«Я стаміўся, я сыходжу»?

«Аляксандр Лукашэнка стаміўся быць прэзідэнтам. Каранацыя прызначаная на чацвер». Чамусьці гэты анекдот заўсёды ўзгадваецца, калі чуеш пра чарговыя змены ў Канстытуцыю.

«Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта [змяненне Канстытуцыі] пойдзем», — нечакана паведаміў афіцыйны лідар, выступаючы перад парламентарыямі старога і новага скліканняў.

Варта было Аляксандру Рыгоравічу заікнуцца пра змены ў Канстытуцыю, як адразу ж пачалі ўзнікаць канспіралагічныя тэорыі. Адны кажуць, што Лукашэнка рыхтуе сцэнар «пераемнік». Маўляў, прэзідэнт будзе абірацца парламентам, праз які можна прасунуць таго самага «пераемніка». Называюць нават персону — сына Лукашэнкі і ягонага дарадцу па нацыянальнай бяспецы Віктара.

Мяркуюць, што менавіта з гэтай нагоды Лукашэнка прапусціў у парламент дзвюх апазіцыянерак — Ганну Канапацкую і Алену Анісім. Маўляў, тады з рэферэндумам будзе прасцей: апазіцыянеркі нададуць рашэнню пра яго правядзенне легітымнасць. Адпаведна, можна будзе казаць, што ўсё грамадства, нават «адмарозкі» падтрымалі ідэю змен у Асноўны закон.

Канешне, Канапацкая і Анісім, хутчэй за ўсё, будуць галасаваць супраць рэферэндуму, аднак іх галасы згубяцца сярод іншых 108 дэпутатаў. Дый прапаганда не зверне на іх «супраць» аніякай увагі. Адзінае, што могуць зрабіць гэтыя жанчыны, — пайсці шляхам дэпутатаў групы «Рэспубліка» ўзору 2004 года, якія абвясцілі галадоўку ў тым ліку і супраць планаў Аляксандра Лукашэнкі абірацца бясконцую колькасць разоў. Выніку тая галадоўка не дала, але ўвагу да рэферэндуму, безумоўна, прыцягнула.

Нібыта, замаскіраваць пытанне абрання прэзідэнта парламентам збіраюцца зноў-такі пытаннем пра смяротнае пакаранне, як у 1996 годзе. А для ўзбуджэння дыскусіі ўлада, нібыта, будзе праводзіць прапагандысцкую кампанію за яе адмену. Самыя гарачыя галовы нават заявілі, што нядаўняя трагедыя ў мінскім гандлёвым цэнтры «Еўропа», калі псіхічна хворы маладзён пасек сякерай і парэзаў бензапілой жанчын, адбылася не проста так, а стварае неабходны фон напярэдадні таго самага рэферэндуму.

Але ці ёсць падставы меркаваць, што Лукашэнка нагуляўся ў прэзідэнцтва? Што ён стаміўся і марыць пра нармальную забяспечаную старасць? Наўрад ці.

Па-першае, перадача такога інструменту, як абранне прэзідэнта, парламенту — вельмі небяспечная справа. Гэта азначае пашырэнне ролі заканадаўчага органа. Лукашэнка не для таго дваццаць гадоў выбудоўваў сістэму сваіх, як ён казаў, «царскіх паўнамоцтваў», каб з кімсьці імі дзяліцца.

Гэта, дарэчы, тычыцца і пераемніка. Лукашэнка неаднаразова казаў, што яго дзеці на пераемнікаў не цягнуць. А дзяліцца паўнамоцтвамі з кімсьці, хай нават і набліжаным — гэта не пра Аляксандра Рыгоравіча.

Па-другое, сёння парламент адзін — заўтра другі. Канешне, ён можа быць колькі заўгодна падкантрольным, але кантраляваць нават 110 дэпутатаў — справа цяжкая. Раптам нехта з іх пачне сваю гульню? Нават у цалкам залежнай палаце могуць мець месца розныя меркаванні. Больш за тое, з цягам часу альтэрнатыўныя думкі могуць узнікаць у аднаго і таго ж чалавека!

Напрыклад, узяць такога дэпутата, як Мікалай Самасейка. Ён некалькі гадоў выступаў апанентам прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў Беларусі. Так шмат выступаў, што здаецца заразіўся «варожымі» ідэямі, і зараз ужо кажа, што ён — за адмену смяротнага пакарання. Перашкодаю гэтаму кроку ёсць «воля народа», выказаная на рэферэндуме. А некалькі дзён таму Самасейка ўвогуле дагаварыўся да крамолы. Кажучы, што ў тых краінах, якія адмянялі смяротнае пакаранне, гэта было зроблена праз палітычную волю ўлады, а не праз плебісцыт, ён сказаў: «Магчыма, не трэба было праводзіць рэферэндум».

Як не трэба? Вось просты прыклад таго, як літаральна на вачах «надзейны кадр» змяняе свае погляды на ледзь не супрацьлеглыя.

І па-трэцяе. Аляксандр Рыгоравіч заўсёды ганарыцца тым, што ён абраны «ўсенародна», што за яго галасуюць людзі, якія ледзь не ў коме — сілаю волі прыходзячы ў прытомнасць, каб толькі аддаць голас любімаму кіраўніку. З гэтага вынікае яго легітымнасць. А ці будзе такая легітымнасць, калі кіраўнік краіны будзе абірацца парламентам? Наўрад ці. І Лукашэнка ўжо не зможа казаць, што ён — «усенароднаабраны».

Да такіх рэчаў Аляксандр Рыгоравіч надзвычай чуллівы, як, дарэчы, любы аўтарытарны кіраўнік.

Увогуле, ці патрэбны рэферэндум, каб прыняць нейкія рашэнні пра пашырэнне паўнамоцтваў парламента, пра смяротнае пакаранне, пра нешта яшчэ? Наўрад ці. Гэта ўсё можна зрабіць і без плебісцыту, калі мець жаданне. І Лукашэнка гэта выдатна разумее.

Цікавую цытату ў той жа прамове пачуў блогер Віктар Малішэўскі. «Калі жадаеце, я падпішу ўказ, дэкрэт», — кажа кіраўнік дзяржавы дэпутатам. У прынцыпе, гэта ўсё, што патрэбна ведаць пра заканадаўчую ўладу ў Беларусі.

І гэтым людзям Лукашэнка аддасць права абіраць кіраўніка дзяржавы?



Каментаваць