Ярмошына не разабралася, што такое «Народны рэферэндум» і назвала яго авантурай

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына назвала авантурай збор подпісаў, які праводзіцца кампаніяй «Народны рэферэндум». Пра гэта яна заявіла 1 ліпеня на пасяджэнні ЦВК.



«Сцвярджэнні аб нібыта сабраных 120 тысячах подпісаў не маюць пад сабой ніякіх падстаў. Не сабрана ніводнага подпісу, бо адпаведная група не была зарэгістраваная. Яны юрыдычна нікчэмныя і не могуць быць улічаныя пры прыняцці рашэння аб правядзенні рэферэндуму», — сказала Ярмошына. «Тыя, хто дурыць людзей, павінны ведаць, што гэта авантура», — падкрэсліла яна.

Як паведамляе БелаПАН, кіраўніца ЦВК таксама перасцерагла ініцыятыўныя групы ад выкарыстання пікетаў па зборы подпісаў для іншых мэтаў. «Пэўныя палітычныя сілы збіраюцца праводзіць нейкую кампанію «Народны рэферэндум». Тыя пікеты, якія будуць праводзіцца для збору подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты, не могуць выкарыстоўвацца для іншых мэтаў. Іншыя зборы подпісаў на пікеце праводзіцца не могуць, яны незаконныя. Асоба, якая ўдзельнiчае ў такім зборы подпісаў, можа быць прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці», — папярэдзіла Лідзія Ярмошына.

Адразу бачна, што спадарыня кіраўніца ЦВК добра варыць баршчы, але не разбіраецца ў «Народным рэферэндуме». Збор подпісаў за правядзенне рэферэндума ў межах кампаніі праводзіцца пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб ужо тыя ініцыявалі ягонае правядзенне. Для гэтага не трэба рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндума: зварот да дэпутатаў рэгулюецца законам аб зваротах грамадзянаў, а не Выбарчым кодэксам.

У кааліцыю «Народны рэферэндум» уваходзяць кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ, рух «За Свабоду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Галоўная ідэя ініцыятывы «Народны рэферэндум» — вынесці на ўсенароднае абмеркаванне шэсць ключавых пытанняў, якія тычацца развіцця беларускай дзяржавы і грамадства.

Вылучацца кандыдатам у прэзідэнты ён «Народнага рэферэндуму» мае намер актывістка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, якая ўжо актыўна праводзіць выбарчую кампанію.

30 чэрвеня яна падала ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 15 ліпеня ў сталіцы трох пікетаў, на якіх грамадзян будуць запрашаць ўвайсці ў склад яе ініцыятыўнай групы. «Мы для сябе вызначылі некалькі крытэрыяў перамогі. Вядома, будзем арыентавацца на незалежныя сацыялагічныя даследаванні, якую падтрымку атрымае ідэя «Народнага рэферэндуму», і якую падтрымку атрымаю на гэтых выбарах я», — заявіла Караткевіч журналістам пасля падачы заяўкі ў гарвыканкам.

Каментаваць