Калі нельга, але ж вельмі хочацца

Чарговае прызнанне Лукашэнкі наконт фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў з’яўляецца выдатнай падставай, каб прааналізаваць структуру беларускага электарату. Без такога аналізу немагчыма зразумець не толькі вынікі мінулых выбараў, але і прадказаць вынікі наступных.



Чарговае прызнанне Лукашэнкі наконт фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў з’яўляецца выдатнай падставай, каб прааналізаваць структуру беларускага электарату. Без такога аналізу немагчыма зразумець не толькі вынікі мінулых выбараў, але і прадказаць вынікі наступных.


Цяжка сказаць, што рабілі б айчынныя аналітыкі і журналісты без публічных адкрыццяў Лукашэнкі. Язык, як заўважыў у свой час Чэрчыль, дадзены палітыку для таго, каб хаваць свае думкі. Але ў Беларусі няма палітыкі ў заходнім разуменні. Адпаведна, няма і палітыкаў. Беларуская дзяржава ўспрымаецца большасцю яе грамадзян як патрыярхальная сям’я на чале з бацькам.

У такой сям’і, калі казаць навукова, сямейнікі не з’яўляюцца суб’ектамі, а таму правам вызначаць мэты і ставіць задачы валодае толькі яе галава. Ён жа нясе ўсю адказнасць за сямейны дабрабыт. Зразумела, што пры такога кшталту размеркаванні правоў і абавязкаў патрэбы ў палітыцы, якая разумеецца як дзейнасць па ўзгадненні інтарэсаў сямейнікаў, не ўзнікае.

Істотнае адрозненне дзяржавы, пабудаванай па патрыярхальным прынцыпе, ад сямейнага аналагу заключаецца ў тым, што ў сям’і бацька кіруе сямейнікамі без пасярэднікаў, наўпрост. Але ў дзяржаве — праз яе маштаб — падобнае кіраванне немагчыма. Адсюль патрэба бацькі ў бюракратыі. Са свайго боку, бюракратыі таксама патрэбны бацька, паколькі ў вачах насельніцтва з дадзяржаўным мысленнем бюракратыя не валодае ўласнай легітымнасцю (у сям’і пасярэднікаў-бюракратаў няма).

Адсутнасць уласнай легітымнасці прымушае бюракратыю падтрымліваць бацьку ва ўсіх яго пачынаннях. Яна гатовая трываць ад яго якія-заўгодна знявагі і згаджаецца пры гэтым прыносіць у ахвяру асобных сваіх прадстаўнікоў дзеля захаванні сябе «як класа». Аднак такая ахвярнасць імгненна знікае, калі бацька губляе сваю падтрымку ў грамадстве, і тады бюракратыя пачынае шукаць яму замену.

Са свайго боку, бацька мае патрэбу ў бюракратах не толькі ў якасці кіраўнікоў, але і ў якасці «казлоў адпушчэння». У формулы «добры цар — дрэнныя баяры» шматвяковая гісторыя. Галоўнай умовай яе эфектыўнасці з’яўляецца наяўнасць крытычнай масы насельніцтва з дадзяржаўным мысленнем. А гэта якраз наш выпадак.



Самапрэзентацыя без тармазоў



Сваёй заявай наконт фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка падставіў кіраўніцу ЦВК Ярмошыну. Гаротнай жанчыне давялося тэрмінова шукаць аргументы, каб дэзавуяваць бацькава прызнання. У якасці такога абгрунтавання была прапанавана версія, нібыта Лукашэнка зблытаў папярэднія звесткі, якія паступаюць з закрытых участкаў (бальніцы, воінскія часткі), з канчатковымі вынікамі галасавання. Але атрымалася непераканальна.

Перш чым перайсці да аналізу агучаных Лукашэнкам працэнтаў, паспрабуем зразумець прычыну такога неардынарнага прызнання. Яна, наогул жа, ляжыць на паверхні і на побытавым узроўні можа быць зведзена да формулы «Астапа панесла». Калі ж з побытавага ўзроўню перайсці на больш высокі, прапаную дапытлівым чытачам перагартаць папулярны ў Беларусі падручнік па сацыяльнай псіхалогіі амерыканца Майерса. З гэтага ўзроўню тлумачэнне бацькавай шчырасці давядзецца шукаць пры дапамозе такіх паняццяў, як «самапрэзентацыя» і «самаманіторынг».

Усе мы займаемся самапрэзентацыяй, калі імкнёмся кіраваць уражаннямі, якія робім на іншых. У знаёмых сітуацыях гэта адбываецца без свядомых высілкаў. У незнаёмых жа, напрыклад, пры размове з асобай іншага полу, нам даводзіцца ўвесь час аналізаваць уражанне, якое мы робім, — іншымі словамі, ажыццяўляць бесперапынны самаманіторынг.

Без эфектыўнага самаманіторынгу мы будзем увесь час памыляцца. Але гэта мы — шараговыя грамадзяне. У адрозненне ад нас, вялікія начальнікі, калі звяртаюцца да падначаленых, такога кшталту дробязямі могуць сябе не турбаваць. Адказваць за няўдала сказаныя словы ім усё роўна не давядзецца, таму іх здольнасць да самаманіторынгу паступова атрафіруецца. Зразумела, што чым вышэй начальнік, тым далей заходзіць гэты працэс.

Але, з іншага боку, чым вышэйшы начальнік, тым большая ў яго неабходнасць у самапрэзентацыі. Працытую класіка, якім у гэтым пытанні, безумоўна, з’яўляецца Нікола Макіявелі: “Гаспадару не абавязкова валодаць усімі пажаданымі якасцямі, але вельмі неабходна рабіць уражанне, што ты валодаеш імі».

У выпадку са згаданым інтэрв’ю беларускаму «гаспадару» было неабходна прадэманстраваць сціпласць, вось ён яе і паказаў перад расійскім журналістам. Паказаў як умеў, абсалютна не думаючы пры гэтым пра наступствы. Гэтак жа сама, імкнучыся ў свой час спадабацца нямецкім журналістам, ён шакіраваў іх заявай пра тое, што «не ўсё пры Гітлеры было дрэнна». Сваіх жа суайчыннікаў «гаспадар» увесь час адорвае заявамі, што менавіта ён быў тым адзіным дэпутатам Вярхоўнага савета, які прагаласаваў супраць Белавежскіх дамоваў. І гэта нягледзячы на апублікаваны пратакол галасавання! Чаго не зробіш дзеля самапрэзентацыі!

Калі мы разглядаем прыведзеныя вышэй прыклады самапрэзентацыі, неабходна памятаць і пра беларускае грамадства, што вось ужо які год спакойна іх успрымае. Чаму такое магчыма? Адказ трэба шукаць у гісторыі, з якой нам у спадчыну дасталася прымаўка пра закон і дышаль. Правам адвольным чынам паварочваць заканадаўчы дышаль валодае ў нас выключна ўлада. Такім чынам, закон разглядаецца насельніцтвам як функцыя ад статусу або ад грошай. «У гэтым сэнсе, — лічыць расійскі сацыёлаг Леў Гудкоў, якога мы ўжо цытавалі ў папярэдніх «Азбуках паліталогіі», — разуменне законаў і права не звязана з мараллю».



Пра структуру электарату



Наколькі рэальныя лукашэнкаўскія 93 працэнты? Звернемся да гісторыі прэзідэнцкіх выбараў. Спадзяюся, шмат хто памятае, што ў 1994 годзе ў другім туры Лукашэнка набраў 80% галасоў. А калі ўжо быць дакладнымі, то 80,37%. Але ж гэта ад яўкі, а не ад агульнай колькасці выбарцаў. Яўка ж склала тады, паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, 70,6%. Калі памножым працэнт тых, што прагаласавалі, на працэнт яўкі, мы атрымаем 56% — іншымі словамі, падчас той трыумфальнай перамогі першага прэзідэнта Беларусі падтрымала крыху больш за палову дарослага насельніцтва краіны.

Перш чым разглядаць інфармацыю ЦВК наконт наступных прэзідэнцкіх выбараў, звернемся да апытанняў НІСЭПД: 2001 год — 48,2% пры 7,1% тых, якія адмовіліся адказваць, 2006 год — 58,2% пры 5,2% тых, якія адмовіліся адказваць. Аналіз паказвае, што каля паловы рэспандэнтаў, якія адмовіліся адказваць, падтрымалі Лукашэнку. Таму канчатковы вынік выглядае наступным чынам: 2001 год — 51,8%, 2006 год — 60,8% (памылка вымярэння 3%).

А зараз звесткі ад Ярмошынай: 2001 год — 75,65% галасоў за Лукашэнку пры яўцы 83,86% даюць нам у выніку 63,4% ад агульнай колькасці выбарцаў; 2006 год — 83,0%, 92,9% і 77,1%, адпаведна. Калі замест ярмошынскіх 83,0% у 2006 годзе паставіць лукашэнкаўскія 93%, то з улікам яўкі мы атрымаем 86,4% ад агульнай колькасці выбарцаў!

Звернемся да табліцы. Яна ілюструе добра вядомую залежнасць павелічэння колькасці прыхільнікаў Лукашэнкі ад узросту выбарцаў. Але нават ва ўзроставай групе старэй за 60 гадоў частка тых, хто галасаваў за Лукашэнку, ні ў 2001-м, ні ў 2006 годзе не перавышала 80%, у астатніх жа яна была істотна ніжэй.

Структура беларускага электарату, калі меркаваць па выніках прэзідэнцкіх выбараў, дастаткова ўстойлівая. Ад ваганняў настрояў, звязаных з бягучымі падзеямі, яна практычна не залежыць. На прэзідэнцкіх выбарах беларусы абіраюць свой лёс, тут не да дробных крыўдаў на ўладу, звязаных з дзіравым дахам і іншымі побытавымі недарэчнасцямі. Не варта шукаць прычыны ўстойлівасці электаральнай структуры і ў ідэалагічных густах беларусаў.

Хто падтрымлівае Лукашэнку? У першую чаргу, немаладыя людзі з нізкім узроўнем адукацыі, якія пражываюць у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Словам, усе тыя, хто праз адсутнасць асобасных рэсурсаў мае патрэбу ў патэрналісцкай апецы з боку дзяржавы. Ім без такой апекі ў сучасных умовах папросту не выжыць. У апанентаў бацькі супрацьлеглыя сацыяльныя характарыстыкі: яны маладыя, адукаваныя і пражываюць у вялікіх гарадах.

Але маладосць праходзіць. Рынкавы кошт ведаў, атрыманых у эпоху развітога сацыялізму, з гадамі падае. Таму ў лагеры людзей з нізкім узроўнем асобасных рэсурсаў назіраецца не толькі натуральнае змяншэнне, але і натуральнае папаўненне, што і адлюстроўваецца ў стабільнасці электаральнай структуры.

Яшчэ адна выснова са сказанага вышэй заключаецца ў тым, што свой стабільны электарат ёсць не толькі ў Лукашэнкі, але і ў яго палітычных апанентаў. Сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў Беларусі ў 1994, 2001 і 2006 гадах істотна адрозніваліся, але кожны раз апазіцыйныя кандыдаты/кандыдат набіралі каля 26% галасоў ад агульнай колькасці выбарцаў.



Дынаміка галасавання за Лукашэнку ў залежнасці ад узросту выбарцаў на прэзідэнцкіх выбарах

2001 і 2006 гг., %


Узрост                          2001    2006

18-29 гадоў                   30,0    37,2

30-39 гадоў                   26,4    49,8

40-49 гадоў                   43,8    57,5

50-59 гадоў                   58,2    66,8

60 гадоў і старэй        80,8    79,5
 

Каментаваць