазе. Гэтыя ўдарныя зьнішчальнікі абсталяваныя новым бартавым комплексам кіраваньня зброяй, які дазваляе выкарыстоўваць ня толькі авіябомбы з свабодным падзеньнем і кіраваныя, але й таксама шматмэтавыя ракеты клясы «паветра-паверхня» Х-59МЭ, Х-59М2Э, Х-59МК2 і супрацьрадыёлякацыйныя ракеты Х-58Э, Х -58УШЭ, Х-58УШКЭ, Х-31ПД, якія прызначаныя для зьнішчэння РЛС сыстэмаў супрацьпаветранае і супрацьракетнае абароны. Таксама адной з асноўных задачаў авіябазы ў выпадку гіпатэтычнай «вялікай вайны» у рэгіёне можа быць супрацьдзеяньне ВПС Польшчы, а таксама нэйтралізацыя аб’ектаў Эўрапейскае супрацьракетнае абароны (ЭСРА), якія разгортваюцца на тэрыторыі Польшчы. Расейская авіягрупоўка ў Бабруйску таксама мае забясьпечыць ліквідацыю значнай перашкоды для расейскіх стратэгічных сілаў стрымліваньня.

Су-27

У пэрспэктыве там могуць зьявіцца і расейскія франтавыя бамбоўцы Су-34, якія, напрыклад, прымаюць удзел на парадах у Менску, а таксама перахопнікі МіГ-31. У савецкі час на авіябазе «Бабруйск» базаваўся 200-ы гвардзейскі Берасьцейскі бамбавальны авіяцыйны полк, таму таксама не выключанае тое, што Расея можа вярнуць туды звышгукавыя бамбоўцы-ракетаносьбіты Ту-22М3.

15 чэрвеня 2015 году каардынатар Упраўленьня генэральных інспэктараў Міністэрства абароны РФ генэрал арміі Юры Якубаў заявіў пра намеры бліжэйшым часам значна зьмяніць расейскую агульнавайсковую групоўку ў Беларусі пры ўмове зьяўлення цяжкой баявой тэхнікі ЗША на ўсходніх рубяжох НАТА. Рэч у тым, што на тэрыторыі Беларусі яе пакуль няма, дысьлякуюцца толькі дзьве расейскія базы – 43-і вузел сувязі ВМФ РФ «Вялейка», які з дапамогай радыёстанцыі «Антэй» забясьпечвае сувязь з атамнымі падводнымі ракетаносьбітамі, і радыёлякацыйная станцыя папярэджваньня пра ракетны напад «Волга» Касьмічных войскаў ПКС РФ, якая інтэграваная ў Адзіную рэгіянальную сыстэму СПА РБ і РФ. Таксама на аэрадроме ў Баранавічах працягвае дысьлякавацца зьвяно з чатырох зьнішчальнікаў Су-27, якія выконваюць баявое патруляваньне паветранае прасторы заходніх межаў так званае «Саюзнае дзяржавы» на сталай аснове з ратацыяй асабовага складу й тэхнікі.

Меркавана, вайсковае кіраўніцтва Расеі распрацоўвае плян стварэньня сухапутнае групоўкі, якая будзе дысьлякаваная ў Беларусі і знаходзіцца прыблізна за 500 км на захад ад межаў РФ, што дасьць ёй стратэгічную перавагу выбудаваць рубеж абароны на беларускім пляцдарме і надасьць  магчымасць кантраляваць сухапутны калідор на Калінінград. Тады рэалізацыя крымскага сцэнару ў Беларусі ўвойдзе ў завяршальную стадыю.

Усё гэта ёсьць вынікам таго, што Беларусь зьяўляецца закладнікам палітыкі яднаньня з Расеяй, якую зьдзяйсьняе Лукашэнка апошнія два дзесяцігодзьдзі. Падчас ажыцьцяўленьня сваёй «саюзніцкай» місыі яму ўдаецца атрымліваць датацыйнае падсілкоўваньне Расеі, танныя энергетычныя рэсурсы і мець бесперашкодны доступ для збыту беларускае прадукцыі на расейскім рынку. Гэтая эканамічная мадэль выдатна сябе зарэкамендавала і не патрабавала істотных структурных пераўтварэньняў і рэфармаваньня эканомікі на працягу ўсяго апошняга часу. У зьвязку  з гэтым усе тыя выказваньні пра тое, што Лукашэнка паварочваецца ў бок Захаду, гучаць вельмі недарэчна, бо падобны разварот азначае фундамэнтальнае зьмяненьне ўсяе эканамічнае і палітычнае мадэлі дзяржавы, што для кіруючай эліты ёсьць сьмяротнаю небясьпекаю, прымаючы пад увагу таксама і той факт, што значная частка вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва краіны зьяўляецца патэнцыйнымі агентамі ўплыву Расейскай Фэдэрацыі. Улічваючы ўсё вышэйпададзенае, Лукашэнка можа толькі максымальна зацягваць працэс разгортваньня расейскай авіябазы, выбіваючы сабе падчас гэтага разнастайныя эканамічныя прэфэрэнцыі. Гульня з Захадам — ня больш, чымся блеф. У той жа час, у існуючых умовах, якія пагражаюць ўцягненьню дзяржавы ў вайсковыя канфлікты Крамля і павялічваюць магчымасьць рэалізацыі крымскага сцэнару ў самой Беларусі, прабеларуская частка сілавікоў і намэнклятуры закліканая максымальна сабатаваць працэсы стварэньня чарговых расейскіх вайсковых базаў і спрыяць абароне канстытуцыйна нэйтральнага статусу Беларусі.

Тым часам, вельмі станоўчым момантам зьяўляецца тое, што ва Украіне надаюць дастатковую ўвагу пытаньню ўзмацненьня супрацьпаветранае абароны. Сакратар РНБА Аляксандар Турчынаў зрабіў заяву, у якой ён разглядае пагрозу задзейнічаньня Расеяй авіяцыі, у выпадку эскаляцыі канфлікту на Усходзе Украіны, як вельмі рэальную. Зыходзячы з гэтага, прыярытэтнай задачай Збройных Сілаў Украіны на 2016 год разам зь іншымі ён назваў аднаўленьне патэнцыялу супрацьпаветранае абароны і вайскова-паветраных сілаў дзяржавы. Варта зазначыць, што значнае ўзмацненьне сілаў СПА патрабуецца ня толькі ўздоўж лініі фронту і мяжы з РФ, але і, перадусім, на беларускім напрамку.

Матэр’ял да публікацыі падрыхтаваў Дзяніс Івашын, InformNapalm. Захаваная аўтарская арфаграфія.

Каментаваць