Еўрасаюз: рэфармавацца альбо знікнуць

Пасля выбараў у Еўрапарламент перад ЕС паўстала альтэрнатыва: альбо імкліва рэфармавацца, альбо паўтарыць трагедыю Веймарскай рэспублікі, якую знішчыла хваля правага радыкалізму.



На першы погляд, нічога жудаснага 25 мая не адбылося. Еўрапарламент дасюль хутчэй кансультатыўны орган. Еўрапейская камісія — выканаўчы орган ЕС — абсалютна аўтаномная структура, і нават можа не звяртаць увагу на парламенцкія рэзалюцыі.

Акрамя таго, цэнтрысцкія праеўрапейскія партыі атрымалі ўстойлівую большасць, хаця колькасць іх мандатаў і скарацілася. У трох вядучых аб'яднанняў — кансерватараў, сацыял-дэмакратаў і лібералаў — каля 65 працэнтаў месцаў. Разам з зялёнымі, якія крытыкуюць ЕС з праеўрапескіх пазіцый, у еўрафілаў атрымліваецца ўвогуле большасць — 523 мандаты з 751-го.

Гэта азначае, што надвор’е еўраскептыкі рабіць не здольныя. Да таго ж, яны не маналітны як арганізацыйна, так і ідэалагічна. Напрыклад, "Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў" (ECR ), у якога 44 месцы, прынцыпова не супраць ідэі Еўрапейскага саюза. Задача аб'яднання, скрэпай якога з'яўляюцца брытанскія кансерватары, тармозіць працэс федэралізацыі еўраструктур. Самая радыкальная ў Еўрапарламенце фракцыя еўраскептыкаў "Еўропа за свабоду і дэмакратыю" (EFD), якая мае 43 месцы, крытыкуе эміграцыйную палітыку ЕС. Тым жа будзе займацца і фракцыя Альянсу еўрапейскіх нацыянальных рухаў — кааліцыя правых папулісцкіх палітычных сіл, якія ўпершыню змогуць сфармаваць свой дэпутацкі клуб.

Калі прытрымлівацца паліталагічных крытэрыяў, "правых радыкалаў" у Еўрапарламенце не больш за сем асобаў: тры дэпутаты ад венгерскай партыі "Jobbik", тры — ад грэчаскай партыі "Залаты світанак" і адзін прадстаўнік нямецкай неафашысцкай Нацыянал-дэмакратычнай партыі Германіі (NDP).

Таму можна пагадзіцца з адным аналітыкам, які так ахарактарызаваў вынікі выбараў 25 мая: "Еўраскептыкі атрымаюць магчымасць пашумець". Як адзначыла адна з газет: "Устойлівы палітычны трэнд супраць Еўрапейскага саюза ўсё яшчэ не выпрацаваны. Еўраскептыкі ў Еўрапарламенце не маюць адзінага падыходу. Еўраскептыцызм цікавы для масаў, але не здольны нічога зрабіць у сэнсе сістэмнага паслаблення Еўропы".

Аднак пры гэтым існуе шмат нюансаў, якія прымушаюць разглядаць вынікі выбараў як сур’ёзны выклік не толькі праекту еўрапейскай інтэграцыі, аднак і ўсёй дэмакратыі на нашым кантыненце.

Яўка на выбарчых участках склала каля 44 працэнтаў, як і пяць гадоў таму. Антырэкорд пабіла Славакія, дзе галасаваць прыйшло толькі 13 працэнтаў электарату. Калі б у некаторых краінах Бенілюкса не было адміністратыўнай адказнасці за непрыход на выбары, колькасць грамадзян ЕС, што прагаласавалі 25 мая, склала б не больш за 33–35 працэнтаў. Не дапамаглі ўзняць інтарэс да выбараў і першыя ў гісторыі прамыя выбары кіраўніка Еўракамісіі.

Вынікі выбараў могуць стаць пралогам палітычных землятрусаў на нацыянальным узроўні. У шматлікіх краінах яны змянілі палітычныя расклады, што панавалі на працягу стагоддзяў. Пры гэтым цалкам відавочны антыдэмакратычны трэнд сімпатый выбаршчыкаў.

У чатырох з 28 краін Еўрасаюза партыі, якія адкрыта выступаюць супраць ЕС з правых пазіцый, занялі першае месца па выніках галасавання. У тым ліку нельга не звярнуць увагі на прарыў партыі "Альтэрнатыва для Германіі", якая выступае за вяртанне нямецкай маркі, — 7% галасоў. Трывожны сімптом з улікам таго, што якраз ФРГ з’яўляецца рухавіком еўрапейскай інтэграцыі.

У Грэцыі перамогу атрымалі таксама еўраскептыкі, але не правыя, а левыя. Ультралевая кааліцыя СІРІЗА, якая выступае супраць эканамічных рэформаў, акрэсленых Еўрасаюзам, набрала 26,5% (8 месцаў).

Безумоўна, галоўнай сенсацыяй выбараў стаў трыумф правых папулістаў з Партыі незалежнасці Вялікабрытаніі (Ukip) і Нацыянальнага фронту ў Францыі. Абедзве партыі атрымалі больш за чвэрць галасоў выбаршчыкаў сваіх краін.

Выбары яскрава паказалі, што Еўропе патрэбныя канцэптуальныя рэформы. Пра гэта, дарэчы, казалі яшчэ да 25 мая. Так, прэм'ер Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран заявіў, што вынікі цяперашніх выбараў у Еўрапарламент «даюць адназначнае разуменне таго, што аб'яднаная Еўропа больш не будзе такой, як раней».

Пакуль не зразумела, па якім азімуце будуць ісці рэформы. Напалоханыя поспехам правых, кансерватары могуць дзеля росту папулярнасці перахапіць у ўльтраправых іх лозунгі. Напрыклад, Нікаля Сарказі, былы французскі прэзідэнт і нефармальны лідар правацэнтрыстаў, напярэдадні 25 мая выступіў у падтрымку выхаду краіны з Шэнгена.

З іншага боку, большасць у Еўрапарламенце належыць прыхільнікам развіцця еўрапейскай інтэграцыі. Ёсць падставы казаць, што бліжэйшым часам яны выступяць з нейкімі канцэптуальнымі прапановамі. Прынамсі, сацыялісты патрабавалі прыняць адзіныя стандарты сацыяльнай палітыкі краін ЕС, што магло б пакласці канец спекуляцыям правых наконт пагрозы працоўнай міграцыі з іншых краін Еўрасаюзу.

Фундаментальныя дэбаты наконт будучыні ЕС не спрыяюць росту інтарэсу да стану дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Намаганне спыніць шокавую хвалю папулізму, якая руйнуе, як картачныя домікі, нацыянальныя партыйныя сістэмы і дэмакратычныя традыцыі, можа прымусіць еўрапейскіх палітыкаў забыцца на час пра наш рэгіён.

З іншага боку, выхадам з крызісу ЕС можа стаць выключна яго далейшая федэралізацыя, што запатрабуе і выпрацоўкі адзінай замежнай стратэгіі ў тым ліку на ўсходніх межах. Напэўна, гэтаму будзе спрыяць і эскалацыя супрацьстаяння ва Украіне, што міжволі прымушае Еўропу дзейнічаць разам, а значыць, шукаць шляхі да кансалідацыі, да блакіроўкі веймарскага сцэнару.

Каментаваць