«Я» — апошняя літара ў азбуцы

Інтрэрв’ю Лукашэнкі недзяржаўным СМІ выклікала міні-скандал у журналісцкім асяроддзі. Кіраўнік дзяржавы вельмі ўдала выкарыстаў момант для персанальнага піяру, крыху падставіўшы прадстаўнікоў прэсы.



Фота: Мікалай Пятроў, БелТА


Журналісты «Еўрарадыё» і Радыё «Свабода» сталі, у некаторай ступені, закладнікамі сваіх жаданняў. З аднаго боку, яны не маглі не пайсці на інтэрв'ю да Аляксандра Рыгоравіча, бо самі на яе ж напрошваліся пад час вялікай прэс-канферэнцыі беларускім СМІ. З іншага боку, яны выдатна разумелі, што такая сустрэча аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты пад час перадвыбарчай кампаніі — гэта выкарыстанне журналістаў кандыдатам ў сваіх палітычных інтарэсах. Але час сустрэчы ў гэтым выпадку вызначаюць не журналісты. Не патрапіш зараз — не патрапіш ніколі.

Таму журналістам прыйшлося абіраць паміж кепскім (схадзіць да Лукашэнкі і даць сябе выкарыстаць) і вельмі кепскім (адмовіцца ад прэс-канферэнцыі).

Можна пагадзіцца з шэф-рэдактарам «Народнай волі» Святланай Калінкінай, якая лічыць, што гэты кандыдат у прэзідэнты анічога новага не скажа, і таму інтэрв’ю з ім — справа бессэнсоўная. А можна і не пагадзіцца, бо цікава не тое, ШТО скажа Лукашэнка, а тое, ЯК ён гэта скажа.

З гэтага інтэрв’ю мы даведаліся, што ў Аляксандра Рыгоравіча прысутнічае маленькая манія велічы. І літара «я» ў яго з’яўляецца галоўнай. Прычым, гэта вельмі цікава гучыць.

Фота: Мікалай Пятроў, БелТА

Напрыклад, як Аляксандр Рыгоравіч казаў пра будаўніцтва Нацыянальнай біблтятэкі? «Гэта была мая прапанова. Я кажу: «Садам, трэба ўнесці нейкую суму, мы тут будуем». — «Вы мяне, прэзідэнт, крыўдзіце, я паўмільёна дам». Я кажу: «Дзякуй». Па-мойму, ён самую вялікую суму ўнёс», — распавёў прэзідэнт пра тое, як Садам Хусэйн дапамог збудаваць «крышталь ведаў».

Глядзіце, як панібрацкі Лукашэнка звяртаецца жа Хусейна: «Садам». А што адказвае Садам? «Вы мяне…» і далей па тэксце. То бок, Аляксандр Рыгоравіч Садаму ледзьве не на «ты», а той да яго — на «вы». І атрымліваецца, што бібліятэку пабудавалі персанальна кіраўнікі Беларусі і Іраку. А беларускі народ, які купляў гэтыя няшчасныя латэрэйкі на будаўніцтва бібліятэкі і ўдзельнічаў у не менш няшчасных суботніках з адлічэннем сродкаў на карысць «будоўлі стагоддзя» — як бы ўжо і не пры справах.

«І я яго патушыў як селянін, элементарна», — кажа кіраўнік дзяржавы пра тое, як ён у 90-х тушыў «пажар сепаратызма» на Палессі. Хаця ёсць сур’ёзнае пытанне, ці існаваў гэты пажар увогуле.

«І я запатрабаваў, ад Захаранкі, ці хто там быў у мяне міністрам унутраных спраў, гэты разбой спыніць. Ён гэта не зрабіў, маўляў, няма ў нас інфармацыі. Тады прыйшлі да мяне хлопцы звычайныя, з МУС і КДБ, па маёй старой працы ў камісіі па барацьбе з карупцыяй, паклалі мне на стол спіс — 33 групоўкі. Я іх цалкам знішчыў на працягу паўгода», — кажа Лукашэнка пра знішчэнне арганізаванай злачыннасці ў 90-х.

Нібыта персанальна ён выловліваў бандытаў і адстрэльваў тым галовы. А дзе ж былі «хлопцы» з МУС і КДБ? Няўжо ў бульбе схаваліся?

"Гэта я стварыў для іх кластар — Парк высокіх тэхналогій, каб забяспечыць гэтых яйцагаловых працай, каб яны нікуды не беглі. Яны не плацяць ніякія падаткі. Што перашкаджае працаваць? Бедныя айцішнікі нашы! Пераважная большасць — 99,9% — з задавальненнем працуе і мне ніякіх прэтэнзій не прад’яўляе. А я працягваю развіваць гэты Парк нават у гэты складаны час», — распавёў гарант Канстытуцыі пра ПВТ.

То бок, Лукашэнка ледзьве не персанальна і адзінаасобна будаваў гэты парк. Больш у гэтым ніхто не ўдзельнічаў.

Шмат што зрабіў «я» Лукашэнка. Нават подпісы прэтэндэнтам у прэзідэнты дазволіў збіраць. І нават заявіў, што «Я стварыў вам дзяржаву».

А вось калі размова ідзе пра іншае, «я» нечакана знікае.

Калі ў правадыра запыталіся пра вялікія запазычанасці краіны на знешніх рынках, ён адказаў: «У Уфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы. У гэтых даўгах шмат сродкаў, якія пайшлі толькі пад мадэрнізацыю. Гэтыя грошы не праядаюцца, мы іх выдаткавалі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў».

Разумееце, усё, што пабудавана ў краіне, усё, што створана — гэта «я». А вось калі ўзялі грошы на гэтае будаўніцтва, і гэтыя грошы трэба аддаваць, то аддаваць будзем «мы».

«Не мы былі ініцыятарамі 30%-най дэвальвацыі. Гэта адбылося на нашых рынках: спачатку ў Расіі, потым у Казахстане. Мы не маглі па гэтых прычынах трымаць валюту», — кажа Лукашэнка пра «гібрыдную дэвальвацыю» напачатку гэтага года. Ізноўку, калі размова ідзе пра негатыўныя моманты, гэта ўжо не «ён» (то бок, не «я»), гэта ўжо «мы».

«Сітуацыя складваецца такім чынам, што мы зарплаты падвышаць не можам. Мы прывязалі зарплату да аб’ёмаў вытворчасці. Калі няма вытворчасці, то і заробак павышаць няма за што. Грошы друкаваць мы не будзем», — ізноўку гэтае «мы», калі размова ідзе пра падзенне ўзроўню заробку.

А вось пазітыўны момант — абяцанне падвышэння гэтых самых заробкаў бліжэйшым часам — гэта ўжо «я». «Я ўпэўнены, што на працягу года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора», — заявіў Аляксандр Рыгоравіч.

Ёсць байка, што ў савецкія часы не хацелі пускаць на экраны фільм «17 імгненняў вясны» з прычыны таго, што ў ім «не адлюстраваны подзьвіг савецкага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны». Калі кіраўнік Беларусі кажа, што трэба ўзяць усё лепшае ў СССР, то гэтае ягонае інтэрв’ю у савецкі час дакладна б не дайшло да чытача. Проста таму, што ў ім «не адлюстраваны подзьвіг народа».

Так што адзінае, што мы даведаліся з гэтай гутаркі, — што Аляксандр Рыгоравіч ад сціпласці дакладна не памрэ. А вось расплочвацца за сацыяльны эксперымент «беларускага эканамічнага цуду» будзе не ён, а «мы».

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-08-10 21:00:03
Падбор цытат някепскі, але, па сутнасці, нічога новага да палітычнага партрэта не дадае. Усе і так ведаюць, што "цар" усцяж перакладвае адказнасць на "баяр". Мо лепей
напісалі б пра былую дырэктарку цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, якую ўзялі пад варту? http://euroradio.by/dyrektarku-centra-shahmat-i-shashak-vinavacyac-u-karupcyi-i-mahlyarstve

Каментаваць