Калі галоўнае не зарплата, дык што?

Чарговая «элегантная перамога» ўпершыню была здабытая ва ўмовах падзення даходаў насельніцтва. Чаму парушылася звыклая залежнасць паміж дынамікай даходаў насельніцтва і дынамікай рэйтынгу? Змянілася сітуацыя.



Размаўляць з выпадковымі спадарожніцамі — мая слабасць. Прыклад такой слабасці быў прыведзены ў «Азбуцы паліталогіі» пад назвай «Рэванш правага паўшар’я». Гэтым разам мая спадарожніца ў хуткім цягніку «Мінск — Санкт-Пецярбург» — заслужаная настаўніца Расіі. Пасля абмену рытуальнымі прывітаннямі наша гутарка плаўна трансфармуецца ў інтэрв’ю: я задаю пытанні, спадарожніца адказвае.

Усе мы ва ўласных вачах маем добрую рэпутацыю, статус жа заслужанай настаўніцы робіць тэматыку маіх пытанняў практычна неабсяжнай. Натуральна, ад праблем канкрэтнай школы мы паднімаемся да ўзроўню арганізацыі сярэдняй адукацыі ў маштабах краіны. А дзе краіна — там і палітыка.

Мая спадарожніца ўзгадала прэзідэнцкія выбары 1996 года: «Я тады працавала ў выбарчай камісіі. На нас так ціснулі, так ціснулі! А куды падзенешся!»

Эліта публічная і эліта сацыяльная

Канфармізм — змяненне ў паводзінах або меркаваннях чалавека пад уплывам рэальнага або ўяўнага ціску з боку іншага чалавека ці групы людзей. У штодзённай мове азначае прыстасаванства. У палітыцы канфармізм — сімвал згодніцтва і прымірэнства.

«Мы, людзі, — істоты сацыяльныя, мы схільныя да канфармізму. — Адзначае палітолаг Кацярына Шульман. — Звычайна за гэта не прынята ўхваляць: вось нейкія вы канфармісты, так? Замест таго, каб мець свой пункт гледжання і яго адстойваць. На самай справе, гэта нармальна, гэта сапраўды псіхічная норма. Мы, людзі, адаптуемся да той абстаноўкі, у якой мы знаходзімся, мы хочам быць упадабанымі і любімымі, а не наадварот, каб на нас сварыліся і падвяргаецца астракізму».

Даследаванні сацыяльных псіхолагаў сведчаць, што пры наяўнасці шэрагу ўмоваў, якія спрыяюць праявам падатлівасці, каля 65% дарослых людзей здольныя цалкам падпарадкоўвацца любым загадам. Прывяду адну з высноў, зробленых амерыканскім псіхолагам Стэнлі Мілграмам на падставе серыі эксперыментаў па канфармізму: «Калі б у ЗША была створана сістэма лагераў смерці па ўзоры нацысцкай Германіі, персанал для гэтых лагераў можна было б набраць у любым амерыканскім сярэдняга памеру горадзе».

Патрэбы ў масавым падборы падобнага кшталту персаналу ў рэспубліцы-партызанцы сёння няма. Але ці змог бы мудры беларускі народ зрабіць адзіна правільны выбар без дапамогі сябраў участковых выбарчых камісій, колькасць якіх складае каля 70 тысяч? Адназначнага адказу на гэта пытанне я не маю.

Прызнанне заслужанай настаўніцы Расіі ілюструе адзін з механізмаў узнаўлення культуры. У сацыялогіі прынята адрозніваць эліты публічныя і эліты сацыяльныя. Першы тып элітаў складаюць дзеячы ці групы, якія звяртаюцца да грамадства як да гледачоў і паслядоўнікаў. Гэта катэгорыя эліты дзейнічае пераважна праз СМІ.

Публічная эліта здольная дэклараваць абагульненыя ўзоры паводзін, але ў яе функцыі не ўваходзіць перадача спецыяльных ведаў. Яна арыентуецца на «публіку», на неспецыялізаваную аўдыторыю.

Наадварот, сацыяльная эліта працуе са спецыялізаванымі аўдыторыямі (працоўныя і навучальныя калектывы), што дазваляе ёй перадаваць практычныя ўзоры паводзін з дапамогай прафесійных кантактаў.

Вычарпанне ранейшага кантракта

Наступствы дзейнасці сацыяльнай эліты, якая ў сваім асабістым жыцці кіруецца прынцыпам: «А дзе падзецца! Нічога не паробіш!», фіксуюцца сёння ў Беларусі як на побытавым узроўні, так і пры правядзенні сацапытанняў.

Звернемся да практыкі, якая, як вядома, з’яўляецца крытэрам ісціны. У 1994 годзе ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў за квартэт прасавецкіх кандыдатаў (А. Дубко, В. Кебіч, А. Лукашэнка і У. Новікаў) прагаласавала 37% выбаршчыкаў ва ўзроставай групе ад 18 да 29 гадоў і 71% ва ўзроставай групе 60 гадоў і старэй. Здавалася б, такія суадносіны азначаюць, што час будзе працаваць супраць адзінага палітыка (АП). Але што мы маем па факце? А па факце мы маем адносна стабільную структуру беларускага электарату: 2001 г. — 30% vs. 81%, 2006 г. — 37% vs. 80% і 2010 г. — 31% vs. 73% (НІСЭПД).

За 2015 год дадзеныя пакуль адсутнічаюць, але чакаць прынцыпова іншых суадносін не даводзіцца. Электаральная структура паспяхова ўзнаўляецца ва ўсіх узроставых групах. Так, узровень апазіцыйнасці сярод моладзі істотна вышэйшы, чым сярод пенсіянераў, але апазіцыйнасць адмаўляецца перадавацца, як эстафетная палачка, ад пакалення да пакалення.

Простыя схемы не працуюць, у тым ліку і схема, якая звязвае ўзровень падтрымкі АП з ростам рэальных даходаў насельніцтва. Гэта схема пацвярджалася сацыялагічнымі апытаннямі на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. У яе верылі не толькі апаненты ўлады, але і сама ўлада. Як тут ні працытаваць галоўнага персанажа маіх «азбук паліталогіі»: «Нельга не прызнаць справядлівасць ісціны аб тым, што маленькая зарплата здольная разбурыць нават самую моцную дзяржаву».

Добра сказана, пагадзіцеся. Але сказана ў маі 2001 года. А ў жніўні 2015-га, выступаючы перад працоўным калектывам ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», АП заявіў, што «не гэта сёння галоўнае». І, як паказалі далейшыя падзеі, ён мае рацыю.

Каб разабрацца, звярнуся па дапамогу да амерыканскіх псіхолагаў Лі Роса і Рычарда Нісбета, аўтараў кнігі «Чалавек і сітуацыя». Псіхолагі перакананыя, што цяжка, а часцей за ўсё немагчыма, прадказаць паводзіны чалавека ў канкрэтнай новай сітуацыі на падставе назіранняў за яго дзеяннямі ў іншых сітуацыях або на падставе ведаў пра рысы яго асобы.

Разгледзім праз прызму гэтай тэзы адмову АП ад выканання сацыяльных абавязацельстваў, прынятых на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе.

Шматгадовы вопыт правядзення незалежных сацыялагічных апытанняў адназначна сведчыць, што такая адмова павінна была прывесці да катастрафічнага падзення электаральнага рэйтынгу АП. Аднак напярэдадні галасавання было зафіксавана не падзенне, а рост рэйтынгу: чэрвень — 38,6%, верасень — 45,7%.

Чаму парушылася звыклая залежнасць паміж дынамікай даходаў насельніцтва і дынамікай рэйтынгу? Змянілася сітуацыя. Ранейшая характарызавалася сацыяльным кантрактам «Лаяльнасць у абмен на рост даходаў». Ён быў прапанаваны АП пасля перамогі на выбарах 1994 года, і насельніцтва з ім пагадзілася.

Стабільнасць, згодна з гэтым кантрактам, — гэта двухзначны рост даходаў. Да добрага чалавек прывыкае хутка, таму лакальныя зніжэнні тэмпаў росту даходаў з двухзначнага да адназначнага неадкладна прыводзілі да падзення рэйтынгу.

У чацвёртай пяцігодцы магчымасці беларускай мадэлі нарошчваць даходы насельніцтва былі цалкам вычарпаныя. Прыгадаем фінансавы крызіс 2011 года з яго трохразовай дэвальвацыяй «зайчыка» і вераснёўскім абсалютным мінімумам электаральнага рэйтынгу АП — 20,5%.

Правядзенне чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ва ўмовах ранейшага сацыяльнага кантракту пагражала вялікімі непрыемнасцямі. Але выхад падказала вайна ва Украіне.

Зарплата тут ні пры чым

Пра ўвядзенне новага сацыяльнага кантракту «Лаяльнасць у абмен на выжыванне» АП абвясціў у сваім навагоднім звароце: «Упэўнены, кожны з нас жадае хутчэйшага аднаўлення міру на зямлі нашых братоў. Гэта шчырае, душэўнае пачуццё нашага народа. Мы, беларусы, жадаем міру ўсім нашым сябрам і суседзям. Мы робім і будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб зберагчы яго і абараніць. Мір — гэта аснова жыцця і росквіту. І таму ў надыходзячым 2015 годзе перш за ўсё я жадаю ўсім нам міру — міру ў душы, міру ў сем’ях, міру ў краіне!»

Але сацыяльны кантракт — не пальчаткі, якія ўлада здольная мяняць у любы момант, кіруючыся пры гэтым выключна сваімі інтарэсамі. Чаму ж тады беларускае грамадства прагнулася пад новую сітуацыю?

Стандартнае тлумачэнне — нябачаная да таго актыўнасць прапаганды. Маўляў, перш чым у інфармацыйную апрацоўку насельніцтва ўключыліся айчынныя СМІ, яно ўжо было неаднаразова абстралянае з галоўных калібраў федэральных тэлеканалаў Расіі. Прычым сучасныя тэхналогіі дазвалялі весці прыцэльны агонь.

Вось як эфектыўнасць прапаганды тлумачыць палітолаг Уладзімір Пастухоў: «Уся тэхніка маніпуляцыі, якой бы разнастайнай і крэатыўнай яна ні здавалася, у канчатковым рахунку заснаваная на вызваленні архаічных сацыяльных інстынктаў, і перш за ўсё — на інстынкце самазахавання першабытнай супольнасці. Людзі ў хвіліну небяспекі гуртуюцца вакол правадыра, як зграя вакол важака».

Запярэчыць тут мне няма чаго, але можна дапоўніць.

Адмова АП выконваць ранейшы сацыяльны кантракт, безумоўна, сярэднестатыстычнага прадстаўніка беларускай «большасці» не парадавала. Але адна справа — «пакрыўдзіцца» ў адказ на часовае зніжэнне даходаў, і зусім іншае — адмовіць у сваёй лаяльнасці рашуча і беспаваротна.

Такая адмова магчымая толькі пры наяўнасці альтэрнатывы. Гаворка ідзе не пра персанальную альтэрнатыву. Тут тонкі момант. Паспрабую патлумачыць яго з дапамогай культуролага Ігара Якавенкі: «Чалавек пачынае бунтаваць не тады, калі яму чагосьці не хапае, а калі руйнуецца карціна свету і перажываецца спецыфічны стан касмічнага сіроцтва».

З такімі перажываннямі і сутыкнуўся тыповы прадстаўнік беларускай «большасці» пасля распаду СССР. Рынак з яго канкурэнцыяй пагражаў разбурыць звыклую карціну свету, сфармаваную пад дахам патэрналісцкай дзяржавы савецкага ўзору. Таму на першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, як і на ўсіх наступных, на коне стаялі не персоны, а права «большасці» на захаванне ранейшай карціны свету.

Сацыяльныя канфлікты не зводзяцца да матэрыяльных фактараў. Чалавек савецкі і постсавецкі можа вытрываць практычна любыя формы і ўзроўні сацыяльнага прыгнёту. І таму бессэнсоўна адсочваць дынаміку сярэдняй зарплаты ў доларавым эквіваленце, пакуль дзяржава здольная хоць бы ў мінімальнай ступені абараняць чалавека дарынкавай культуры ад стыхіі рынку.

Каментаваць