Як дапамагчы міліцыянту

Нашы праваахоўныя органы клапоцяцца пра грамадзянаў. А грамадзяне праяўляюць з імі незвычайную салідарнасць. І толькі паасобныя несвядомыя элементы не заўважаюць, што «міліцыя з народам».



Гандуз Агаеў, паліцыя Азербайджана. www.facebook.com


Праца праваахоўнікаў усё больш і больш апынаецца ў цэнтры ўвагі. Яны то журналіста паб’юць, то разаб’юць шкло машыны і выцягнуць адтуль кіроўцу, то некаторыя з іх апынуцца на лаве падсудных у сувязі з распаўсюдам наркотыкаў… Зразумела, такія факты схаваць немагчыма.

У гэтай сувязі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у нечым павінен быў апраўдвацца за сваіх падначаленых. Але вельмі дзіўным чынам ён гэта зрабіў. З аднаго боку, ён сказаў: «Міліцыянер не можа ісці за сваімі пачуццямі і адказваць хамствам на хамства. Міліцыянер не можа сваё ўнутранае, суб'ектыўнае стаўленне перакладаць на тую працу, якую ён робіць, і на таго аб’екта, на якога накіравана гэта праца. Правапарушальнік гэта або законапаслухмяны грамадзянін».

З іншага боку, па ягоных словах, некаторыя СМІ развязалі супраць міліцыі «інфармацыйную вайну». «Але ёсць частка (публікацый у СМІ. — рэд.), якая, на мой погляд, з’яўляецца не чым іншым, як інфармацыйнай атакай на дзейнасць такой структуры, як Міністэрства ўнутраных спраў. Я ацэньваю гэта так. Гэта інфармацыйная вайна, якая вядзецца ў дачыненні да Міністэрства ўнутраных спраў з усімі вынікаючымі наступствамі: два супрацьстаячыя бакі, набор інструментару», — сказаў міністр.

Заява дзіўная, бо СМІ — гэта люстэрка. Збілі журналіста tut.by Паўла Дабравольскага — прафесійная супольнасць журналістаў адрэагавала адпаведным чынам. У Віцебску міліцыянт выцягнуў падлетка з-пад колаў машыны коштам таго, што машына збіла яго самога, — і гэта таксама шырока абмяркоўвалася.

Можна было б казаць пра вайну, калі б «нячэсаныя журналісты» малявалі міліцыю чорнымі фарбамі. Але ж непрафесійную працу супрацоўнікаў МУС заўважаюць усе, незалежна ад падзелу на «чэсных» і «нячэсаных». Хіба не адразу пасля заявы Шуневіча пра «інфармацыйную вайну» спартыўны каментатар Сяргей Новікаў на канале «Беларусь 5» звярнуўся са скаргай да кіраўніка МУС на дзеянні міліцыянтаў на гандбольнай сустрэчы ў Брэсце паміж БГК імя Мяшкова і клубам «Скьерн» з Даніі. Па словах заўзятараў, на ўваходзе ў спорткомплекс «Вікторыя», дзе праводзілася гульня гандбалістаў, міліцыянты зацягнулі дагляд на 50 хвілін, з-за чаго амаль траціна гледачоў спазніліся на пачатак матчу. Тэлекаментатар у эфіры распавёў аб аналагічным выпадку з уласнага досведу. «Інакш, як ганьбай пачутае не назавеш», — мяркуе журналіст, які звярнуўся да міністра ўнутраных спраў з заклікам разабрацца ў канфлікце і распрацаваць меры бяспекі, якія задаволяць усе бакі.

Так што міліцыі трэба падумаць над сваімі паводзінамі. А чым можа дапамагчы грамадства? Дапамога атрымалася нечаканай.

У Гродне каталікі 4 сакавіка адзначалі літургічны ўспамін святога Казіміра, каралевіча, сына польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нябеснага апекуна Гродзенскай дыяцэзіі. Святочную Імшу пры алтары святога Казіміра ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Біскуп заклікаў асабліва памаліцца аб беларускай міліцыі, якая святкавала ў гэты дзень сваё прафесійнае свята, просячы ў Бога, каб міліцэйскі службы «выконвалі штодзённыя абавязкі з вялікай адданасцю, служачы чалавеку і несучы бяспеку і дапамогу», паведамляе catholic.by.

Благачынны Смаргонскай акругі протаіерэй Анатоль Разановіч 4 сакавіка ўзяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня міліцыі. Святар нагадаў пра складанасць эпохі, у якой даводзіцца служыць супрацоўнікам міліцыі: «Сёння патаптаныя ўсе запаведзі Божыя», і заклікаў нястомна прасіць заступніцтва Божай Маці.

У Расонах 3 сакавіка ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці госцем урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню міліцыі, стаў настаяцель праваслаўнага храма Узнясення Гасподняга протаіерэй Аляксандр Гардзевіч, які падзякаваў у сваім выступе супрацоўнікам міліцыі за іх службу, нагадаўшы, што служыць яны закліканыя не толькі людзям, але і Богу, таму «гэтая служба павінная быць бездакорнай». Святар уручыў начальніку РАУС Біблію і невялікія абразы для кожнага работніка аддзела, паведамляе eparhia992.by.

Беларусы ўвогуле — шчырыя і чулыя людзі. У сувязі з прысудам украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка беларусы два разы пікетавалі расійскае пасольства. Удзельнікі акцыі трымалі плакаты: «Путлера ў Нюрнберг», «Расія — гэта вайна», «Героям слава». «Сітуацыя вакол Саўчанка павінна ўсіх хваляваць. Пуцін паводзіць сябе, парушаючы ўсе законы. Саўчанка — гераіня Украіны. Наш прыход сюды — гэта падтрымка Надзеі Саўчанка і Украіны», — мяркуе Вячаслаў Сіўчык.

Беларусы апынуліся ў пазітыўным еўрапейскім трэндзе. А расійскія вышэйшыя службовыя асобы — пад пагрозай санкцый. Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах Федэрыка Магерыні ўвесці персанальныя санкцыі супраць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і яшчэ 28 расійскіх чыноўнікаў за «незаконнае абыходжанне з украінскай грамадзянкай Надзеяй Саўчанка».

Ліст-зварот, які падпісаны 57 еўрадэпутатамі, размясціў у сваім Твітары польскі еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі. Акрамя Пуціна ў спісе — дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, кіраўнік Следчага камітэта Аляксандр Бастрыкін, кіраўнік камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Аляксей Пушкоў, верхавод так званай «ЛНР» Ігар Платніцкі, а таксама пракуроры і суддзі, якія ўдзельнічалі ў працэсе Саўчанка.

Санкцыі будуць прадугледжваць забарону на выдачу віз у ЕС, замарожванне актываў названых асоб у краінах ЕС і канфіскацыю іх маёмасці на тэрыторыі Еўрасаюза. То бок тое, што зусім нядаўна знялі з Беларусі.

Каментаваць