ЕС спрыяе маргіналізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі канстатуюць рэгіянальны крызіс і стагнацыю праграмы “Усходняе партнёрства”. Ёсць прапановы стварыць антыпуцінскую кааліцыю.
 



У Мінску адбылася чарговая канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Апроч працэдурных пытанняў, на канферэнцыі абмяркоўваўся стан праграмы “Усходняе партнёрства”  і супрацоўніцтва структур Еўрапейскага саюза з Беларуссю. 

Ацэньваючы дзейнасць арганізацый трэцяга сектару Беларусі ў 2013–2014 гадах, старшыня Каардынацыйнага камітэта Беларускай Нацыянальнай платформы Улад Вялічка адзначыў, што было зладжана шмат мерапрыемстваў і прыватных дзеянняў. Разам з тым агульны ўплыў на сітуацыю ў краіне цяпер мінімальны. Таксама Вялічка звярнуў увагу на зніжэнне ролі грамадзянскай супольнасці ў працэсах "Усходняга партнёрства" і беларуска-еўрапейскіх адносін. "З грамадзянскай супольнасцю размаўляюць, таму што прынята размаўляць", — так, па словах старшыні Каардынацыйнага камітэта Беларускай Нацыянальнай платформы, выглядае дыялог еўрапейскіх структур з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Прадстаўнікі Нацыянальнай платформы Беларусі адзначаюць, што цяпер ініцыятыва "Усходняга партнёрства" знаходзіцца ў відавочным крызісе. Пазітыўны імпульс трансфармацыяў кранаў УП адпаведна з еўрапейскай мадэллю, што быў нададзены "Усходнім партнёрствам", сутыкнуўся з некалькімі супярэчнасцямі.

• Супрацьдзеянне Расіі і яе вайсковая агрэсія ў рэгіёне падвысілі кошты супрацоўніцтва нашых краінаў з ЕС і справакавалі працяглы палітычны крызіс ва Украіне, а таксама змену геапалітычнага курсу Арменіі. "Усходняе партнёрства" цяпер не мае адпаведных інструментаў супрацьдзеяння расійскай палітыцы ў рэгіёне.

• Арыентацыя УП у асноўным на супрацоўніцтва з дзяржавамі і адаптацыю апошнімі нормаў еўрапейскага заканадаўства пры ігнараванні ўнутранага палітычнага кантэксту краінаў-партнёраў паказала сваю выразную абмежаванасць. Незацікаўленыя ў трансфармацыях дзяржаўныя эліты лёгка сімулююць працэс рэформаў без ініцыявання сутнасных зменаў. Уся падрыхтоўчая праца па рэформах, як паказвае досвед Украіны і Арменіі, хутка можа быць павернутая ў цалкам адваротным напрамку.

• Разам з дэклараваннем выключнай важнасці ўцягвання ў трансфармацыйны працэс грамадзянскай супольнасці, ЕС хутчэй бюракратызуе і фармалізуе ўдзел грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве УП. Акцэнтуючы ўвагу на дзяржаўных інстытуцыях, ЕС стварае пэўныя перашкоды для больш шырокага ўваходу грамадства ў палітычны працэс. Парадаксальнасць гэтага падыходу заключаецца ў тым, што гэтым ЕС адштурхоўвае найбольш еўрапеізаваную частку грамадства краінаў-партнёраў. Пры гэтым, як паказвае досвед Украіны, менавіта грамадства і грамадзянская супольнасць ёсць найгалоўнейшымі акторамі еўрапейскіх трансфармацыяў.

• Шматбаковае вымярэнне палітыкі УП стаіць перад выклікам маргіналізацыі краінаў-аўтсайдэраў у працэсах збліжэння з ЕС (Арменія, Азербайджан, Беларусь), што падрывае цэласнасць гэтай рэгіянальнай ініцыятывы.

“Еўрасаюз абраў шлях сепарацыі адносінаў, асобна выбудоўваюцца адносіны з грамадзянскай супольнасцю і асобна — з дзяржавай. Тое ж тычыцца і праграм, якія ЕС фінансуе для Беларусі. Напрыклад, ужо запушчаная вялікая праграма па мясцовым самакіраванні, але прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ніяк не могуць на яе ўплываць. Хутка будзе распачатая праграма па зялёнай палітыцы, і наш удзел у ёй таксама ніяк не прадугледжаны, — адзначыў Андрэй Ягораў, нацыянальны каардынатар Нацыянальнай платформы ФГС УП. — Таму мы мусім узмацніць супрацу з нацыянальнымі платформамі іншых краін. Напрыклад, армянская нацплатформа дэкларуе цяпер аналагічны нашаму шлях развіцця. Да лістапада нам трэба вывесці пытанні развіцця праграмы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў парадак дня. На нацыянальным узроўні мусім дабівацца ўключэння нас у працы, бо ніхто проста так не саступіць у магчымасці ўдзелу ў беларуска-еўрапейскім супрацоўніцтве. Нам ставяцца розныя перашкоды і абмежаванні ў гэтым. Таму мусім займаць больш жорсткую пазіцыю адносна таго, што робіць Еўрапейская камісія ў Беларусі. Фактычна гэта курс на маргіналізацыю грамадзянскай супольнасці. Гэта не толькі заганяе нас ў гета і прымушае не толькі змагацца з неспрыяльнымі ўмовамі ўнутры краіны, але і з ўмовамі, якія дыктуе Еўрасаюз”.

Прадстаўнікі Нацплатформы ФГС "Усходняга партнёрства" звяртаюць увагу на факт таго, што назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці прыхільнікаў еўраінтэграцыі і росту прарасійскіх настрояў у грамадстве. 

І, паколькі ў бліжэйшы час набліжаецца новая “электаральная фаза” — прэзідэнцкія “выбары” 2015 года, грамадзянская супольнасць з улікам абсалютнай адсутнасці ўмоваў для правядзення ў краіне сапраўдных выбараў мусіць вызначыцца і заняць дакладную пазіцыю з адпаведнымі паводзінамі, заявамі і дзеяннямі датычна стаўлення да гэтай палітычнай кампаніі.

Прагучала і ідэя адасобіць Нацыянальную платформу Форуму грамадзянскай супольнасці ад праграмы “Усходняе партнёрства”. 

 “Усходняе партнёрства загібаецца. Была ініцыятыва, а засталася выключна рытуальная форма. І сёння мы маем абцяжарваючую прывязку Нацплатформы да праграмы “Усходняе партнёрства”, якая дажывае апошнія месяцы ў тым выглядзе, у якім яна цяпер існуе. Гэта прадуманая стратэгічная лінія двухгадовай вытрымкі. Калі мы да канца года не ўсвядомім сябе самастойнымі, то можна  распускаць гэтую шаражкіну кантору”, — патлумачыў сваю пазіцыю кіраўнік рады кансорцыума “Еўрабеларусь”Уладзімір Мацкевіч.

Удзельнікі канферэнцыі таксама актыўна абмяркоўвалі сітуацыю ва Украіне і яе наступствы для Беларусі. Напрыклад, прадстаўніца Альтэрнатыўнай моладзевай платформы Святлана Каралёва прапанавала стварыць антыпуцінскую кааліцыю, што выразна б акрэсліла пазіцыю грамадзянскай супольнасці. На думку грамадскай актывісткі, гэта дало б новы кірунак праграме “Усходняе партнёрства” і аб’яднала б грамадзянскія супольнасці краін. 

Нягледзячы на агучаныя прэтэнзіі і праблемы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці адзначылі, што Форум грамадзянскай супольнасці і яго нацыянальныя платформы застаюцца адным з найбольш паспяховых фарматаў шматбаковага ўзаемадзеяння ў межах "Усходняга партнёрства". У той жа час ва "Усходнім партнёрстве" ствараецца небяспека адасаблення гэтых краін-лідараў ад астатніх і паступовага замяшчэння шматбаковага фармату "Усходняга партнёрства" выключна двухбаковымі стасункамі. У перспектыве гэта пагражае ізаляцыяй і маргіналізацыяй адносін з краінамі-аўтсайдэрамі еўрапейскай інтэграцыі (Арменіяй, Азербайджанам і Беларусь). Ініцыятыва ЕС “Усходняе партнёрства” не стварыла механізмаў адэкватнага адказу на знешнія і ўнутраныя выклікі развіцця краін-партнёраў. Крызіс "Усходняга партнёрства" відавочны на тле немагчымасці ініцыятывы супрацьстаяць расійскай інтэрвенцыі, збочванню Арменіі са шляху збліжэння з ЕС, кансервацыі аўтарытарных рэжымаў Беларусі і Азербайджана, выклікам масавых парушэнняў правоў чалавека ў рэгіёне Усходняга партнёрства.

У сувязі з гэтым удзельнікі Форуму заклікалі Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, а таксама прадстаўніцтвы ЕС у краінах-партнёрах неадкладна правесці шырокія кансультацыі з нацыянальнымі платформамі адносна далейшага развіцця ініцыятывы, адзначылі неабходнасць далейшага ўмацавання цэласнасці шматбаковай структуры Усходняга партнёрства і перадухілення маргіналізацыі адносін ЕС з Беларуссю, Азербайджанам і Арменіяй.

Быў абраны новы склад Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП і яго старшыня — ім стаў Андрэй Ягораў.

Для ўдзелу ў чарговай сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства", што будзе зладжаная ў Тбілісі 21–22 лістапада, былі рэкамендаваныя 18 грамадскіх арганізацый. У іх ліку: асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Фонд ім. Льва Сапегі”, эколага-краязнаўчае грамадскае аб’яднанне “Неруш”, грамадскае аб’яднанне беларускіх пенсіянераў “Наша пакаленне”, Рух “За Свабоду”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Міжнародны кансорцыум “Еўрабеларусь”, Асамблея НДА Беларусі, рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінскі Камітэт”, Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Цэнтр прававой трансфармацыі і інш.

Даведка: Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства" была заснавана ў 2010 годзе і стала агульнай пляцоўкай для кансалідацыі і каардынацыі дзеянняў арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі дзеля дэмакратызацыі краіны і набліжэння да еўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства. На канферэнцыях у кастрычніку 2011 года ўдзельнікамі працы Нацыянальнай платформы быў прыняты Мемарандум аб супрацоўніцтве, які замацоўвае асноўныя прынцыпы, каштоўнасці і мэты дзейнасці Нацыянальнай платформы. 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-06-23 12:31:16
Мацкевіч: "Калі мы да канца года не ўсвядомім сябе самастойнымі, то можна распускаць гэтую шаражкіну кантору". Гэта трэба было зрабіць пару гадоў таму.

Каментаваць