Як і што парушае дзяржава

У мінулых артыкулах мы казалі пра тое, што правы ў беларусаў ёсць, але яны не выконваюцца. Дык што ж, няўжо правы чалавека ў Беларусі не абароненыя нічым і абараніць іх амаль немагчыма? Няпраўда, ёсць спосаб хаця б «націснуць» на дзяржаву, каб яна не зарывалася.
 



У 1973 годзе Беларусь падпісала два фундаментальных дакумента ААН: Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. У 1992 годзе парламент ужо суверэннай Беларусі пацвердзіў сваю правапераемнасць у ААН ад БССР і свае абавязкі па выкананні пактаў аб правах чалавека.

Больш за тое, быў ратыфікаваны Першы факультатыўны пратакол да МПГПП, згодна з якім грамадзяне краіны маюць права падаваць скаргі на парушэнне іх правоў і свабод з боку ўладаў. Гэтыя скаргі разглядае спецыяльна створаны Камітэт ААН па правах чалавека.

Першы пакт

Варта зазначыць, што, калі УДПЧ не мела «юрыдычнай моцы», то МПГПП з’яўляецца менавіта юрыдычным дакументам. Ён ужо не «дэкларуе», а абавязвае краін-падпісантаў Пакта выконваць агульнапрынятыя правы чалавека.

У Пакце канкрэтызуюцца правы і свабоды, якія замацаваныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Артыкул 2 Пакта ўсталёўвае абавязковы характар яго палажэнняў. У прыватнасці, ад кожнай дзяржавы патрабуецца (а не рэкамендуецца ці дэкларуецца) «паважаць і забяспечваць усім асобам, хто знаходзіцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, правы, якія прызнаюцца ў гэтым Пакце».

А паколькі гэты пакт фактычна поўнасцю ўтрымлівае ў сабе Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, то ён і абавязвае яе выконваць!

Больш за тое, на дзяржавы, якія падпісалі Пакт, накладаецца абавязак «забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаныя, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне здзейснена тымі, хто дзейнічаў у афіцыйнай якасці».

Гаворка ідзе пра любых службовых асобаў (уключаючы прэзідэнта краіны), якія парушаюць правы і свабоды чалавека. На іх дазваляецца падаваць пазовы ў суд або патрабаваць прыцягнення да іншай адказнасці.

Згодна Пакту, дзяржава не можа дапушчаць адступлення ад асноўных грамадзянскіх правоў, уключаючы права на жыццё, права не падвяргацца катаванням, права не ўтрымлівацца ў рабстве і паднявольным стане нават ва ўмовах надзвычайнага становішча (артыкул 4 Пакта). І нішто ў Пакце не можа тлумачыцца як тое, што азначае, нібы якая-небудзь дзяржава, якая-небудзь група асоб або адна асоба мае права ўчыняць дзеянні, накіраваныя на знішчэнне любых правоў і свабод або на абмежаванне іх у большай меры, чым прадугледжваецца Пактам (артыкул 5).

Гэта значыць, дзяржава і яе прадстаўнікі не маюць права замахвацца на агульнапрызнаныя правы і свабоды грамадзян, а таксама празмерна іх абмяжоўваць нават ва ўмовах вайны альбо катаклізму.

За што краіна нясе адказнасць?

Мы не будзем поўнасцю цытаваць МПГПП. У век інтэрнэту кожны можа знайсці тэкст дакумента. Засяродзімся толькі на найбольш відавочных пунктах, падкрэсліваючы іх абавязковасць для выканання дзяржавай.

Права на жыццё абвяшчаецца неад’ёмным правам кожнага чалавека, якое павінна ахоўвацца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця. Між тым, як вядома, Беларусь з’яўляецца адзінай з усіх еўрапейскіх краін, дзе захоўваецца гэты від пакарання, і адзінай з краінаў СНД, дзе такое пакаранне выконваецца. Пра гэта ўжо шмат казалі, і гэта тэма асобнай размовы. Дзеля адмены смяротнага пакарання быў распрацаваны Другі факультатыўны пратакол да Пакту, але нашая краіна (спадзяюся, пакуль) яго не падпісала.

У Пакце, як і ў Дэкларацыі, падкрэсліваецца, што чалавек не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню.

Паколькі ў Пакце не канкрэтызуецца такое абыходжанне, а ў беларускім заканадаўстве паняцця катаванняў няма, то гэта дазваляе вельмі шырока трактаваць палажэнні дакумента. Бо, як мы бачылі, адзінае, што недапушчальна, — звужэнне межаў трактоўкі, а не іх пашырэнне.

Такім чынам, зняволеных альбо затрыманых (бо гэта таксама абмежаванне правоў асобы) не павінны катаваць, «выбіваць» паказанні, дапытваць начамі, шантажаваць. Міліцыя не павінна дубінкамі і ботамі разганяць людзей, замыкаць затрыманых у «малпоўніку» без харчавання і адпраўлення натуральных патрэб.

Артыкул 8 Пакта забараняе ўтрымліваць людзей у паднявольным стане і прыцягваць да прымусовай (абавязковай) працы. Што да прымусовай працы як разнавіднасці паняволенага стану, то тут ёсць шмат прыкладаў. Такія, як прымус да працы асуджаных да пазбаўлення волі ці праца па размеркаванні выпускнікоў дзяржаўных ВНУ. У больш шырокім сэнсе гэта і кантрактная форма працоўных адносін без права абароны інтарэсаў працоўных. А таксама тэрміновая служба ў войску, калі няма магчымасцяў ад яе адмовіцца па палітычных або рэлігійных меркаваннях альбо прайсці службу, альтэрнатыўную вайсковай.

Самае цікавае пытанне ў гэтым рэчышчы: што рабіць з Дэкрэтам прэзідэнта №9, які ўвёў прымусовую працу без звальнення на ўсіх мадэрнізуемых прадпрыемствах дрэваапрацоўчай галіны?

Найважнейшае грамадзянскае права — права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або змяшчэнню пад варту. Кожны арыштаваны або затрыманы па крымінальным абвінавачванні ў тэрміновым парадку павінен быць дастаўлены да суддзі (або іншай службовай асобы, якой належыць права ажыццяўляць судовую ўладу) і мае права на судовае разбіральніцтва на працягу разумнага тэрміну або на вызваленне.

Падкрэслім: не да пракурора, а да незалежнага суддзі. А суддзя павінен зыходзіць з таго, што ўтрыманне пад вартай можа быць толькі крайняй мерай. У астатніх выпадках затрыманых трэба адпускаць, узяўшы ў іх абавязацельства з’яўляцца па выкліках органаў следства і суда.

Гэты стандарт стаў нормай жыцця ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Расіі і Украіне. Толькі Беларусь не жадае памяняць пракурора на суддзю (хоць у нашых умовах гэта адно і тое ж — Аўт.). У нас людзі гадамі сядзяць у следчых ізалятарах, чакаючы суду. Без судовага рашэння — яны невінаватыя ні ў чым. Вось вам і «адвольнае зняволенне» невінаватых без рашэння суда.

Кожны, хто асуджаны за злачынства, мае права на тое, каб ягоны прысуд быў перагледжаны вышэйстаячай судовай інстанцыяй. У выпадку судовай памылкі асоба, якая была несправядліва пакараная, павінна атрымаць кампенсацыю згодна з законам.

Ізноў вяртаемся да справы «мінскіх тэрарыстаў» Канавалава і Кавалёва. Адзінай, першай і вышэйшай інстанцыяй, якая іх асудзіла, быў Вярхоўны суд. Касацыйнай інстанцыі вышэй яго ў гэтым выпадку ў нас проста не існуе! Пададзеная «наглядная скарга» ў гэтым пытанні не з’яўляецца касацыйнай. Гэта стала адной з прычын трагічнага фіналу крымінальнай справы.

Варта таксама звярнуць увагу на арт. 17 Пакта, згодна з якім ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, самавольны або незаконны замах на недатыкальнасць яго жылля або тайну яго карэспандэнцыі або незаконны замах на яго гонар і рэпутацыю. Пры гэтым кожны чалавек павінен мець права на абарону закону ад такога ўмяшання або такіх замахаў.

Разгляд крымінальных справаў кандыдатаў у прэзідэнты 2010 года паказаў, чаго вартыя абавязацельствы Беларусі ў гэтым кантэксце. Праслухоўванне тэлефонаў некаторых з іх, а таксама сачэнне за іх электроннай перапіскай «невядомыя спецслужбы» вялі аж з вясны 2010 года, калі і справы па падзеях снежня 2010 года не існавала ўвогуле!

Так, санкцыя пракурора на гэтыя дзеянні ў матэрыялах справы маецца. Але яна з’яўляецца толькі фігавым лістком самавольства.

У паўкроку да Камітэту

Такім чынам, можна канстатаваць, што ў беларускай рэчаіснасці назіраецца відавочны перабор з абмежаваннем правоў і свабодаў: не толькі палітычных, але і агульнаграмадзянскіх. Відавочна, што незаконная «праслушка» альбо сачэнне, утрыманне ў СІЗА альбо ў «малпоўніку» могуць прымяняцца да кожнага грамадзяніна, які патрапіў на вока беларускім органам правапарадку. Прымусовая праца стала ледзьве не палітыкай беларускай дзяржавы. Таксама як абмежаванне волі, катаванні і прымус да дачы паказанняў могуць быць прымененыя да любога чалавека, і задоўга да суда. І гэтак далей…

Але ж не будзем забывацца, што нормы Пакта маюць для дзяржаў абавязковы характар. За выкананнем гэтых правоў ажыццяўляецца кантроль з боку Камітэта ААН па правах чалавека. Пра арганізацыю і дзейнасць гэтага органа, а таксама пра практыку разгляду ім скаргаў ад грамадзян Беларусі пойдзе гаворка ў наступнай публікацыі.

Каментаваць