Яшчэ адна кааліцыя

Прадстаўнікі розных палітычных структур Беларусі падпісалі пагадненне аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блоку (БНБ). Да яго далучыліся партыя БНФ, арганізацыі «Малады Фронт», «Правы Альянс», МХСС «Маладыя дэмакраты», рух «За Свабоду», аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рух салідарнасці «Разам», рух «Маладая Беларусь». Аб’яднаная грамадзянская партыя ад уступлення ў кааліцыю адмовілася.



Прадстаўнікі розных палітычных структур Беларусі падпісалі пагадненне аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блоку (БНБ). Да яго далучыліся партыя БНФ, арганізацыі «Малады Фронт», «Правы Альянс», МХСС «Маладыя дэмакраты», рух «За Свабоду», аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рух салідарнасці «Разам», рух «Маладая Беларусь». Аб’яднаная грамадзянская партыя ад уступлення ў кааліцыю адмовілася. Новаствораны блок будзе адкрытым для далучэння ўсіх суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, якія падтрымліваюць акрэсленыя ў пагадненні мэты і каштоўнасці, заяўляюць заснавальнікі БНБ.

Ініцыятарам стварэння кааліцыі выступіла партыя БНФ пасля правядзення апошняга з’езду і змены кіраўніцтва. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ранейшая кааліцыя — Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы — даўно сябе зжыла. «АДС мёртвы ўжо досыць даўно. Гэта не было звязана ні са стварэннем новай кааліцыі, ні са зменай кіраўніцтва ў партыі БНФ. АДС як палітычная кааліцыя памёр пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Незалежніцкі блок не ствараўся як нешта насуперак АДС, гэта структура ўжо не стаіць на парадку дня», — падкрэсліў палітык.

Разам з тым экс-старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі бачыць у новай кааліцыі спробу стварэння калабаранцкай апазіцыі. «Я чытаў праект Дэкларацыі. Там ніводнага слова пра змаганне з рэжымам няма», — цытуе афіцыйны сайт АДС Баршчэўскага. Па яго словах, таталітарныя ідэалогіі камунізму і фашызму, асуджэнне якіх дэкларуе БНБ, — гэта гістарычныя пагрозы. А намер кааліцыі не змагацца з такой з’явай, як «лукашызм», трывожыць палітыка.

Па задуме стваральнікаў Беларускага незалежніцкага блоку, яго дзейнасць мусіць грунтавацца на супольнасці ідэйных перакананняў: за падставовыя каштоўнасці вызначаюцца свабода і годнасць чалавека, незалежнасць і дэмакратычны лад кіравання Беларусі, нацыянальныя традыцыя і культурная спадчына дзяржавы. Такім чынам, у шэрагу прыярытэтаў новай палітычнай кааліцыі — стварэнне ўмоў для правядзення ў дзяржаве свабодных і справядлівых выбараў, ініцыятыва рыначных рэформаў, праца, накіраваная на спыненне палітычных рэпрэсій і вызваленне палітвязняў, наладжванне стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі-сябрамі праграмы «Усходняе партнёрства» і Еўрасаюза.

«Акрамя незалежнасці, дэмакратыі, нам важны еўрапейскі выбар Беларусі. Гэта цэлы шэраг дзеянняў, якія мы збіраемся ажыццявіць, — тлумачыць Аляксандр Мілінкевіч. — Мы не лічым, што адным жаданнем мы калісьці станем сябрам Еўрасаюза, а для мяне гэта стратэгічная мэта. Нам трэба многае зрабіць у мадэрнізацыі гаспадаркі, ажыццявіць сацыяльныя і палітычныя рэформы, і самае галоўнае — мы мусім змяніць менталітэт нашых людзей, каб яны зразумелі, што беларусы былі, ёсць і будуць еўрапейскай нацыяй. Мы адчуваем сваю моц не таму., што за намі вялікія арганізацыі, а таму што верым — ідэя свабоды, салідарнасці, справядлівасці, еўрапейскага шляху аб’яднае многіх і многіх людзей». Што тычыцца адносінаў з Расіяй, то Мілінкевіч падкрэсліў, што не мае «русафобіі», аднак «супраць расійскага імперыялізму, але не Расіі».

Першай супольнай акцыяй БНБ будзе правядзенне 14 лістапада Беларускага еўрапейскага форуму, праз які палітыкі бачаць стварэнне «дыскурсу для геапалітычнага выбару краіны».

На вяршыню палітычнай плыні паступова выходзіць тэма наступных прэзідэнцкіх выбараў. У Беларускім незалежніцкім блоку існуе як мінімум два патэнцыйных кандыдаты на ўдзел прэзідэнцкай кампаніі: сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Віталь Рымашэўскі і лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Раней з вуснаў палітыкаў гучалі заявы, што ўдзел у выбарчай кампаніі немэтазгодны без унясення змяненняў у выбарчае заканадаўства. Цяпер вядома, што на гэтай сесіі парламенту будуць разгледжаныя папраўкі ў Выбарчы кодэкс Беларусі, якія ўлічваюць пажаданні АБСЕ, выказаныя пасля падвядзення вынікаў парламенцкіх выбараў 2008 года. Мілінкевіч лічыць, што змены ў Выбарчым кодэксе — не гарант справядлівых выбараў.

«Я б не перабольшваў значэнне зменаў у заканадаўстве, — гаворыць экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі. — Галоўнае, як яно будзе выкарыстоўвацца. Заўжды гавару: «У Сталіна хіба канстытуцыя кепская была? Лепш, чым у французаў. І што з таго?». Закон добры, а суда незалежнага няма, пракуратура не працуе, міліцыя пачынае рэпрэсіі. Ці будуць выбары дэмакратычнымі толькі ад змены заканадаўства, я не ўпэўнены. Справядлівыя выбары — гэта не толькі падлік галасоў, але і доступ да СМІ, людзей. Я не веру, што гэта з’явіцца».

-------------------------------------------------------

Фота Юрыя Дзядзінкіна

Каментаваць