«Ён нас не пачуў». Галадоўніцы з руху «Маці 328» адказалі на заяву Лукашэнкі

Актывісткі руху «Маці 328», якія дамагаюцца лібералізацыі антынаркатычнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, а таксама перагляду спраў сваякоў, і галадаюць 12-ы дзень, адрэагавалі на заяву Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Радыё Свабода.
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)Таццяна Канеўская

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)Таццяна Канеўская

Галадоўніцы з Калінкавіч паспелі праз інтэрнэт пазнаёміцца з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі наконт галадоўкі «Маці 328» у інтэрпрэтацыі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.

Ларыса Жыгар, лідарка руху «Маці 328», у інтэрвію ацаніла словы Аляксандра Лукашэнкі як аднабаковыя.

«Ён нас не пачуў, ён чуе толькі адзін бок. Хай бы Лукашэнка пагаварыў хаця б дзвюма нашымі маці. Хай бы Сукала, Шуневіч ці Канюк паклалі яму хаця б некалькі крымінальных спраў, дзе напісана пра распаўсюднікаў наркотыкаў: „у нявысветленым месцы“ ды „пры нявысветленых абставінах распаўсюдзіў“... А такіх спраў сотні. Вось бы ён вывучыў тыя справы, як за дзень вывучаў іншыя, паводле ягоных слоў. Мяркую, тады б яго стаўленне змянілася б».

Ларыса Жыгар заявіла, што асабіста яна і яшчэ дзесяць яе сябровак па руху «Маці 328» працягваюць галадоўку і не здымаюць ранейшых патрабаваньняў.

«Па-першае, гэта са слоў старшыні Вярхоўнага суду. Што насамрэч казаў Аляксандар Лукашэнка, нам невядома, — кажа адна з удзельніц галадоўкі Тацяна Канеўская. — Зразумела цяпер, што прэзідэнт чуе толькі адзін бок сытуацыі. Было б добра, каб ён нас прыняў і пачуў другі бок, народны».

Канеўская кажа, што найперш галадоўніцы патрабуюць справядлівых судоў.

«Мы не патрабуем вызваляць сапраўдных гандляроў наркотыкаў ці нейкіх там барыг. Мы кажам, што нашы дзеці сядзяць незаконна. Тут і следчыя, і судовыя памылкі. У гэтым сутнасць. Са звычайнага наркамана робяць гандляра наркотыкамі. Каб камісіі былі створаныя, правільна перагледзелі справы. Мы і самі падтрымліваем Аляксандра Лукашэнку ў яго заяве: наркагандляры мусяць сядзець у турме».

Канеўская заявіла, што галадоўку яны не спыняюць — чакаюць адказу ад Качанавай.

Аляксандар Лукашэнка сёння ў размове са сташынём Вярхоўнага суду Беларусі Валянцінам Сукалам заявіў аб недапушчальнасці паслабленьня адказнасці распаўсюднікаў наркотыкаў, але дапусьціў магчымасьць пэўных паслабленьняў да спажыўцоў.

Што важна ведаць:

  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Калінкавічах і Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка з іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня.
  • Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Міншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі змякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць