Як прапіярыць дыктатуру?

Беларусь, здаецца, стала такім «салодкім лохам» для замежных піяршчыкаў. На гэтай глебе раз-пораз узнікаюць скандалы. То нам спрабуюць уцюхаць другагатунковы і маральна састарэлы брэнд Мінска «Think Minsk», то да нас заварочваюць «на гадзінку» нейкія лорды Бэлы. Мэта ў іх адна — стрэсці як мага больш грошай пры як мага меншых працоўных затратах.



прафесар Рэдфардскага ўніверсітэту Грыгорый Ёфэ


На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка прыняў чатырох амерыканскіх даследнікаў. Імі былі прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду Глен Говард, супрацоўнік таго ж фонду Улад Сокар, Януш Бугайскі з Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў і прафесар Рэдфардскага ўніверсітэту Грыгорый Ёфэ.


Як сказаў пасля гутаркі Грыгорый Ёфэ, яна цягнулася дзве гадзіны, і, як заўсёды, анічога новага Аляксандр Лукашэнка гасцям з ЗША не распавёў. «Асноўным мэсэджам Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы было тое, што Беларусь вельмі хоча ўраўнаважыць сваю знешнюю палітыку, яна вельмі хоча мець нармальныя стасункі з ЗША, хоча, каб да яе ставіліся з павагай, як да незалежнай дзяржавы, яна не збіраецца ні з кім сябраваць ні супраць Расіі, ні супраць Амерыкі, што санкцыі абсурдныя, і гэта шмат хто пачынае разумець», — распавёў Ёфэ «Радыё Свабода».


Але ж амерыканцы не проста так трапілі на прыём да прэзідэнта — да яго з вуліцы не зойдзеш. Тут была патрэбная моцная падрыхтоўчая праца. Ды і сам беларускі прэзідэнт павінен быць зацікаўлены ў сустрэчы. А ў чым ягоная цікавасць?


Ускосна на гэтае пытанне адказаў Ёфэ, распавёўшы, што з боку іншых удзельнікаў сустрэчы былі «не столькі пытанні, колькі выступы». У прыватнасці, Глен Говард казаў, што беларускія ўлады павінны навучыцца піяру, каб адбіваць у заходнім друку бессэнсоўныя і часта беспадстаўныя паведамленні, якія маюць варожы характар адносна Беларусі. Таксама ён казаў, што пазіцыя Джэймстаўнскага фонду палягае акурат у тым, каб супрацьпаставіць тэндэнцыйнай інфармацыі інфармацыю больш узважаную.


Януш Бугайскі, аказалася, асабіста ведае міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і шматлікіх іншых прадстаўнікоў польскага палітычнага істэблішменту. Ён разумее, што з Беларуссю трэба будаваць сувязі, бо інакш могуць быць вельмі моцна падарваныя эканомікі Літвы, Латвіі і Усходняй Польшчы. І Бугайскі лічыць усіх гэтых заўзятых праваднікоў дэмакратыі «крыху страціўшымі розум».


То бок, прадстаўнікі заходняга боку казалі Лукашэнку тое, што ён жадае пачуць, і высветлілі ягоную пазіцыю па найбольш праблемных пытаннях у міжнароднай сферы. Усё гэта выглядае на тое, што адбыліся «агледзіны» новых піяршчыкаў і лабістаў Беларусі на міжнароднай арэне.


Тады ўсё становіцца на свае месцы: і казкі пра «навучыцца піяру», і пра тое, як адбіваць негатыўныя публікацыі ў заходнім друку, і прысутнасць там «сябры» Сікорскага з ягоным «асабістым веданнем польскага палітычнага істэблішменту». Знайшліся ахвочыя прысмактацца да кармушкі, ад якой адышоў лорд Бэл. Сітуацыя выглядае да камічнага люстэркава.


Лорд Цімаці Бэл з’яўляецца ў Беларусі 13 сакавіка 2008 года. І адразу пачынае сваю дзейнасць з сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, дзе абяцае распрацаваць план мерапрыемстваў па паляпшэнні іміджу нашай краіны на міжнароднай арэне. У жніўні 2008-га беларускі ўрад і «Bell Pottinger» падпісваюць кантракт. Ні тэрміны яго дзеяння, ні сума кантракту не агучваецца, але сам Бэл кажа, што на Беларусі ён заробіць мільёны долараў.


Неўзабаве пасля гэтага пачалося пацяпленне паміж афіцыйным Мінскам і Захадам. Часам паляпшэнне адносінаў прыпісвалася намаганням Цімаці Бэла, аднак ніякіх рэальных доказаў гэтага не было. Падчас узаемаадносінаў Беларусі з лордам Бэлам Лукашэнка даў некалькі інтэрв’ю замежным СМІ. Зноў жа, падчас партнёрства з Бэлам Беларусь даведалася, што ў прэзідэнта ёсць Коля Лукашэнка. Гэта, бадай, самы істотны вынік працы брытанскага піяршчыка.


У жніўні 2009 года беларускі ўрад адмовіўся працягнуць кантракт з «Bell Pottinger». А ў снежні 2012 года кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін выклаў у інтэрнэце квартальную справаздачу Бэла наконт зробленай ім працы. Інакш, чым прафанацыяй, гэтую справаздачу не назавеш.


Прыкладам, у якасці працы, зробленай па пункце дасягнення дыялогу з ЕС, Бэл прыводзіць свае сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Пяткевіч і на той час міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Гэта ўсё роўна, каб працоўны ў якасці доказу выкананай працы прывёў бы ў прыклад сваю размову з кіраўніцтвам. Супрацоўнікі ягонай фірмы правялі шэраг перамоваў з высокімі дыпламатычнымі асобамі ЕС і Вялікабрытаніі на прадмет прызнання парламенцкіх выбараў у Беларусі 2008 года. Але частка з гэтых асобаў, па-першае, не называецца (што ставіць пад сумненне сам факт перамоваў), а па-другое, вынікаў перамовы не далі. Ну і далей у такім жа стылі.


За сваю дзейнасць (хутчэй за яе імітацыю) Бэл атрымаў мільён долараў з 10 запланаваных.
Цяпер на месца Бэла прэтэндуюць новыя піяршчыкі. Але ці будзе ад іх хоць нейкая карысць?


Яшчэ раней старшы эксперт Інстытута дзяржаўных ідэалогій (Лондан) Наталля Лешчанка пісала, што піяр-агенцтвы наўрад ці здолеюць палепшыць імідж дзяржавы. «Хаця шматлікія піяр-агенцтвы з задавальненнем падпісваюць дзяржаўныя кантракты, вынік іх працы выяўляецца мінімальны... Піяр-агенцтвы прызначаны прадаваць прадукт, выбіраючы адну яго важную характарыстыку і накіроўваючы яго на пэўны сегмент аўдыторыі, што можна схіліць да пакупкі. Дзяржавам жа патрабуецца шматбаковае асвятленне сярод шырокіх грамадскіх масаў — а піяр-агенты, будучы замежнікамі, не валодаюць дастатковай экспертызай для разумення сутнасці пытання ў кожнай асобнай краіне. У выніку дзеяння піяр-агенцтваў аказваюцца аддзеленыя ад рэальных падзей ва ўрадзе і краіне з усімі іх асаблівасцямі і адметнымі рысамі: піяр асобна, урад асобна. Пакінуць працу з заходнімі аўдыторыямі на піяр-агенцтва — усё роўна, што даверыць запуск касмічнага карабля аўтамеханіку», — кажа Лешчанка.
 

Каментаваць