Як я развальваў СССР

Ва ўмовах адсутнасці прыватнай уласнасці дэмакратыя непазбежна трансфармуецца ў дыктатуру. Гэта правіла не мае выключэнняў.

Прызнаюся, я ганаруся, што меў непасрэднае дачыненне да найвялікшай падзеі XX стагоддзя, хай нават яна здзейснілася ў форме катастрофы. Прычым мой удзел не быў эпізадычным, а меў сістэмны характар. Самае цікавае, родная дзяржава мае разбуральныя высілкі заахвочвала — гэта выяўлялася ў штомесячных прэміях, а таксама ў 13-х і 14-х зарплатах.



Ва ўмовах адсутнасці прыватнай уласнасці дэмакратыя непазбежна трансфармуецца ў дыктатуру. Гэта правіла не мае выключэнняў.

Прызнаюся, я ганаруся, што меў непасрэднае дачыненне да найвялікшай падзеі XX стагоддзя, хай нават яна здзейснілася ў форме катастрофы. Прычым мой удзел не быў эпізадычным, а меў сістэмны характар. Самае цікавае, родная дзяржава мае разбуральныя высілкі заахвочвала — гэта выяўлялася ў штомесячных прэміях, а таксама ў 13-х і 14-х зарплатах.

Месцам маёй працы быў «Інтэграл», куды мяне накіравалі пасля размеркавання ў 1974 годзе. Там я ўпершыню і пачуў слова «загашнік», пад якім на ўчастку паліроўкі крамянёвых пласцін разумелася няўлічаная прадукцыя, якая ўтвараецца за кошт перавышэння планавага працэнта выхаду.

Пазней я зразумеў, што «загашнік» не зводзіцца да запасаў няўлічанай прадукцыі. Звышнарматыўныя вытворчыя плошчы і абсталяванне, залішняя колькасць працаўнікоў, завышаныя нормы на матэрыялы — усё гэта складовыя часткі «загашніку», своеасаблівай «падушкі бяспекі», без якой немагчыма планавая эканоміка.

Існавала іерархія «загашнікаў» (участковыя, цэхавыя, завадскія і г.д.). Пры гэтым вышэйшыя кіраўнікі папаўнялі свае «загашнікі» за кошт сістэматычных набегаў на «загашнікі» падначаленых. Апошнія, натуральна, спрабавалі схаваць свае «ўнутраныя рэсурсы». Змаганне за пераразмеркаванне рэсурсаў паміж «загашнікамі» розных узроўняў з’яўлялася важнай складовай часткай эканамічнага жыцця Вялікай краіны.

Была б магчымасць…

Часам здараліся праколы. Ты збіраеш няўлічаную прадукцыю, а тут — раз, і пэўны від крамянёвых пласцін здымаюць з вытворчасці. Што рабіць? Даводзіцца складаць пласціны, што сталі непатрэбнымі, у скрыні і таптаць іх нагамі. Кошт крэмнію ў той час быў на ўзроўні золата. Але гэта калі ён у злітках. Пасля перапрацоўкі ў пласціны кошт істотна ўзрастаў. Цікава нават, на колькі ж сотняў тысяч долараў я ў свой час натаптаў?

У Пасланні–2010 ёсць выдатныя словы: «В глобальном масштабе преимущество будет иметь та экономическая система, которая достигнет более высокой производительности труда, качества продукции и снижения ее себестоимости». Гэта практычна прамая цытата з Маркса. З класікам не паспрачаешся, а таму Савецкі Саюз з такімі майстрамі вытворчых участкаў шанцаў ацалець ва ўмовах канкурэнцыі «дзвюх сістэм» практычна не меў.

Аднак уявіце сабе на хвіліну, што аўтара «Азбукі паліталогіі» ў свой час размеркавалі не на «Інтэграл», а на мясакамбінат. Ці таптаў бы ён няўлічаную каўбасу, у якой заканчвацца тэрмінам прыдатнасці? Сумняваюся. Хутчэй за ўсё, будучы беларускі палітолаг разам з калегамі па працы арганізаваў бы збыт няўлічанага, г. зн. заняўся б банальным крадзяжом.

Аналітыкі любяць разважаць пра класы, саслоўі ды іншыя сацыяльныя структуры. Але калі ісці «ад жыцця», а не ад заморскіх тэорый, то роднае грамадства паўстае падзеленым на тых, хто крадзе, і на тых, хто гэтай шаноўнай справай не займаецца, прычым не праз маральныя перакананні, а выключна з-за адсутнасці магчымасці красці.

Чым абмяжоўваюцца такія магчымасці? Па-першае, спецыфікай пэўнага працоўнага месца. Па-другое, гістарычным кантэкстам. У гады гарбачоўскай Перабудовы, калі ўлада, якая валялася ў брудзе, згубіла здольнасць эфектыўна канцэнтраваць і пераразмяркоўваць рэсурсы, ёй на дапамогу прыйшлі фізічныя асобы са сваімі прыватнымі інтарэсамі. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што маленькая Эстонія некалькі гадоў уваходзіла ў дзесятку сусветных экспарцёраў каляровых металаў? Гэты значны поспех быў дасягнуты за кошт раскрадання стратэгічных рэсурсаў, назапашаных на выпадак вайны. Партыю першай скрыпкі пры гэтым выконвалі расійскія чыноўнікі, прыстаўленыя да ўсесаюзнага «загашніку». Эстонскія ж гарачыя хлопцы ў дадзеным выпадку адыгрывалі ролю пасярэднікаў. Пасля распаду СССР яны першымі наладзілі прамыя кантакты з заходнімі рынкамі.

Кралі ў тыя гады эшалонамі. Найбольшым попытам карысталася тое, што можна было рэалізаваць за валюту, натуральна, па сімвалічных цэнах. На гэтым і скалацілі свае першыя капіталы «новыя рускія», «новыя беларусы» і далей па спісе.

Што прыводзіць да багацця?

Звернемся да табліцы, скла­дзенай па выніках апытанняў НІСПД. У снежні 1993 года, калі, па словах адзінага беларускага палітыка, «люди, стоявшие у власти, нагло и цинично растаптывали желания и чаяния своего народа», гэты самы народ спрабаваў выжыць, і ў якасці галоўных стратэгій выжывання абраў асабістыя сувязі (блат) і несумленнасць. На апошнім жа месцы ў той год апынулася адукацыя.

Такую расстаноўку жыццёвых прыярытэтаў варта прызнаць рацыянальнай. Людзі паўсюдна аднолькавыя. У роўнай ступені яны маюць патрэбу ў бяспецы, матэрыяльным дабрабыце, здароўі і сям’і. Але вось стратэгіі дасягнення пералічаных патрэбаў яны выбудоўваюць у залежнасці ад знешніх акалічнасцяў. На фоне эканамічнага хаосу пачатку 90-х праца, талент і адукацыя аб’ектыўна абясцэніліся, а дывідэнды па акцыях асабістых сувязяў і несумленнасці ўзраслі.

Калі я кажу пра крадзеж як пра важную нацыянальную асаблівасць, то маю на ўвазе прысваенне грамадзянамі выключна дзяржаўных рэсурсаў. У народзе падобная дзейнасць (калі размова не ідзе пра крадзяжы начальнікаў) не асуджаецца. Логіка тут простая: дзяржава імкнецца падгрэбці пад сябе абсалютна ўсё, пакідаючы пры гэтым сваіх падданых у чым маці нарадзіла. Падданыя, натуральна, супраціўляюцца, таму што выжыць, не выходзячы за рамкі «навукова абгрунтаваных нормаў спажывання», практычна не магчыма. У адказ на эканамічную ініцыятыву знізу дзяржава запускае махавік рэпрэсій. Адсюль закон аб пяці каласках і яго сучасныя аналагі. Таму ў часы дасавецкія, савецкія і цяперашнія колькасць асуджаных па эканамічных артыкулах заўсёды значна перавышала колькасць асуджаных па артыкулах палітычных.


У 2007 годзе ва ўмовах эканамічнага росту і сацыяльнай стабільнасці праца выйшла наперад і прыкметна пацясніла на шкале жыццёвых каштоўнасцяў былых лідэраў. Дадала і адукацыя. Сусветны эканамічны крызіс, дыханне якога беларусы адчулі ў канцы 2008 года, пакуль не прывёў да чарговага пераацэньвання, хоць і без яго амаль кожны другі бачыць у блаце асноўную крыніцу багацця, а кожны пяты — у несумленнасці.

Механізмы адаптацыі беларусаў да зменаў, якія адбыліся за апошнія дваццаць гадоў, практычна не вывучаныя, але зразумела, што класічная схема «эканамічныя цяжкасці спараджаюць пратэст» у нас у яўным выглядзе не працуе, таму не варта разлічваць на паўтор грэчаскага сцэнару.

Тут будзе дарэчы звярнуцца да цытавання: «Грамадства, якое адаптуецца, можа быць толькі грамадствам, што фрагментуецца. Яно ўвесь час дробніцца, паколькі рэсурсы — яны як бы належаць галоўнай асобе — абмежаваныя, а ў такой сітуацыі, як лічыць насельніцтва, трэба не аб’ядноўвацца, а падзяляцца, паколькі паасобку выжыць прасцей» (Леў Гудкоў, сацыёлаг). Тыя, хто арганізуе ў Беларусі «масавыя акцыі пратэсту», з працамі дырэктара «Левада-Цэнтра», хутчэй за ўсё, не знаёмыя. Але пра паніжэнне ў насельніцтва патрэбы аб’ядноўвацца з мэтай абароны сваіх правоў яны ведаюць і без чытання навуковай літаратуры.

Рэінкарнацыя «загашніку»

Існуе шырока вядомае ўяўленне, нібыта савецкая цэнтралізаваная эканоміка за гады незалежнасці трансфармавалася ў Беларусі ў эканоміку рынкавую. Пакуль цалкам пазбавіцца ад савецкай спадчыны ў яе не атрымалася, аднак гэта толькі пытанне часу. Сапраўды, на ўзроўні асобных прадпрыемстваў адбыліся істотныя змены. Раней прадпрыемствы гналі план, і праблема збыту іх не цікавіла. Усё вырабленае не прадавалася, а здавалася дзяржаве для наступнага пераразмеркавання, у тым ліку і фармальна недзяржаўнымі калгасамі.

Але дзяржава не толькі мела поўнае права прысвойваць вырабленую прадукцыю, яна несла абавязак па забеспячэнні прадпрыемстваў усім неабходным (кадрамі, абсталяваннем, сыравінай і г. д.). Па меры ўскладнення вытворчасці гэты абавязак рабіўся ўсё цяжэйшым, і дзяржава ў выніку надарвалася.

Працэс вызвалення ад логікі «это же произвести, а не продать» быў пакутлівым, але на сённяшні дзень ён завершаны. Адказнасць за збыт і забеспячэнне з вышэйшых кіраўнічых узроўняў перададзена прадпрыемствам, хоць асобныя рэцыдывы яшчэ здараюцца. Найбольш яркі прыклад — загад урада працаваць у рэжыме міністэрства гандлю.

Змены, аднак, не адмянілі запатрабавання ў «загашніках». Толькі зараз на вышэйшых узроўнях кіравання ў «загашніках» назапашваюць не штукі, а рублі. «Гайдар оденежил административный рынок», — такімі словамі Сымон Кардонскі ахарактарызаваў сутнасць таго, што адбылося. Варта толькі беларускаму прадпрыемству стаць па-сапраўднаму прыбытковым (форма ўласнасці значэння не мае), як дзяржава ўжо стукае лыжкай у дзверы.

Калі прадпрыемства дзяржаўнае, то прыбытак у яго будзе забраны на падставе пастановы ўрада. У якасці «загашніку» ў дадзеным выпадку выступае Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця. Калі прадпрыемства прыватнае, то забіранне «лішкаў» прыбытку вырашаць не па законе, а па згодзе. Вялікі камбінатар Астап Бэндэр ведаў «чатырыста параўнальна сумленных спосабаў адабрання грошай». У арсенале беларускіх чыноўнікаў іх не менш.

Тут шмат што залежыць ад памеру «лішкаў». Кагосьці «папросяць» пабудаваць лядовы палац або ўзяць на баланс былы калгас, а кагосьці — аплаціць рахунак у рэстаране, у якім чыноўнікі раённага маштабу абмяркоўвалі з замежнымі бізнесменамі свае інвестыцыйныя планы.

Магчымасць падобнага пераразмеркавання ператварае прыватную ўласнасць у службовую. Беларусы могуць валодаць і распараджацца ўласнасцю толькі пры ўмове службы дзяржаве. «Иначе, — як адзначыў на пачатку свайго прэзідэнцтва адзіны беларускі палітык, — потеряют всё».

Да чаго гэта прыводзіць, растлумачу цытатай, запазычанай у Юліі Латынінай: «Тая краіна, у якой абараняецца права ўласнасці, рана ці позна становіцца дэмакратыяй, як гэта адбылося, напрыклад, з Чылі або з Паўднёвай Карэяй. Тая краіна, у якой справа пачынаецца з дэмакратыі, вельмі часта заканчваецца дыктатурай, як гэта адбылося, напрыклад, у Венесуэле».

На жаль, адной Венесуэлай справа не абмежавалася. Спіс краін, у якіх першыя дэмакратычныя выбары сталі і апошнімі, немалы. І практычна ў кожнай «усенароднаабраны» лідэр перш за ўсё заняўся фармаваннем уласнага «загашніку».

 

Каментаваць