Два гады за ухіл ад добраахвотнага працаўладкавання...

Палітвязню Юрыю Рубцову, які адбывае паўтара гады «хіміі» за абразу суддзі, прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму за «ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі».



Абсурднасць прад’яўленых Юрыю Рубцову абвінавачванняў яшчэ перад пачаткам слуханняў у Пружанскім раённым судзе 27 мая акрэсліў у сваім каментары сын палітвязня Віктар Рубцоў: «Гэта проста цырк. Мой бацька выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, апрануў цішотку з надпісам. На гэта мае права кожны. Зараз ён адбывае пакаранне невядома дзе, невядома за што. Нават каментаваць гэтую сітуацыю немагчыма. Такое адчуванне, што мы жывём у перагорнутым свеце. Абвінавачванне ва ўхіленні ад адбыцця пакарання лічу проста абсурдным. Як можна быць пакараным пазбаўленнем свабоды і пры гэтым ухіляцца ад адбыцця пакарання?»

Судовы працэс над Рубцовым вёў суддзя Мікалай Рэпіха. Падчас разгляду справы было заслухана каля 15 сведкаў: у асноўным прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу №7 у Купліне і тых, хто адбывае там пакаранне.

Суддзя Мікалай Рэпіха

Юры Рубцоў пасля дастаўкі ў суд у знак пратэсту супраць судовага бязмежжа агаліўся па пояс. На грудзях у яго нанесеная татуіроўка «Лукашэнка сыходзь». Падсуднага змясцілі за спецыяльную шкляную агароджу з закратаваным верхам і прыставілі да яго міліцыянтаў.

Супрацоўнікі спекамендатуры сцвярджалі, што Рубцоў адмаўляўся ад працы, хаця, як асуджаны, абавязаны працаваць. У гэтым і заключаецца, паводле іх слоў, «ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Пры гэтым супрацоўнікі папраўчай установы адзначалі, што Рубцоў адмаўляўся падпісваць дакументы аб атрыманні накіравання, а таксама тыя, паводле якіх яму выносіліся спагнанні, паколькі лічыць сябе незаконна асуджаным.

Цікавая юрыдычная калізія выявілася ў тым, што адміністрацыя не можа выдаваць загад на працу (прымусовая праца забаронена артыкулам 41 Канстытуцыі), яна толькі прапануе асуджанаму ўладкавацца ў пэўныя месцы (выдае накіраванне на работу). Працоўная дамова, якая заключаная пад прымусам, паводле працоўнага заканадаўства, не мае юрыдычнай моцы. У той жа час міліцыянты кіруюцца артыкулам 47 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, які нібыта абавязвае асуджаных працаваць, і выносяць на яго падставе спагнанне.

У сувязі з гэтым узнікае заканамернае пытанне: як можна караць чалавека за тое, што ён адмовіўся ад прапановы добраахвотнага працаўладкавання?

Рубцоў таксама заявіў, што ніколі не адмаўляўся працаваць прынцыпова. Адмовы ад працы звязаныя з тым, што яго не задавальняў прапанаваны заробак. Непасрэдна перад падпісаннем працоўнай дамовы заробак аказваўся істотна меншы за абяцаны раней. Практычна ўсе сведкі з боку асуджаных пацвердзілі словы палітвязня. Такім чынам, атрымліваецца, што палітвязня няма за што караць, бо ён не адмаўляецца працаваць, а толькі патрабуе годную аплату сваёй працы (права на годны ўзровень жыцця прапісана ў артыкуле 21 Канстытуцыі).

Пры разглядзе справы Рубцова таксама выявілася, што значная частка асуджаных папраўчай установы адкрытага тыпу ў Купліне па некалькі месяцаў не працуюць, бо вакантных працоўных месцаў на Пружаншчыне вельмі мала. Тым не менш, такіх беспрацоўных насельнікаў установы ніхто не прыцягвае да адказнасці за ўхіленне ад адбыцця пакарання. Такім чынам, пры ўжыванні артыкула 47 КВК супрацоўнікамі спецкамендатуры відавочны выбарачны падыход да асуджаных.

У сваім выступе Рубцоў адзначыў, што правілы ўнутранага распарадку папраўчай установы складзеныя такім чынам, што іх практычна немагчыма бездакорна выконваць. За вызначаны час для прыгатавання ежы ў паўгадзіны насельнікі ўстановы фізічна не могуць паспець прыгатаваць сабе вячэру на маленькай кухні, чалавек, які пасля адбою захоча пайсці ў прыбіральню — таксама патэнцыйны парушальнік. Атрымліваецца, што ўсе асуджаныя знаходзяцца на кручку ў адміністрацыі, якая па свайму жаданню можа распачаць афармляць спагнанні практычна на любога асуджанага, з якім пажадае звесці рахункі.

Некаторыя ключавыя сведкі ў першай палове дня не з’явіліся, і суддзя прыняў рашэнне абвесціць перапынак у слуханнях да трох гадзінаў і за гэты час даставіць сведкаў у суд.

Пасля абеду была апытаная рэшта сведкаў, прагучалі судовыя выступы абвінавачвання, абароны і падсуднага.

Абарона лічыць, што ў дзеяннях Рубцова няма складу злачынства

Пракурор звярнула ўвагу, што падсуднаму тры разы абвяшчалі спагнанне за адмову ад працы, што з’яўляецца, на яе думку, «ухіленнем ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі» (артыкул 415 Крымінальнага кодэкса), і прасіла пакараць Юрыя Рубцова трыма гадамі калоніі.

Адвакат адзначыла, што ў дзеяннях Рубцова няма складу злачынства і папрасіла суд апраўдаць падабароннага, альбо, у выпадку прызнання віны, даць мінімальнае пакаранне.

Юры Рубцоў у сваім заключным слове падкрэсліў, што права на працу — гэта менавіта права, а не абавязак. «Я не хачу жыць па паняццях. Я хачу жыць па законе. Канстытуцыя — вышэйшы закон. Яе ніхто не можа парушаць!» — дадаў Юры Рубцоў. 

Пад канец працоўнага дня суддзя Мікалай Рэпіха абвясціў, што рашэнне суда будзе агучана 28 мая ў 15.30.

Фота аўтара. Больш фота ТУТ

Каментаваць