Ініцыятары «НР»: Мы пойдзем іншым шляхам!

Самымі рознымі шляхамі хадзіла беларуская апазіцыя да поспеху, нязменна апынаючыся ў адным і тым самым месцы, ад поспеху вельмі далёкім. Дык гэта ж зусім не азначае, што нікуды хадзіць не трэба.



Рух — гэта жыццё, як не мной было заўважана. Тым больш заўсёды варта пайсці «іншым шляхам», што і абяцаюць зрабіць ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум».

У панядзелак 24 чэрвеня яны сабралі блогераў, каб распавесці пра сваю ініцятыву, адказаць на нязручныя пытанні і выслухаць прапановы. Сустрэча адбывалася ў офісе «Гавары праўду!» за дзвярыма з надпісам «ВЫХАД». Магчыма, чыстая выпадковасць, але я схільны бачыць у ёй сімвалізм. Калі ацэньваць кампанію на ўзроўні ідэі, а пакуль што толькі на гэтым узроўні і можна яе ацэньваць, яна можа падасца доўгашуканым выхадам з бясконцага палітычнага тупіка.

 

Ранейшыя паразы апазіцыі ў барацьбе за розумы і галасы грамадзянаў у значнай ступені былі запраграмаваныя формай узаемадзеяння з імі: мы гаворым — вы слухаеце, мы заклікаем — вы адклікаецеся. Што адводзіла грамадзянам ролю «народных масаў» савецкага тыпу, якіх мабілізуюць на працу і подзвігі. Яшчэ за савецкім часам беларусам так надакучыла мабілізацыя, што яны ўзялі і абралі Лукашэнку. Бадай, адзінага палітыка, які нічога ад іх не патрабаваў, толькі выслухоўваў крыўды і абяцаў вырашыць усе праблемы. «Выслухоўваў» — ключавое слова тут.


 

Менавіта гэтым збіраюцца займацца арганізатары кампаніі «Народны рэферэндум». Ісці ў народную гушчу, выслуховаўць праблемы і збіраць крыўды. Пасля чаго са спісу праблемаў і крыўдаў будуць адабраныя, умоўна кажучы, пяць самых галоўных. Яны стануць пытаннямі на будучым нацыянальным рэферэндуме. Упершыню не нейкая там апазіцыя прад'явіць уладам свае патрабаванні, а сам народ. І ўжо свае ўласныя патрабаванні ён, як мяркуецца, будзе ўпарта адстойваць.  

 

Намаляваная ініцыятарамі кампаніі карціна выглядае прывабнай. Але ж гэта — ідэальная карціна. Удзельнікі сустрэчы, людзі ўедлівыя і скептычныя, паставілі шэраг пытанняў наконт увасаблення яе ў жыццё. Абмеркаванне адбывалася ў гарачай абстаноўцы. І не толькі таму, што ў памяшканні не працаваў кандыцыянер.

 

— Хто, якім чынам і на якой падставе будзе фармаваць спіс з пяці «самых галоўных» пытанняў?

 

—  Спіс пытанняў будуць фармаваць ініцыятары. Па праву ініцыятараў. З улікам статыстычных паказчыкаў і меркавання экспертнай супольнасці. Пытанні мусяць мець агульнанацыянальнае значэнне, падразумяваць кардынальныя змены ў палітычнай сістэме Беларусі, аб'ядноўваць, а не дзяліць грамадства.


— Ці не можа быць такога, што ўлады перахопяць ініцыятыву, адсеюць нязручныя для сябе пытанні, дададуць патрэбныя ім і атрымаюць чарговую «элегантную перамогу»?

 

— Будзе цудоўна, калі яны адрэагуюць і ўцягнуцца ў гульню. Як ні круці, ім давядзецца гуляць не па сваіх правілах, мы навяжам свой, альтэрнатыўны, сцэнар. Значна горш, калі ўлады проста зробяць выгляд, што не заўважаюць гэту ініцыятыву, як рабілі дасюль.

 

— Ці існуе план «Б» на выпадак адмовы ў правядзенні такога рэферэндума?

 

— У выпадку адмовы спіс гэтых пытанняў ператворыцца ў праграму адзінага кандыдата ад нашай кааліцыі на наступных прэзідэнцкіх выбарах.


 

Калі гэта не проста першае, што прыйшло ў галаву, тады апошнюю заяву можна лічыць сенсацыйнай. Раней прэзідэнцкія кампаніі не пачыналіся ў нас за два гады, беларускі палітыкум прачынаўся ў апошні момант, у найлепшым выпадку — за год да выбараў.



Фармат сустрэчы не прадугледжваў фармулёўкі магчымых «самых галоўных» пытанняў, але спроба дакладна сфармуляваць з удзелам блогераў хаця б адно паказала, што гэта справа вельмі няпростая. Лягчэй было адкінуць тыя ці іншыя пытанні. Амаль усе прысутныя згадзіліся, што якімі б важнымі ні былі моўнае пытанне, пытанне будаўніцтва АЭС ці адмены смяротнага пакарання — у рамках гэтай кампаніі ад іх лепей адмовіцца. Цалкам дарэчным было прызнана хіба што пытанне выбарнасці мясцовых уладаў. Таксама ўсе ўхвалілі прапанаванае Сяргеем Чалым пытанне «Ці не надакучыў вам Лукашэнка?», якому, праўда, наканавана застацца жартам.


 

Не хвалі каня трэцяга дня, а хвалі трэцяга году, як вучыць нас народная мудрасць. Хаця цукеркі да гарбаты былі вельмі смачныя, пляскаць у ладкі арганізатарам я пакуль асцерагуся. Ці мала мы бачылі прывабных з выгляду  ініцыятываў, якія потым сыходзілі ў пясок? Паняволі станеш скептыкам. Аднак Андрэй Дзмітрыеў слушна заўважае: «У Беларусі пра любую ініцыятыву, звязаную з палітыкай, можна сказаць — гэта немагчыма... Не кажыце, што гэта немагчыма — скажыце, што трэба зрабіць, каб гэта стала рэальным».


 

Зрэшты, нельга не ўхваліць ідэі, якая ляжыць у аснове «Народнага рэферэндуму»  — грамадзяне павінны быць не аб'ектам, а суб'ектам выбарчай кампаніі. Бо адзіная сапраўды кардынальная і наспелая змена ў палітычнай сістэме Беларусі тычыцца актыўнага ўдзелу грамадзянаў у  кіраванні ўласным лёсам. Да разумення неабходнасці чаго і мусіць як быццам падштурхнуць гэта ініцыятыва. Калі атрымаецца, будзе вялікая справа. Як на мой погляд, іншага выхада з бясконцага палітычнага тупіка проста не існуе.

Абмеркаванне:

  • Горкая рэдзька
  • 2013-06-25 07:55:07
Сказана аўтарам усё нібыта слушна. Ды ёсць загваздка. Не выклікаюць ніякага даверу ініцыятары кампаніі. Апроч Някляева хіба што. Дзмітрыеў, Губарэвіч, Лялькоў, хто там яшчэ, здаюцца прайдзісветамі,
мякка кажучы. Па-мойму, яны здольны толькі на стварэнне яшчэ адной пустышкі.
  • Талаш
  • 2013-06-25 11:11:24
Не хацелася б з Вамі, спадар, пагаджацца, але, здаецца, прыдзецца. На жаль. З аўтарам ж артыкула пагаджуся ў тым, што ідэя нядрэнная. І ў тым, што выйсце заўсёды павінна быць - трэба толькі шукаць
упарта.
  • Ruslan
  • 2013-06-25 11:41:51
Гражданин "горькая редька"! Ваш скепсис достоин лучшего применения! А то и сами не пытаетесь что-то сделать, и других останавливаете своим бурчаньем: всё не так, да все не те!
  • Пятро
  • 2013-06-25 13:58:26
"Бо адзіная сапраўды кардынальная і наспелая змена ў палітычнай сістэме Беларусі тычыцца актыўнага ўдзелу грамадзянаў у кіраванні ўласным лёсам." Згодзен! Але калі людзям добра і так,
падштурхоўваць іх да барацьбы - ці гэта не штучная справа?
  • Кастусь
  • 2013-06-25 15:01:29
Здаецца, гэта адзінае слушнае "выйсце". Праблема толькі ў кадрах, як я разумею.

Каментаваць