Як зруйнаваць звышдзяржаву?

У той час, як Пуцін намагаецца скурочыць з Расіі звышдзяржаву, у ягоныя спрбы не вераць нават самыя праімперскія аналітыкі. На іх думку, Расія нічога не вартая без беларусаў, армян і нават кіргізаў.



Сімптаматычным у гэтым плане стаў артыкул Аляксея Арцаха на сайце інфармацыйна-аналітычнага анлайн-выдання «Сегодня». Спадар Арцах вымушаны быў прызнаць, што ягоная краіна ператварылася ў сусветнага ізгоя, якому патрэбныя хаўруснікі.

Калі хаўруснікаў няма, Арцах прапануе іх стварыць у «дабраахвотна-прымусовым» парадку, скарыстаўшы АДКБ. Маўляў, «штогод мы праводзім маштабныя вучэнні з прыцягненнем тысяч вайскоўцаў і сотняў адзінак баявой тэхнікі, здзяйсняем шматкіламетровыя маршы ў пустынях, дэсантуемся на крайняй поўначы… Дык чаму ж на нашай авіябазе ў Хмейміме дагэтуль не кватаруе пара звёнаў знішчальнікаў беларускіх ВПС з нашай сумеснай базы ў Баранавічах? Ці не час Лукашэнку не на словах, а на справе паказаць брацкую любоў двух славянскіх народаў?» — пытаецца расійскі журналіст.

Адпраўкі войскаў у Сірыю Арцах патрабуе ад Казахстана, Арменіі, і нават ад Кыргызстана! Спасылаючыся пры гэтым на артыкул 8 Статута АДКБ, дзе кажацца пра тое, што дзяржавы — сябры блока «каардынуюць і аб’ядноўваюць свае намаганні ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам».

Цікавая думка, праўда? АДКБ павінна змагацца з тэрарызмам і экстрэмізмам па-за сваімі межамі. Як казаў у савецкія часы адзін палітрук, «ЗША ўмешваюцца ва ўнутраныя справы СССР па ўсім свеце».

Эпісталярны твор Арцаха нагадаў мне адзін анекдот, калі журналіст тэлефануе эксперту: «Гэта такі-та, эксперт у галіне барацьбы з тэрарызмам? — Так. — На вашу думку, якія наступствы будуць з-за тэракту ў Парыжы? — Я не магу зараз адказаць, у мяне кантрольная па алгебры». Выглядае на тое, што «кантрольная па алгебры» і ў самога Арцаха. Як можна сур’ёзна ставіцца да тэксту аўтара, які піша «наперекор» паасобку? Так і было напісана ў першапачатковым варыянце тэксту: «на перекор».

Невядома, дзе Арцах знайшоў «нашу сумесную базу ў Баранавічах». Пакуль што (дзякуй Богу) ніякай сумеснай авіябазы ў нас не існуе. Прылятала тут на дзяжурства звяно расійскіх знішчальнікаў, але звяно — гэта ўсяго чатыры самалёты.

А вось сярод вайскоўцаў у выніку гэтага «экспертнага меркавання» могуць быць непрыемнасці, і нават «чысткі». Бо Арцах спасылаецца на некаторых неназваных «асобных старшых афіцэраў» нашых Узброеных Сілаў, якія, нібыта, «лічаць, што войска застаялася ў казармах, і аказанне брацкай дапамогі Расіі ў барацьбе з сусветным тэрарызмам пайшло б яму толькі на карысць». На месцы Аляксандра Рыгоравіча я б задумаўся: хто гэта там такі дзёрзкі? Хто ідзе супраць Канстытуцыі (а значыць, і супраць яе гаранта), якая забараняе адпраўку беларускіх вайскоўцаў на вайну за мяжу?

Варта зазначыць, што дамова АДКБ тычыцца толькі тых краінаў, якія падпісалі гэтую дамову, на чым расійскі прапагандыст увагі, зразумела, не акцэнтуе. Для таго, каб яе задзейнічаць, трэба, каб была тэрарыстычная небяспека для дзяржаў — сябраў АДКБ. Менавіта сябраў, якія павінны звярнуцца па гэтую дапамогу. І нельга сказаць, што гэта не працуе.

Узгадаем, напрыклад, балючую тэму — тэракт у мінскім метро 11.04.2011. У адпаведнасці з усімі дамоўленасцямі ўжо 12 красавіка з Масквы ў Мінск была накіраваная група следчых і крыміналістаў цэнтральнага апарату Следчага камітэта Расіі, каб дапамагчы нашым следчым у іх працы. Бо нашы, у адрозненне ад расійскіх, з такімі выпадкамі не сутыкаліся. А тыя следчыя, якія завіталі да нас, якраз і спецыялізаваліся на расследаванні крымінальных спраў па злачынствах тэрарыстычнай скіраванасці.

Але дзе Мінск, а дзе Сірыя? І хіба Сірыя далучылася да АДКБ? Вось калі яна туды ўступіць, то, можа быць, і ўзнікнуць падставы для аказання ёй дапамогі гэтым блокам. Але… Наўрад ці хто з сябраў АДКБ, апроч Расіі, пагодзіцца на такога «хаўруснічка». Так што ніякіх падставаў для разгортвання АДКБ у бок Сірыі пакуль што няма.

Падобныя артыкулы неаднаразова ўзнікаюць у расійскай прэсе. Гэта пачалося нават не з часоў украінскага канфлікту, а з расійска-грузінскай вайны 2008 года. Варта Расіі кудысьці ўляпацца, адразу ж пачынаецца енк: «А дзе нашы хаўруснікі? Чаму замест нас не ваююць беларусы?».

І што паказальна: у той час, як Пуцін намагаецца скурчыць з Расіі звышдзяржаву, аналітыкі, падобныя да Арцаха, пераконваюць: ніякая Расія не звышдзяржава. Без хаўруснікаў яна — ніхто, і зваць яе ніяк. Яна не здолее разабрацца са сваімі авантурамі без беларусаў, армян і нават кіргізаў. А калі так, то можа, прыйшоў час сцішыць імперскія амбіцыі?

А для Беларусі гэта яшчэ адна нагода падумаць, ці патрэбнае ёй сяброўства ў АДКБ.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-12-03 14:51:46
"Як можна сур’ёзна ставіцца да тэксту аўтара, які піша «наперекор» паасобку?" - даражэнькі, у многіх аўтараў з навуковымі ступенямі, паважаных людзей, я бачыў і не такое. Вы самі
падобных памылак ("у ягоныя спрбы") не робіце? Ах, я забыўся, Вы ж не эксперт, а журналіст :))

Каментаваць