Еўрапейскія назіральнікі: Беларусь чакае яшчэ доўгі шлях да дэмакратычных выбараў

12 кастрычніка міжнародныя назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы на прэс-канферэнцыі агучылі папярэднюю ацэнку прэзідэнцкіх выбараў, якія завяршыліся ў Беларусі ў мінулую нядзелю.



Гэтая ацэнка ладзілася з мэтаю вызначэння адпаведнасці выбараў абавязацельствам у рамках АБСЕ і стандартам Савета Еўропы, а таксама міжнародным абавязацельствам па правядзенні дэмакратычных выбараў і палажэнням нацыянальнага заканадаўства. Усяго ў назіранні ад АБСЕ ўзялі ўдзел каля 500 назіральнікаў з 30 краінаў. Міжнародныя назіральнікі, хоць і адзначылі некаторы прагрэс з боку ўладаў, але і не хавалі расчаравання.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі падзякавалі беларускім уладам за запрашэнне назіраць за выбарамі і звярнулі ўвагу на вельмі добразычлівае стаўленне да іх з боку беларусаў — як афіцыйных, так і неафіцыйных.

Як адзначыў спецыяльны каардынатар і кіраўнік місіі кароткатэрміновага назірання АБСЕ Кент Гэрстэдт, выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 11 кастрычніка, чарговым разам паказалі, што краіне давядзецца прайсці яшчэ вельмі доўгі шлях, пакуль яна зможа выконваць свае абавязальніцтвы ў рамках АБСЕ па правядзенні дэмакратычных выбараў. Для правядзення комплексных рэформаў патрэбна палітычная воля.

Мы вітаем нядаўняе вызваленне палітычных зняволеных, і мы спадзяемся, што гэта пакладзе канец падобнага кшталту пераследам, што ў будучыні такое не будзе мець месца, і гэта стане перагорнутай старонкай у гісторыі Беларусі, — сказаў Кент Гэрстэдт. — Запрашэнне АБСЕ і СЕ назіраць за выбарамі, а таксама вызваленне палітвязняў давала нам істотную надзею на прагрэс у частцы выбараў. На жаль, гэтая надзея не спраўдзілася”.

З улікам папярэдніх абяцанняў, ён асабліва расчараваны тымі недахопамі, якія былі выяўлены падчас падліку галасоў. Па словах кіраўніка кароткатэрміновай назіральнай місіі АБСЕ, ёсць яшчэ шэраг пытанняў і праблем. Гэта сістэма рэгістрацыі выбаршчыкаў, якая дапускала адвольнасць і магчымасць галасавання на ўчастках без дастатковых юрыдычных мераў перасцярогі. Гэта і адсутнасць дакладных і празрыстых прававых крытэрыяў адбору чальцоў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў, які не быў інклюзіўным і знаходзіўся пад поўным кантролем і ў кампетэнцыі мясцовай улады.

Спісы выбаршчыкаў складаліся ўчастковымі выбаркамамі на падставе інфармацыі, прадстаўленай мясцовымі ўладамі; адсутнічаў адзіны спіс выбаршчыкаў, што не забяспечвае неабходныя захады перасцярогі перад шматразовай рэгістрацыяў выбаршчыкаў.

Але асаблівае расчараванне ў назіральнікаў выклікала тое, што было немагчыма адсочваць падлік галасоў. “Гэта недапушчальна — трымаць назіральнікаў далёка ад падліку галасоў, закрываць агляд тых сталоў, на якіх вядзецца падлік галасоў, каб назіральнікі не маглі бачыць тое, што адбываецца. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, — падкрэсліў Кент Гэрстэдт. — Адсутнасць у камісіях прадстаўнікоў апазіцыі ў спалучэнні з немагчымасцю назіраць за падлікам галасоў азначае вельмі негатыўныя наступствы ў частцы празрыстасці працэсу. Калі мы азнаёміліся з вынікамі і высновамі нашых назіральнікаў, мы былі вельмі расчараваныя”.  

Са свайго боку, прадстаўнік БДІПЧ АБСЕ пасол Жак Фор звярнуў увагу на залежнасць выбарчых камісіяў ад уладаў, на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу на карысць дзейнага кіраўніка дзяржавы.

У сваю чаргу, прадстаўнік Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Рэха Дэнемеч выказаўся за неадкладнае рэфармаванне беларускага заканадаўства дзеля забеспячэння канкурэнтнага асяроддзя падчас выбараў.

Аднак, па словах выступоўцаў, былі падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі і станоўчыя моманты. Ініцыятыўныя групы маглі ажыццяўляць збор подпісаў па ўсёй краіне, усе кандыдаты мелі магчымасць праводзіць агітацыю паўсюль у Беларусі, ім было дазволена ствараць уласныя фонды, упершыню ў выбарах прэзідэнта ўзяла ўдзел жанчына. У асноўны дзень галасавання на выбаршчыкаў не аказваўся ціск з боку ўладаў.

Па словах Жака Фора, канчатковы даклад па выніках міжнароднага назірання ад АБСЕ будзе гатовы праз два месяцы. Фор сам збіраецца прыехаць у Мінск, каб агучыць гэты дакумент.  

Каментаваць