Юрысты заклікаюць спыніць ціск на Андрэя Бандарэнку

Шэраг вядомых беларускіх юрыстаў і актывістаў заклікалі спыніць ціск на вязня сумлення, праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, які зараз адбывае пакаранне ў турме №4 Магілёва.

Фота: svaboda.org

 

 

Адпаведная заява накіравана Генеральнаму пракурору, начальніку Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі, а таксама ў адрас прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і шэраг міжнародных арганізацый.

 

Як паведаміў НЧ былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў, заява выкліканая пагаршэннем умоў утрымання Андрэя Бандарэнкі ў турме. Ад бацькі асуджанага, а пазней і з ліста самога Бандарэнкі, стала вядома, што 13 мая яму было вынесена дысцыплінарнае спагнанне за парушэнне рэжыму, а менавіта за тое, што ён у дзённы час прылёг на ложак. Пасля абвяшчэння спагнання ў камеры Бандарэнкі ўсталявалі відэаназіранне, на прагулкі сталі выводзіць у кайданках і ў суправаджэнні вартавога з сабакам. Па турэмных правілах ён на год пазбавіўся права на атрыманне рэчавых перадач, а таксама на спатканне з роднымі і блізкімі.

 

Акрамя таго бацька асуджанага Валер Бандарэнка паведаміў, што з пачатку 2016 года яго сын, які знаходзіцца ў адзіночнай камеры, усё роўна працуе — склейвае канверты. Пасля кансультацыі са спецыялістамі бацька лічыць, што выкарыстанне клею ў замкнёнай прасторы пры сталым яго ўдыханні шкодзіць здароўю і можа прывесці да таксікаманіі. У бацькі вязня ўзнікла падазрэнне, што гэтая праца была прадастаўлена сыну спецыяльна для засмучэння стану яго здароўя, якое ў апошні час і так значна пагоршылася.

 

Адначасна Валер Бандарэнка звярнуў увагу і на той факт, што накіраваная ім на адрас сына бандэроль з дазволенымі лекамі і вітамінамі была затрыманая адміністрацыяй са спасылкай на тое, што для атрымання вітамінаў патрабуецца рэцэпт. Пазней іншым лекарам была дадзена згода на перадачу вітамінаў без рэцэпту.

 

«На нашу думку, такія ўмовы адбыцця пакарання падпадаюць пад прыкметы катаванняў, указаных у артыкуле 1 «Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання», зацверджанай рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ААН ад 10 снежня 1984 года», — зазначыў Пастухоў.

 

Пад зваротам падпісаліся юрысты Міхаіл Пастухоў, Аляксандр Дабравольскі, Алег Волчак, Ігар Рынкевіч, Юрый Ваўчок, а таксама грамадскія актывісты Ілля Дабратвор, Ганна Шапуцька, Кацярына Садоўская, Валер Шчукін. Падпісанты выказалі пратэст у сувязі з дыскрымінацыйнай палітыкай у дачыненні да праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі і запатрабавалі ад уладаў Рэспублікі Беларусь забяспечыць для яго нармальныя ўмовы адбыцця пакарання.

Каментаваць