Ён стаў (быў) набліжаным да ўлады

Беларускі алігарх Юры Чыж быў спачатку лібералам, потым фаварытам Лукашэнкі, ён перажыў міжнародныя санкцыі «за падтрымку рэжыму», але трапіў у апалу да свайго патрона.



Фота www.belaruspartisan.org


У сярэдзіне 1990-х зь Юрыем Чыжом давялося кантактаваць часцяком і падоўгу. Ягоная кампанія «Трайпл», якая прынесла на беларускі рынак тэхналогіі «пластыкавых вокнаў» і безалкагольных напояў, была жаданым рэкламадаўцам тыднёвіка «Свободные новости», дзе я працаваў.

Мяне раз-пораз дасылалі на адказнае заданне — годна адпрацаваць грошы важнага кліента. Ягоны офіс месціўся на першым паверсе аднаго з працоўных інтэрнатаў на вуліцы Карбышава, і каб патрапіць у кантору, трэба было выслухаць гнеўную тыраду вахцёркі, незадаволенай, што на яе тэрыторыі невядома хто атабарыўся.

Усе інтэрв’ю Юры Чыж даваў сам. Нягледзячы на кічавы антураж ужо паспяховага бізнэсоўцы — 600-ты «Мерсэдэс» ды ахоўнік, удвая большы за гаспадара, — у размове ён быў досыць просты і шчыры. Вясковы хлапец, які толькі прызвычайваўся да вялікіх грошай і новага статусу. Пры гэтым у размовах рэкламаванне ягонай прадукцыі адыходзіла на другі план — складвалася ўражанне, што Чыж плаціць за тое, каб перадусім мець трыбуну для крытыкі неразумнай улады.

Калі пагартаць падшыўкі газеты 1995–1997 гадоў, можна пераканацца: Чыж тагачаснага ўзору быў сцяганосцам беларускай ліберальнай думкі. Прынамсі планавыя метады гаспадарання лічыў тупіковымі, што смела агучваў публічна.

Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага ўніверсітэту ён маладым спецыялістам быў размеркаваны на Менскі трактарны завод. Цягам наступных сямі гадоў па кар’ернай лесвіцы дайшоў да пасады начальніка энергаслужбы корпусу. Але калі Савецкі Саюз пачаў распадацца, патрэба ў маштабнай вытворчасці пачала адпадаць, рынак збыту звузіўся.

Хутка ацаніўшы бесперспектыўнасць сітуацыі, Чыж пачаў угаворваць кіраўніцтва прадпрыемства пераарыентавацца на выпуск новых тавараў, якія будуць мець рэальны попыт і як вынік прынясуць прыбытак у заводскую казну. Аднак ідэі «выскачкі» былі ацэненыя контрапрадуктыўнымі і пасля чарговай адмовы нешта мяняць у структуры працы Чыж напісаў заяву на звальненне.

Такім чынам выпраўленню Чыжа ў вольнае плаванне паспрыяла бясплённае змаганне з сістэмай. Пасля, як расказваў Юры Чыж, калі ўжо трывала стаў на ногі і мог сам рабіць інвестыцыі, ён неаднаразова звяртаўся ў адміністрацыі розных заводаў-гігантаў з прапановай узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Аднак кіраўнікі, звязаныя путамі дзяржаўнага кантролю, адмаўлялі. Хоць ужо і было відавочна, што цягнуць цяжар вытворчасці ў старым аб’ёме немагчыма, непатрэбна, а галоўнае — стратна.

Першы капітал Юры Чыж зарабіў на пасярэдніцкай дзейнасці, аптовым гандлі і грузаперавозках. Гэтыя сродкі былі ўкладзеныя ў вытворчасць пластыкавых вокнаў і газаваных напояў, якіх не хапала на беларускім рынку. Вытворчасць прыносіла адчувальныя даходы. Кампанія Чыжа імкліва разрасталася, з’яўляліся службы, адказныя за кожны напрамак працы. З абшарпанага інтэрнату кіраўніцтва «Трайпла» пераехала ў сучасны офіс на ціхую вуліцу Лодачную. І мае наўпроставыя стасункі з няўрымслівым рэкламадаўцам паступова згарнуліся.

Зрэшты, па старой памяці Юры Чыж не адмаўляў у спрыянні ці дапамозе іншым. Калі аматары-альпіністы папрасілі мяне вывесці іх на Чыжа — а раптам дапаможа прафінансаваць нятанную экспедыцыю на Цянь-Шань — бізнэсовец прыняў іх, паслухаў і ўжо на пятай хвіліне размовы дастаў з кішэні важкі пачак амерыканскіх банкнотаў. Ідзіце, скарайце свае вышыні.

Ад 1997 году рост фірмаў Чыжа пачаў набываць лавінападобны характар, паслядоўна ахопліваючы рэстаранны і забаўляльны бізнэс, будаўніцтва, гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, фармакалогію, вялікі спорт. Яму належыць футбольны клуб «Дынама» і гарналыжны комплекс «Лагойск».

Усё часцей Чыжа можна было сустрэць у кампаніі з закаранелымі лабістамі дзяржаўнага планавання эканомікі, якіх ён раней заўзята крытыкаваў. Ён стаў набліжаным да ўлады, нават партнэрам па хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Праз колькі гадоў бліжэй да патрона ў «Дразды» перабраўся і сам, касіў там разам з Лукашэнкам, збіраў кавуны, гутарыў з Колем Лукашэнкам.
 

Апошнія мае кантактаванні з Юрыем Чыжом тычыліся замарожвання ягонага бізнэсу ў краінах Еўрасаюза пасля жорсткага разгону акцыі па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Тады ЕС унёс яго і ягоныя кампаніі ў «чорны спіс» , палічыўшы яго разам зь некаторымі іншымі бізнэсоўцамі «кашалькамі рэжыму» Аляксандра Лукашэнкі.

Юры Чыж на маю просьбу каментару адрэагаваў досыць нервова, але, прыгадаўшы ранейшыя размовы, паспрабаваў аджартавацца: маўляў, журналістам гэтая тэма чамусьці больш цікавая, чым яму самому: «А яна мне да аднаго месца, можаце так і напісаць», — адказаў ён.

Пры канцы 2014-га ЕС зняў санкцыі зь ягоных калегаў-алігархаў Уладзімера Пефціева і Анатоля Тарнаўскага. На Юрыя Чыжа тыя паслабленні не распаўсюдзіліся. На гэта Чыж нервова адрэагаваў у размове са мной: «Значыць, іх там вельмі моцна любяць, адрозна ад мяне...».

Еўрасаюз выкрасліў Юрыя Чыжа і ягоныя фірмы з чорнага спісу толькі сёлета.

svaboda.org

Каментаваць