«Якую краіну развалілі!»

На тыдні ў некаторых была магчымасць панастальгаваць па СССР. У Мінск прыехаў кіраўнік расійскай кампартыі Генадзь Зюганаў, каб атрымаць з рук Аляксандра Рыгоравіча дзіўную ўзнагароду.

Лукашэнка ўручыў Зюганаву ордэн Дружбы народаў, якім галоўны расійскі камуніст уганараваны «за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй, станаўленне Саюзнай дзяржавы, развіццё эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў».

«Столькі, колькі робіце вы ў Расіі, гэта не для ліслівасці сказана, ніхто не рабіў і не робіць, — сказаў Лукашэнка. — Мы ўзнагародзілі вас не да выбараў, а даўно. Проста ў нас не было выпадку, каб я асабіста вам уручыў гэту ўзнагароду».

Чаму ўзнагарода дзіўная? Таму што ў беларускай мове няма такога слова — «дружба». Ёсць «сяброўства». Тое, што беларуская ўзнагарода мае найменне на мове суседняй дзяржавы, пагадзіцеся, выглядае недарэчным. Канешне, руская мова ў Сінявокай мае роўны статус з беларускай, але называць на ёй дзяржузнагароды — перабор.




Лукашэнка таксама выказаў і свае ідэалагічныя сімпатыі. Паводле яго словаў, Камуністычная партыя з’яўляецца самай блізкай да народа. «Я вельмі рады, што кіраўніцтва Расіі нарэшце зразумела, што Кампартыя — гэта партыя не развалу, не процістаяння, не рэвалюцыі і вайны, а што гэта партыя накіраваная на стварэнне», — заявіў беларускі кіраўнік.

Але насамрэч Зюганаў, хутчэй за ўсё, прыехаў у «апошні аплот сацыялізму» не за ўзнагародай. А панастальгаваць па тых часах, калі долар каштаваў 60 капеек. Праўда, зараз ён каштуе два рублі, але гарэлку па сем рублёў ніхто не адмяняў. Так што Генадзь Андрэевіч мог узгадаць тут сваю маладосць. Нават нягледзячы на тое, што кілбасы «па рубель дваццаць» няма і не прадбачыцца.

Прыкра толькі, што нічым, акрамя новых коштаў, беларускае кіраўніцтва парадаваць дарагога госця не змагло. У астатнім наша краіна набліжаецца да «аскалу капіталізму». Напрыклад, новую фішку фактычна галоўнага банку краіны — «Беларусбанка» — ужо ахрысцілі «падаткам на грошы».

Справа ў тым, што з 1 жніўня ў гэтым банку ўводзяць камісійны збор у памеры ў 1 новы рубель за ўсё наяўныя плацяжы. Фактычна, рубель давядзецца заплаціць за адзін падыход да касавага акенца: пры гэтым усё роўна, адну аперацыю вы ажыццяўляеце альбо дзесяць. І нават калі вы захочаце пакласці два рублі на рахунак мабільнага тэлефона, давядзецца да гэтай сумы дадаць рубель.

У «Беларусбанку» тлумачаць, што і так амаль апошнімі пайшлі на такі крок: «Толькі «Белаграпрамбанк» застаўся, усе даўно перайшлі на збор камісіі». Няцяжка таксама здагадацца, што такім чынам банкі спрабуюць засцерагчыся ад велізарных чэргаў жадаючых аплаціць камунальныя паслугі. Магчыма, цяпер людзі будуць карыстацца іншымі метадамі аплаты.

Але што здзіўляе: у банку кажуць, што ўсе камісійныя зборы пойдуць на дабрачынныя мэты пасля кансультацыі з Міністэрствам сацыяльнай абароны.

Пагадзіцеся, нейкая дзіўная дабрачыннасць. Прымусовая. Хочаш — не хочаш, але аддай банку камісію (між іншым, даволі высокую, 10 000 на старыя грошы — гэта кубак кавы) на тое, на што грамадзяне, па ідэі, заўсёды ахвяруюць добраахвотна. Канешне, было б нармальна, калі б гэты «дабрачынны фонд» меў бы канкрэтныя і вызначаныя мэты скарыстання грошай. І нават не канкрэтныя, а проста вызначаныя: на лячэнне хворых дзяцей, на дапамогу дамам-інтэрнатам і г.д. Але ж і вызначанасці няма! «Мы збярэм з вас грошыкі, а потым вырашым, як мы іх патрацім».

Затое наш урад працягвае перавыконваць антызадачы. На 2016 год у нас быў запланаваны рост ВУП на 0,3% мінімум. Эксперты Даследчага цэнтра ІПМ і Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі (GET Belarus) яшчэ ў чэрвені казалі, што спад ВУП у нас у гэтым годзе дасягне 2%. Рэальнасць апынулася яшчэ горшай. ВУП сінявокай за паўгады знізіўся на 2,5%.




Праўда, гэта яшчэ не канец. МВФ прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі па выніках 2016 года на 3%, а ў 2017-м — на 0,5%, Сусветны банк — на 3% і 1% адпаведна. Але нашы чыноўнікі таксама здзівілі. Па выніках чатырох месяцаў тэмпы падзення ВУП складалі 3–4%. І на падставе такога «стабільнага падзення» ўлады прыйшлі да высновы пра тое, што намецілася «дынаміка вяртання на траекторыю эканамічнага росту». Смешна? Мне таксама.

У Беларусі ў студзені-чэрвені 2016 года ўведзена ў эксплуатацыю 2 мільёны 75,4 тысяч квадратных метраў жылля, на 24,5% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У студзені-чэрвені валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) знізіўся ва ўсіх абласцях Беларусі і Мінску. У студзені-маі ў выніку зніжэння сусветных цэн на сыравінныя тавары беларускі нафтавай і калійны экспарт скараціўся больш чым на 1,5 мільярда долараў.

Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва падаюць з пачатку года. Да прыкладу, у студзені яны скараціліся на 5,4% да аналагічнага перыяду 2015 года, у студзені-лютым — на 6,4%, у студзені-сакавіку — на 6,5%, у студзені-красавіку — на 6,8% , а ў студзені-маі — на 7%. Гэта антырэкорд не толькі для гэтага года, але і для мінулага.

Тым часам кошты за студзень-май выраслі на 7%, за чэрвень яны падняліся яшчэ 0,4%.

Пісаць пра тое, як дрэнна мы жывем, не мае сэнсу, усе і так адчуваюць гэта на сваёй скуры. Пры гэтым, канешне, узнікаюць вельмі падставовыя сумненні ў тым, што грошы, якія «выцыганіць» са сваіх кліентаў ці не самы галоўны дзяржбанк краіны, сапраўды пойдуць на дабрачыннасць. Хутчэй, будзе прафінансаваная чарговая «дзяржпраграма».

Праўда, ёсць прапанова, куды б «Беларусбанк» мог бы накіраваць «добраахвотна-прымусовыя» ўнёскі кліентаў так, каб тыя не пакрыўдзіліся. На платформе «Талака» пачаўся збор сродкаў на экранізацыю апавядання Васіля Быкава «Народныя мсціўцы». Як кажа рэжысёр фільма Аляксандр Меліхавец, гэта фільм не пра партызанаў і не пра вайну, як можа падасца з назвы (яна на самай справе сатырычная), а пра маральны выбар, заезджаную ўжо «талерантнасць», цярплівасць і іншыя характэрныя рысы беларусаў. Акрамя цікавага і актуальнага сюжэту ў фільме будзе ўсё, чаго, на думку аўтара, не хапае сучаснаму беларускаму кіно: беларуская мова, зварот да нашай літаратуры і актуальных тэмаў.

Ці праспансуе «Беларусбанк» беларускае кіно?



Каментаваць