Ярмошынай усё роўна, колькі будзе кандыдатаў, бо грошай ім не дадуць

Дзяржаўнага фінансавання агітацыйных кампаній кандыдатаў у прэзідэнты не будзе, заявіла 14 мая на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.



«Сур’ёзных навінаў не будзе, паколькі мы будзем працаваць на аснове выбарчага заканадаўства, якое было адкарэктавана яшчэ да 2014 года. А калі дакранацца выбараў прэзідэнта, то і да 2012-га», — сказала яна.

«У 2010 годзе былі некалькі іншыя правілы правядзення выбараў. Так, было дзяржаўнае фінансаванне перадвыбарных агітацыйных кампаній кандыдатаў у прэзідэнты. Цяпер яго няма. Таму, калі мяне пытаюцца, колькі ў нас будзе кандыдатаў у прэзідэнты, на колькі вы разлічваеце, я кажу, што ў нас няма на гэта разліку, таму што мы не будзем выдзяляць грошы», — заявіла старшыня ЦВК.

Паводле яе словаў, кандыдаты будуць праводзіць агітацыю толькі на тое, што збяруць самі. «Але затое ім павялічылі магчымасці асабістых фінансавых фондаў з трох тысяч базавых велічынь да дзевяці тысяч. Ім далі магчымасць ствараць фонды не з моманту рэгістрацыі іх кандыдатамі ў прэзідэнты, а з таго моманту, як яны зарэгіструюць ініцыятыўную групу» — цытуе Ярмошыну БелаПАН.

Нягледзячы на гэта, прэзідэнцкія выбары абыйдуцца беларускаму бюджэту ў капейчыну. Сёлетнія выбары будуць каштаваць 180 мільярдаў рублёў (крыху больш за 12 млн. долараў па сённяшнім курсе — НЧ), перадае Еўрарадыё. Большая частка гэтых грошай пойдзе на заробкі сябрам выбаркамаў.

Нагадаем, што пасля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады ўсе прэзідэнцкія выбарчыя кампаніі праходзілі ў адзін тур. 

Каментаваць