Як вылечыць палітычны «неўроз»

Пакуль Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў у Сочы вырашалі будучыню АДКБ і размаўлялі наконт будаўніцтва беларускай АЭС, у Мінску высвятлялі, у якім рэчышчы мусяць развівацца адносіны паміж дзвюма дзяржавамі-суседкамі. «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка?» — на такое пытанне спрабавалі адказаць прадстаўнікі апазіцыйных палітычных сілаў Беларусі і Расіі падчас аднайменнай канферэнцыі. Неблагія высновы, яркія асобы, але адзін мінус: рэальна ні беларуская, ні расійская апазіцыя на міжнародную палітыку сваіх дзяржаў не ўплывае.



Пакуль Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў у Сочы вырашалі будучыню АДКБ і размаўлялі наконт будаўніцтва беларускай АЭС, у Мінску высвятлялі, у якім рэчышчы мусяць развівацца адносіны паміж дзвюма дзяржавамі-суседкамі. «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка?» — на такое пытанне спрабавалі адказаць прадстаўнікі апазіцыйных палітычных сілаў Беларусі і Расіі падчас аднайменнай канферэнцыі. Неблагія высновы, яркія асобы, але адзін мінус: рэальна ні беларуская, ні расійская апазіцыя на міжнародную палітыку сваіх дзяржаў не ўплывае. Прадстаўнікі ўладаў канферэнцыю праігнаравалі.

Характэрна, што і беларускі і расійскі бакі сышліся ў шэрагу тэзаў, як то: змены ў Расіі ў дэмакратычным кірунку пацягнуць адпаведныя рэформы ў Беларусі; аўтарытарныя рэжымы не могуць дамаўляцца, бо на першае месца выступаюць не законнасць і правы, а ўнутраныя амбіцыі і жаданне дэманстраваць сілу.

Што тычыцца перспектыў Саюза, аб’яднаннях дзвюх юрыдычна незалежных дзяржаў, то варта прызнаць, што яны даўно перайшлі ў шэраг пустых абяцанак. Беларусы не бачаць сябе ў складзе Расіі. Важна, што прадстаўнікі расійскай палітычнай апазіцыі ўжо прызнаюць Беларусь як краіну з правам на суверэнітэт.

Адносіны нашых суайчыннікаў да магчымага аб’яднання з Расіяй прадэманстраваў сацыёлаг, дырэктар сацыяметрычнай лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі. Паводле даследаванняў, геапалітычная арыентацыя беларусаў зведала некалькі этапаў развіцця. Для 2000-га — першай паловы 2004 года была характэрная роўнанакіраванасць на Усход і Захад. Аднак пасля пашырэння Еўрапейскага саюза ў 2004 годзе і пад уздзеяннем негатыўнай інфармацыі беларускіх СМІ пачаўся рост прарасійскай арыентацыі.

У 2007 годзе пасля шэрагу палітычных і эканамічных канфліктаў з Расіяй (найперш «газавай вайны») працэнт тых, хто арыентуецца на ўсходнюю суседку, зменшыўся на 10 працэнтаў. Адначасова беларусы пачалі больш пільна прыглядацца да Захаду. Да гэтага часу мы жывем у стадыі зацікаўленасці еўрапейскім курсам. Між іншым, за ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі на правах федэрацыі выступаюць толькі пяць працэнтаў жыхароў «сінявокай», а 74,1 працэнта лічаць, што Беларусь павінна быць незалежнай.

Рэчаіснасць вымагае ад Расіі прымірыцца з фактам, што Беларусь наўрад ці ўвойдзе ў яе склад, і што калісьці стане сябрам ЕС і NАТO. Кіраўніцтву Расіі, як адзначыў палітык Леанід Гозман, варта пазбавіцца ад «неўрозу» і асэнсаваць, чаго ж яно ўвогуле хоча ад адносін з Беларуссю.

«Нельга сказаць, што ў Расіі і Беларусі вельмі дрэнныя ўзаемаадносіны. Паміж Расіяй і Украінай, Расіяй і Грузіяй стасункі значна горшыя, з Грузіяй мы нават ваявалі, — праводзіў асацыятыўныя паралелі Гозман. — Расія і Беларусь паводзяць сябе як муж і жонка, якія і разысціся не могуць, і жыць разам не здольныя, таму ператвараюць сваё жыццё ў пекла. Доказ гэтаму — крыўды адзін на аднаго, пастаяннае высвятленне таго, чаму партнёр, суччын сын, такі няўдзячны. З расійскага кіраўніцтва хто-небудзь пачынае гаварыць: вось мы вам столькі далі, а вы нават Абхазію прызнаць не хочаце. Хоць, падавалася б, чаго б у вас абламалася прызнаць Абхазію? Хаця незразумела, як бы нам стала лепш ад гэтага».

Фінансавыя датацыі з боку РФ беларускаму рэжыму ствараюць канфлікт інтарэсаў у самой Расіі. «Агулам РФ выдзеліла Беларусі каля 120 мільярдаў рублёў крэдыту. Ці значаць для Расіі што-небудзь гэтыя грошы? У гэтым годзе расійскі ўрад адмовіўся ад падвышэння зарплаты. 120 мільярдаў рублёў — гэта для рэгіёнаў пад’ём заробка прыкладна на 6,6 працэнта», — заявіў экс-намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Аляксашанка. Паводле яго меркавання, выдача крэдытаў і іх вяртанне — прадмет палітычнага гандлю, які неаднойчы будзе выкарыстаны бакамі ў сваіх інтарэсах. Пры гэтым і Расія, і Беларусь пакуль што занадта залежныя адна ад адной, каб хутка вырашыць усе канфліктныя пытанні. Беларусь энергетычна залежыць ад Расіі, апошняя, у сваю чаргу, залежыць ад транзіту па тэрыторыі Беларусі.

Замест падсумавання варта прывесці словы Леаніда Гозмана: «Яшчэ адна праблема расійскага грамадства ў плане расійска-беларускіх адносін складаецца ў непавазе да Беларусі. Ёсць меркаванне, што беларуская дзяржава — гэта штосьці штучнае і выпадковае. Ну, хлопцы, вось вам проста пашанцавала незразумела з чаго. З якой, наогул, радасці Беларусь — дзяржава? Вось гэта распаўсюджаны пункт погляду ў Расіі. І негатыў у дачыненні да Лукашэнкі ў расійскай ліберальнай частцы грамадства пераносіцца калі не на беларускі народ, то на беларускую культуру, беларускую гісторыю і дзяржаўнасць». Партнёры, якія не паважаюць адзін аднаго, наўрад ці будуць весці справы адкрыта і начыстую. Адсюль пастаянныя канфлікты і гульні на «апярэджванне» з жаданнем выкарыстаць палітычнага хаўрусніка і адначасова апанента, а заадно і выйсці ў дамкі.

Каментаваць