Як адмыцца ад скандалу

Фігуранты скандалу з Панамскімі паперамі прыдумляюць самыя неверагодныя спробы апраўдання. Прапануем хіт-парад найбольш папулярных.
Фота з сайта  belsat.eu

Фота з сайта  belsat.eu


Хто яшчэ не ведае, скандал распачаўся з-за зліву ў прэсу закрытай інфармацыі, якая грунтуецца на дакументах юрыдычнай кампаніі "Mossack Fonseca". Паводле рапарту, які падрыхтаваў Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў (ICIJ), вялікая колькасць сусветных палітычных лідараў займалася звычайнай карупцыяй, адмываючы грошы ў афшорах. Як сцвярджаюць спецыялісты, гэта буйнейшае па аб'ёмах кампраметуючай інфармацыі аднаразовае выкрыццё ў гісторыі.



Сярод датычных да аферы — прэзідэнты, кіраўнікі ўрадаў, саудаўскія прынцы, бацька брытанскага прэм’ера Кэмерана і яго паплечнікі па кансерватыўнай партыі, сваяк кітайскага прэзідэнта Сі Цзіньпіня, сястра прэзідэнта Конга, пакістанскі прэм'ер Наваз Шарыф, футбаліст Ліанэль Месі і іншыя. Усяго ў расследаванні фігуруюць імёны больш дваццаці дзеючых і былых кіраўнікоў дзяржаў, больш за 100 палітыкаў з розных краін свету, уключаючы дзяржавы СНД, — Назарбаеў, Пуцін, Парашэнка, Аліеў... Цяпер усе, хто трапіў у справаздачу ICIJ, актыўна прыдумляюць спробы апраўдання, з якіх можна скласці своеасаблівы топ–10.



1. Нічога не скажу




Самы просты спосаб рэагавання на абвінавачанні — увогуле нічога не казаць. Гэта выбраў Сігмюндзюр Давід Гюнлейгс, ісландскі прэм’ер, які проста перарваў інтэрв’ю, калі ўсплыла тэма афшораў. Праўда, такі варыянт мае некаторыя мінусы ў выглядзе грамадскіх пратэстаў, якія ахапілі краіну. Толькі за адзін дзень петыцыя за адстаўку ўрада набрала 23 тысячы подпісаў (1/14 усяго насельніцтва). З іншага боку, падобная рэакцыя немагчымая ў аўтарытарных краінах накшталт Азербайджана або Казахстана. Мясцовы афіцыёз упарта ігнаруе панамскія лісты, а рэагаваць на публікацыі ў незалежнай прэсе чыноўнікі проста не маюць звычкі.



2. Грошы мае, не ваша справа




Яшчэ адзін варыянт выставіць сябе белым і пухнатым — заявіць: «Грошы мае, і я магу рабіць з імі усё што заўгодна». Так ужо зрабіў брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран, абараняючы свайго бацьку. «У кожнага ёсць права распараджацца сваёй маёмасцю, як ён пажадае, — выкінуць у мора, прадаць або перавесці ў траст. У гэтым няма злачынства ні па законах Пакістана, ні па міжнародных», — кажа міністр інфармацыі Пакістана Ахмед Рашыд.



3. Спроба адцягнуць увагу ад крызісу




Калі вас падазраюць у тым, што вы выводзілі грошы ў афшоры, адразу можна ўзгадаць Івана Салаўёва, прафесара Акадэміі МУС Расіі, на думку якога ўцечкі такіх сур'ёзных дакументаў самі па сабе ніколі не адбываюцца. Панамскія дакументы, які лічыць Салаўёў, — гэта спроба адцягнуць увагу ад катастрафічнага стану эканомікі ў краінах Еўропы і іншых дзяржавах.



4. Юрыдычныя кручкатворствы




Менавіта так коратка можна апісаць наступны спосаб. Так робяць у атачэнні ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, які, гледзячы па ўсім, можа найбольш пацярпець ад панамскага скандалу. Справа ў тым, што продаж бізнес-актываў быў важнай часткай піяру Парашэнкі падчас прэзідэнцкай кампаніі. Цяпер высвятляецца, што ўладар «Рашэну» падмануў украінцаў, некаторыя з якіх настолькі абураныя, што патрабуюць імпічменту. Для легітымацыі махінацый юрыстамі Парашэнкі прапануецца наступная формула: «Падаткаабкладанне карпаратыўнае і падаткаабкладанне фізічнай асобы — гэта два розных рэжымы падаткаабкладання, і чалавек у сваёй дэкларацыі паказвае толькі тыя даходы, якія ён атрымаў як фізічная асоба, а не як карпаратыўная структура, дзе ўмоўна можна лічыць, што ён з’яўляецца ці не з’яўляецца бенефіцыярным ўласнікам». Пакінем чытачу права самім зразумець, што хацеў сказаць юрыст.



5. Не лепшы час




Прыхільнікам Парашэнкі належыць іншы незвычайны крок, які павінен выратаваць імідж боса. Прызнаецца, што Парашэнка сапраўды праз афшоры сыходзіў ад падаткаў, аднак вынасіць смецце з хаты зараз, быццам, не лепшы час. «Самае страшнае ў гэтай сітуацыі, што, разгойдваючы лодку, усе гэтыя еўрааптымісты, не разумеюць, за кошт чаго сёння да гэтага часу трымаецца краіна. А краіна сёння да гэтага часу трымаецца на карупцыйна-алігархічным кансенсусе. Калі мы прыбіраем алігархічны кансенсус, то ўся канструкцыя з грукатам разбураецца», — лічыць Уладзімір Ар’еў, дэпутат фракцыі Блока Пятра Парашэнкі.



6. Мяне падманулі




Ліанэль Месі — славуты футбаліст, таксама прызнае, што сапраўды выводзіў грошы праз афшоры, аднак наўмысна падманваць нікога не хацеў. Маўляў, яго падманулі фірмы, якія займаюцца інвестыцыямі. Раней Месі ўжо абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў на суму каля $6,5 мільёна еўра шляхам утойвання прыбыткаў у афшорнай сетцы.



7. Змова ворагаў




Не менш папулярны сродак — спісаць кампрамат на змову ворагаў. Тут фору ўсім дасць Крэмль. Увогуле, Расіі прысвечана значная частка расследавання, дзе сцвярджаецца, што блізкія Уладзіміру Пуціну людзі праз банк «Расія» і панамскія афшорныя кампаніі «адмылі» больш за два мільярды долараў. Каментуючы гэтую інфармацыю, кіраўнік камітэта Дзярждумы па бяспецы РФ Ірыны Яравая кажа: «Клапатлівым бацькам каляровых рэвалюцый не дае спакою палітычная стабільнасць у Расіі і давер грамадства прэзідэнту». У тым жа рэчышчы пракаментаваў кампрамат на Пуціна яго спікер Дзмітрый Пяскоў. «Усё міжнароднае расследаванне накіравана супраць палітычнай стабільнасці ў нашай краіне», — сказаў Пяскоў, жонка якога таксама фігуруе ў панамскіх паперах як уладальніца афшорнай канторы.



8. А мы не горшыя




Наступная формула таксама належыць Расіі, дзе некаторыя патрыятычныя блогеры прапануюць разглядаць прысутнасць прозвішча Пуціна ў панамскіх лістах як адзнаку таго, што расійскія палітыкі не саступаюць па калібры сусветным.



9. Гэта для інвестыцый




Пазіцыю за арыгінальнасць у хіт-парадзе таксама трэба аддаць палітолагам Парашэнкі. Апошнія ўсур’ез лічаць, што скандал з афшорамі дапамагае інвестыцыям у краіну. Маўляў, патэнцыйныя замежныя бізнесмены ў захапленні праз факт, што заробленыя ва Украіне грошы можна лёгка вывесці з краіны, не аплаціўшы падаткі. Адным словам, бум інвестыцый цяпер проста непазбежны.



10. Яны пажартавалі




Ну і, нарэшце, самы арыгінальны крок. Яго прыдумаў адэскі мэр Генадзь Труханаў, якога аўтары справаздачы падазраюць сярод іншага ў валоданні 20-цю афшорнымі кампаніямі. Каментуючы кампрамат супраць сябе, Труханаў у манеры сапраўднага адэсіта-гумарыста заявіў, што аўтары дакладу пра панамскія лісты проста вырашалі пажартаваць.



Каментаваць