Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Кабякоў: Падчас крызісу ў Беларусі не было масавых звальненняў. Белстат: мінус 43 тысячы работнікаў толькі з пачатку году

У інтэрвію часопісу Forbes прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь дагэтуль робіць захады ў ліквідацыі наступстваў усясьветнага фінансавага крызісу 2008 году.

«Было няпроста: галоўнай задачай, якая стаяла перад Беларуссю, было захаванне прыросту ВУП, — заявіў Андрэй Кабякоў. — Краіна не пайшла па шляху масавага звальнення работнікаў у сувязі са скарачэннем попыту на прадукцыю айчынных прадпрыемстваў. У сваю чаргу гэта запатрабавала значнага ўкладання дзяржаўных сродкаў для падтрымкі рэальнага сэктару эканомікі.

Пры гэтым мы былі вымушаныя скараціць капітальныя выдаткі на будаўніцтва аб’ектаў у сацыяльнай сферы. Мы таксама рабілі захады ў стымуляванні экспарту, лібэралізацыі ўмоваў гаспадарчай дзейнасці, прыцягненні ў краіну інвэстыцыяў пры ўмацаванні ўстойлівасці фінансавай сістэмы».

Разавых масавых звальненняў у Беларусі сапраўды не было, але паступова Беларусь страчвае работнікаў. Толькі з пачатку 2017 году, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі на 43 196 чалавек больш звольнілі, чым прынялі на працу. За 5 гадоў Беларусь страціла 300 тысяч працоўных.

У Беларусі перасталі публікаваць статыстыку пра страты работнікаў «прамысловымі гігантамі». Але на момант апошняй публікацыі такой статыстыкі ў кастрычніку 2016 году было вядома, што за 5 гадоў МАЗ страціў 40% работнікаў, МТЗ — 31%, «Белшына» — 20%, ММЗ — 33%, а Мінскі падшыпнікавы завод — 60%.


Паводле svaboda.org

Каментаваць