Інстытут даследавання расійскай агрэсіі ініцыюе змену перамоўнага фармату па Украіне

На думку экспертаў кіеўскага Інстытута даследавання расійскай агрэсіі (ІДРА), дэакупацыю захопленых РФ украінскіх тэрыторыяў — Крыма і Данбаса — магчыма ажыццявіць, толькі калі на мэту ставіцца аднаўленне пасляваеннай сістэмы бяспекі.

Не заснаваныя на прынцыпах АБСЕ “мінскія пагадненні”, па якім мусіў быць завершаны канфлікт, сталі гарантыяй не сканчэння вайны, а яе бясконцага працягу. Аб гэтым сведчыць амаль чатырохгадовы досвед МІНСКА.

Інстытут звярнуўся да ЗША і Вялікабрытаніі, якія па Будапешцкім мемарандуме надалі Украіне і Беларусі гарантыі бяспекі ў сувязі з іх далучэннем да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ад 1 лiпеня 1968 года, а таксама да краінаў-сябраў Еўрапейскага Звяза з заклікам стварэння сумеснага каардынуючага органа па аднаўленні светапарадку ў рэгіёне АБСЕ.

Пасляваенная сістэма бяспекі, упэўнены эксперты ІДРА, парушаная супрацьстаяннем двух геапалітычных праектаў Еўрасаюза і Расіі — Усходняга партнёрства і Еўразійскага эканамічнага саюза. Яе аднаўленне павінна ажыццяўляцца ў рамках Адзінай стратэгіі ў адпаведнасці з прынцыпамі АБСЕ. У адваротным выпадку ваенная агрэсія Расіі ў адносінах да Украіны будзе мець немінуючы працяг у розных сферах у дачыненні да краінаў Захаду. Наступствы такой агрэсіі непрадказальныя.

Дзеля шырокага грамадскага абмеркавання змены перамоўнага фармату па Украіне з “мінскіх пагадненняў” на Будапешцкі мемарандум, Інстытут даследавання расійскай агрэсіі бліжэйшым часам правядзе брыфінг з удзелам украінскіх і беларускіх журналістаў.

Чытачы “Новага Часу”, дасылайце свае пытанні! Па выніках брыфінгу будуць праведзены дэбаты “МІНСК vs БУДАПЕШТ” з удзелам украінскіх чыноўнікаў, палітыка-грамадскіх дзеячоў і прадстаўнікоў амбасадаў ЗША і краінаў-сябраў Еўразвяза.

Раней Інстытут даследавання расійскай агрэсіі сумесна з беларускімі партнёрскімі арганізацымі ініціыяваў кампанію па аднаўленні  пасляваеннага светапарадку ў рэгіёне АБСЕ (ХЕЛЬСІНКІ-2020).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць