Каардынацыйная група ЕС-Беларусь правяла пятую сустрэчу

Каардынацыйная група Еўрапейскага саюза і Беларусі правяла пятае пасяджэнне ў Мінску 26-27 красавіка. Група збіраецца два разы на год для таго, каб разгледзець увесь спектр адносін ЕС-Беларусь і ўзгадніць далейшыя крокі.

Еўрапейскі саюз зноў пацвердзіў сваю прыхільнасць стабільнай, дэмакратычнай і заможнай будучыні для Беларусі на карысць яе народа і будзе працягваць сваю працу з усімі зацікаўленымі бакамі для дасягнення гэтай важнай мэты.

Як і на папярэдніх пасяджэннях Каардынацыйнай групы, асобная сесія была прысвечана правам чалавека і палітычным свабодам. Еўрапейскі бок зноў падкрэсліў, што Беларусі неабходна правесці ўсебаковую рэформу выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Венецыянскай камісіі, і выказаў заклапочанасць сітуацыяй, што склалася ў сферы свабоды сходаў і сродкаў масавай інфармацыі. ЕС зноў падкрэсліў сваё непрыманне смяротнага пакарання пры любых абставінах і назваў перавагі ўвядзення Беларуссю мараторыя на смяротную кару ў якасці першага кроку для яе адмены. У дадатак, ЕС прыцягнуў увагу да некалькіх канкрэтных спраў у сферы правоў чалавека, якія выклікаюць асаблівую занепакоенасць з боку Еўрапейскага саюза і яго краін.

Быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў галіновага супрацоўніцтва, у тым ліку пытанні мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, гандлю, энергетыкі, мытнай справы, навакольнага асяроддзя, клімату, навукі і інавацый, адукацыі, санітарных і фітасанітарных стандартаў, лічбавай эканомікі, развіцця прыватнага сектара і сацыяльнай абароны. Удзельнікі таксама разгледзелі пытанні, звязаныя з энергетычнай бяспекай і энергаэфектыўнасцю. Еўрапейскі саюз зноў падкрэсліў неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва па пытаннях ядзернай бяспекі, у прыватнасці, у дачыненні да новай атамнай электрастанцыяй, якая будуецца ў Астраўцы.

ЕС і Беларусь знаходзяцца ў прасунутай стадыі ўзгаднення новых, індывідуальна распрацаваных Прыярытэтах партнёрства ЕС-Беларусь, якія дадуць імпульс і накірунак іх адносінам на наступныя гады. ЕС прэзентаваў бягучыя праграмы дапамогі Еўрапейскага саюза і магчымасці для пашырэння гэтага інструментарыя дапамогі пасля таго, як Прыярытэты партнёрства будуць узгоднены.

У кантэксце далейшага развіцця кантактаў паміж людзьмі, моладзевых і дзелавых абменаў еўрапейскі бок падкрэсліў важнасць хуткага завяршэння перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

Пасяджэнне таксама дало магчымасць абмеркаваць шляхі далейшага развіцця супрацоўніцтва ў рамках Усходняга парнёрства.

Адбыўся ўсебаковы добры абмен меркаваннямі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці па пытаннях адукацыі, навуковых даследаванняў, энергаэфектыўнасці, сацыяльных і працоўных правоў і пытаннях Усходняга партнёрства.

На палях пасяджэння Каардынацыйнай групы дэлегацыю Еўрапейскага саюза прынялі Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. На гэтых сустрэчах абмяркоўваліся пытанні дэмакратыі і правоў чалавека, супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства, а таксама іншыя важныя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Адначасова з пасяджэннем Каардынацыйнай групы быў адноўлены дыялог ЕС-Беларусь па эканамічных і фінансавых пытаннях. Прадстаўнікі ЕС і ўладаў Беларусі абмяняліся ацэнкамі макраэканамічнай сітуацыі ў Беларусі, яе фіскальнай палітыкі і фінансавага сектара, а таксама неабходнасці структурных рэформ.

У адпаведнасці са сваёй палітыкай узаемадзення з усімі зацікаўленымі бакамі дэлегацыя ЕС таксама сустрэлася з лідэрамі апазіцыйных рухаў і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Дэлегацыю ЕС ўзначальваў Томас Майр Хартынг, кіруючы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў (EEAS). У дэлегацыю ўваходзілі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, адказных за пытанні Еўрапейскай палітыкі суседства і пытанні энергетыкі, фінансаў і мытні. Беларуская дэлегацыя працавала пад кіраўніцтвам намесніка Міністра замежных спраў Алега Краўчанкі і ўключала ў сябе прадстаўнікоў іншых зацікаўленых міністэрстваў. Як і ў мінулыя разы, у некаторых частках пасяджэння таксама прынялі ўдзел эксперты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый з Беларусі.

Было вырашана правесці чарговае пасяджэнне Каардынацыйнай групы да канца года ў Бруселі.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць