«Калі мы не аб’яднаемся, у 2015 годзе можам страціць краіну»

Калі мы не дамовімся, у 2015 годзе мы можам страціць Беларусь, страцім давер народа, падтрымку дэмакратычнай супольнасці… Нам скажуць: «Сябры, калі няма вынікаў, то чаго вас падтрымліваць?».



«Новы час» ужо правёў круглы стол экспертаў, якія ацэньвалі магчымасці апазіцыі за год да выбараў. Гэтым разам у нас у гасцях палітыкі: лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.

Апазіцыя ў накдаўне

НЧ: Пачнём стандартна: ацаніце сучасны стан вашых арганізацый і апазіцыі ў цэлым і вашы магчымасці ўплыву на грамадства, палітычную сітуацыю ў краіне. Асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года.

Юрась Губарэвіч: На сучасным этапе — ні для каго гэта не сакрэт — стан апазіцыі пакідае жадаць лепшага, і тут няма выключэнняў. Няма партый альбо арганізацый, якія могуць сказаць, што ў іх справы ідуць лепш, чым у астатніх. 20 гадоў дыктатуры робяць сваю справу, перадусім, гэта адбілася на актывістах арганізацый, якія знаходзяцца пад пастаянным ціскам. Гэта адбілася і на беларускім грамадстве, якое стала на парадак больш апалітычнае, больш няверуючае ў тое, што нейкія перамены ў Беларусі магчымыя, і магчымыя дзякуючы сілам, якія ёсць унутры Беларусі, а не звонку. Людзі прызвычаіліся да дыктатуры, знайшлі для сябе пэўныя нішы, каб існаваць.

Але я б не сказаў, што ўсё страчана, і нам застаецца спадзявацца толькі на знешнія чыннікі. Мы ўсё роўна знаходзім пэўныя формы для дзейнасці ў Беларусі.

Калі казаць пра прэзідэнцкія выбары, то ў сённяшніх умовах вылучэнне кандыдатаў паасобку ад палітычных партый мне падаецца малаверагодным. Хутчэй за ўсё, сітуацыя не будзе такой, як у 2010 годзе. Лукашэнка больш не будзе імітаваць гульні ў дэмакратыю. Таму, каб вылучыць кандыдата, рэальна прайсці праз сіта праверак, праз той ціск, які напэўна будзе падчас выбараў, неабходная кансалідацыя.

Аляксей Янукевіч: Магчымасці ўплываць на грамадства, сапраўды, моцна абмежаваныя. Мае поспех дзяржаўная палітыка, скіраваная на тое, каб зрабіць людзей абыякавымі, знішчыць веру ў тое, што перамены магчымыя, што грамадская праца мае нейкі сэнс. Людзі не вераць, што іх асабісты ўдзел у палітычнай альбо грамадскай дзейнасці можа прынесці нейкі плён. У гэтым палягае прычына таго, што ўплыў дэмакратычных арганізацый сёння настолькі невялікі.

Але існуе і пазітыўная дынаміка. Уплыў некаторых нашых ідэяў на насельніцтва застаецца высокім. Ідэя нацыянальнай незалежнасці, адраджэння, ідэя інтэграцыі з заходнімі краінамі і адмаўлення ад інтэграцыйных працэсаў з Расіяй маюць большы ўплыў на беларускае грамадства, і нават на чыноўніцтва. Мы ўсё часцей чуем заявы пра незалежнасць Беларусі, пра неабходнасць адраджэння беларускай мовы. Натуральна, гэта не сведчыць, што сёння беларуская дзяржава і Аляксандр Лукашэнка збіраюцца абапірацца на нацыянальную ідэю і адстойваць нацыянальныя інтарэсы, аднак у прынцыпе гэта пашырае нашы магчымасці ўплываць на беларускае грамадства.

Што тычыцца прэзідэнцкіх выбараў, то я пагаджуся з Юрасём: сёння правесці паўнавартасную прэзідэнцкую кампанію аднаасобна, сваімі сіламі, не здольная ніводная палітычная сіла. Калі мы разлічваем не толькі на сталы «пратэстны электарат», а на больш шырокія колы грамадства — альтэрнатывы яднанню няма. У адваротным выпадку, кошт тых памылак, якія здольная зрабіць дэмакратычная супольнасць, можа быць надзвычай высокім. Фактычна, у 2015 годзе мы можам страціць краіну. І нашая задача — зрабіць так, каб гэтага не адбылося.

Павел Севярынец: 200 гадоў Расія, 70 гадоў камуністы і 20 гадоў Лукашэнка даводзілі Беларусь і ў плане свядомасці, і ў плане ментальнасці, і ў плане маралі проста да ўзроўню ямы. З гэтай ямы проста так выбрацца не ўдасца. Магчыма, для гэтага прыйдзецца прыкласці працу асабістага жыцця, аднаго пакалення, ці нават некалькіх пакаленняў. Гэта не такая простая справа, каб можна было казаць: хоп — і ў 2015 годзе мы з гэтай ямы выскачылі.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што Расія вярнула сабе патэнцыял імперыі. Зараз гэтая імперыя дзейнічае, прычым тэмп заваёваў паскараецца. І, хутчэй за ўсё, Пуцін спыняцца не будзе.

Адначасова гэта дае нам магчымасці, у тым ліку і гістарычныя. Калі Расія завязне ва Украіне, то яна, Расія, можа проста трэснуць па швах. З улікам санкцыяў, напружання ў ваенна-прамысловай сферы, паніжэння коштаў на нафту — можа паўтарыцца сітуацыя Савецкага Саюза. І ў Беларусі ў гэтым выпадку ёсць шанец вырвацца.

Сітуацыя мяняецца і ў самой Беларусі. З аднаго боку, можна было б казаць, што ўсё кепска. Бо апазіцыя слабая. З іншага — з’яўляюцца новыя цэлыя пласты грамадства, якія ўяўляюць незалежнасць як каштоўнасць.

НЧ: Добра, з’яўляюцца гэтыя пласты грамадства. Здавалася б, апазіцыі з імі і трэба працаваць, нарошчваць свой патэнцыял…

Севярынец: Сітуацыя змянілася толькі што, літаральна за апошнія тыдні. Нават самая паспяховая палітычная сіла не паспела б перабудавацца. Вельмі імкліва з’явіліся гэтыя футбольныя фанаты, напрыклад, якія масава выступілі на «Барысаў-Арэне», а «выспявалі» яны вясной-летам, пад падзеі ва Украіне. Безумоўна, з імі масты трэба наводзіць, каб яны не засталіся без падтрымкі, каб яны не згубіліся недзе.

Зараз палітычная дзейнасць — гэта проста. Хочаце заняцца палітыкай — суньце пальцы ў разетку. Б’ецца токам? А што ж вы хацелі? 20 гадоў рэжым умацоўваўся, лупяць і «прасуюць» апазіцыю… Пра гэта спытайцеся ў любога мясцовага актывіста — стос такіх гісторыяў будзе. Беларускі народ палітыкай займацца не хоча, таму што токам б’ецца: звальненне з працы, складанасці з вучобай, б’юць, садзяць у турмы… Так што не трэба пляжыць апазіцыю. Сябры, не можаце зрабіць самі — хаця б не бэсціце тых, хто нешта робіць.

Уладзімір Някляеў: Што вы чапляецеся да гэтай апазіцыі: тое не так, гэтае не так! Прыйдзіце вы папрацаваць у гэтую апазіцыю, пацягайцеся па пастарунках, зразумееце, што апазіцыя ў сённяшніх умовах можа зрабіць. Калі казаць пра прыклад Украіны,то там у людзей былі хаця б нейкія перамогі: быў поспех у супрацьстаянні з уладай, былі «каляровыя рэвалюцыі», былі, урэшце, прадстаўнікі апазіцыі ў парламенце і незалежныя тэлеканалы ў эфіры… Так што дзякуй Богу, што ёсць хоць такая апазіцыя, бо без яе наогул шлях толькі на кухні, і больш нікуды.

Незалежнасць — не перадвыбарчы лозунг

НЧ: Эксперты выказалі пэўны скепсіс: наўрад ці Расія зацікаўленая ў палітычным знішчэнні Беларусі, пазбаўленні яе суверэнітэту. Ці сапраўды ёсць пагроза незалежнасці Беларусі?

Губарэвіч. Пуцін, дзякуючы таму, што адарваў ад Украіны Крым, атрымаў шалёную падтрымку ўнутры Расіі. Яго рэйтынгі зашкальваюць, а народ гатовы трываць любыя непрыемнасці і страты ў выніку санкцый ЗША і ЕС. Маральнай кампенсацыяй для іх з’яўляецца аднаўленне імперыі.

Пуцін зараз не можа ўтрымаць Данбас, а адзіным спосабам трымаць свае рэйтынгі з’яўляецца працяг імперскай экспансіі. Беларусь у гэтым выпадку з’яўляецца лёгкім і прынадным кавалкам. Неабавязкова сюды ўводзіць войскі, дастаткова падкантрольнымі Расіі спецслужбамі правесці рэферэндум, альбо прыняць рашэнне іншым чынам пра далучэнне Беларусі для Расіі. Гэта бяскроўны варыянт, які праглядаецца вельмі празрыста. Гэта варыянт, на які б пайшла частка наменклатуры і, магчыма, пагадзіўся б Лукашэнка, калі б Пуцін даў яму гарантыі бяспекі. Гэта тое, што дазволіць расіянам адчуваць сябе шчаслівымі яшчэ некалькі наступных гадоў, а Пуціну — мець падтрымку насельніцтва.

Янукевіч: Небяспека знішчэння беларускай дзяржаўнасці безумоўна ёсць. Ніхто не можа залезці ў галаву Пуціна. Я не чуў ніводнага сур’ёзнага аналітыка, які б яшчэ паўтара гады ці год таму прадказваў, што Расія рызыкне захапіць Крым ці ўводзіць свае войскі на Усход Украіны.

Нельга не заўважыць раздачу ў Беларусі расійскіх сцягоў, узмоцненую падтрымку прарасійскай «пятай калоны» ў краіне: псеўдаказацтва, псеўдааналітычных арганізацый, якія займаюцца папулярызацыяй «Рускага свету», і гэтак далей. Прарасійскія арганізацыі імкнуцца працаваць з грамадствам, і ўсё гэта не проста так. Відавочна, як адзін з варыянтаў, разглядаецца спроба палітычнага далучэння Беларусі да складу Расіі. Казаць, што небяспекі няма — гэта абсалютная адарванасць ад рэаліяў.

НЧ: Але першы, хто выступае зараз абаронцам незалежнасці, — Аляксандр Лукашэнка. Ці атрымаецца ў апазіцыі скарыстаць незалежнасць як асноўны пункт перадвыбарчай кампаніі? Я ведаю, такія ідэі ёсць, напрыклад, у БНФ…

Янукевіч: Для нас незалежнасць не можа быць козырам ці не козырам. Незалежнасць — галоўная каштоўнасць, дзеля якой мы працуем, нягледзячы на тое, як складаецца кан’юнктура, спрыяльны час для гэтага пытання ці неспрыяльны. Зараз разуменне чыноўніцтва, данясенне да шырокіх колаў беларускага грамадства тых небяспекаў, якія сыходзяць з Крамля, нам, безумоўна, на карысць.

Яшчэ год таму, калі мы пачыналі сваю кампанію супраць вайсковых базаў Расіі, 35% беларусаў выказваліся супраць гэтых базаў, і недзе 22% — за. Сёння, з-за ўкраінскіх падзеяў, супраць расійскіх ваенных базаў выступаюць на 10% болей беларусаў. 45% — гэта амаль палова насельніцтва.

Для нас гэта дадатковая магчымасць пераконваць грамадства, што ўвесь пакет нашых прапановаў адэкватны, адпавядае рэаліям, чаканням і патрэбам беларускага грамадства. Калі сёння больш людзей задумваюцца аб незалежнасці, фармуецца ўсведамленне небяспекаў, што сыходзяць з Крамля — гэта нам плюс.

Перспектыва адзінага

НЧ: Вы адназначна выказаліся пра яднанне. Але гэта мы чуем перад кожнымі прэзідэнцкімі выбарамі, і ніводнага разу апазіцыя не аб’ядналася. Чаму дагэтуль няма адзінага кандыдата ад апазіцыі?

Янукевіч: Досвед аб’яднання быў, калі ў 2006 годзе абралі адзіным Мілінкевіча. Канешне, тады з’явіўся Казулін, з незразумела якімі і адкуль рэсурсамі, але ж Мілінкевіча ўсё ж такі ўспрымалі як «адзінага».

Аб’яднанне можа быць альбо вельмі слабых дзеля таго, каб сумесна выжываць, альбо моцных, каб атрымаць крытычную масу і пераламіць сітуацыю. Пасля 2006 года была не настолькі кепская сітуацыя, каб аб’ядноўвацца дзеля выжывання, і разам з тым ніхто паасобку не быў настолькі магутны, каб аб’яднанне стварала крытычную масу. Больш за тое, на ўзоры 2006 года мы пабачылі, што аб’яднанне ідэалагічна далёкіх структур — напрыклад, Партыі БНФ і «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, стварыла дадатковыя праблемы. Мілінкевічу немагчыма было прапанаваць больш рэльефнае бачанне новай Беларусі, бо адбывалася ўзаемнае ідэйнае блакаванне. Для таго, каб зрабіць праграму кандыдата прымальнай для супярэчных палітычных сілаў, даводзілася рабіць праграму «ніякай».

Зараз сітуацыя іншая. Падзеі ва Украіне драматычна змянілі сітуацыю ва ўсім рэгіёне. Сёння дзеля таго, каб беларускае грамадства магло быць гарантам незалежнасці, неабходна, каб ад імя грамадства апазіцыя гаварыла адным голасам. Тое, што сёння перашкаджае аб’ядноўвацца, — безадказнасць некаторых палітыкаў, якія спадзяюцца аднаасобна знайсці рэсурсы на нейкі «свой праект», на правядзенне сваёй кампаніі. На маю думку, гэтыя спадзяванні марныя. Больш таго, гэта шкодна для Беларусі.

Севярынец: Дэмакратычныя сілы павінны размаўляць з беларускім народам, з Захадам, з уладай, з Расіяй адным голасам. Калі гэта будзе некалькі галасоў — адзін за санкцыі, другі за дыялог, трэці за байкот — ніхто нас не пачуе. Нават актывісты апазіцыі не разбяруцца, хто чаго хоча. Павінна быць адна каманда, адна стратэгія і адзіны лідар.

Не адзіны кандыдат, таму што размаўляць аб кандыдаце недарэчна, — выбараў няма. Патрэбны адзіны лідар у кампаніі. Яго можна назваць адзіным кандыдатам, і ён пойдзе на выбары, але ўдзел павінен быць абумоўлены: вызваленне палітвязняў, выбары па стандартах АБСЕ, прадстаўнікі гэтага лідара ў камісіях — толькі тады мае сэнс удзельнічаць. Калі гэтага няма, то тады можна разглядаць пытанне пра няўдзел альбо пра выхад з гэтай кампаніі, калі стане канчаткова ясна, што ўсё ідзе да чарговай «элегантнай перамогі».

Губарэвіч: Апазіцыі трэба пераасэнсаваць падыход, і перастаць жыць календаром ад выбараў да выбараў. Пры захаванні кантролю над выбарчымі камісіямі, пры наяўнасці сярод кандыдатаў прозвішча Аляксандра Лукашэнкі разлічваць на перамогу, на сумленны падлік галасоў не выпадае.

Калі не ставіцца задача пайсці і перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, тады ставяцца іншыя задачы. Раскрутка арганізацый, падвышэнне рэйтынгаў палітыкаў і гэтак далей. І гэта, канешне ж, адбіваецца на перамовах па адзіным кандыдаце. Такія меркантыльныя і асабістыя задачы выглядаюць больш рэальнымі, і ідзе змаганне за асабістыя дывідэнды. Гэта таксама перашкаджае адзінству.

 

Маральны выклік

НЧ: Рэпрэсіі, маргіналізацыя насельніцтва — гэта ад апазіцыі не залежыць, зразумела. Але ёсць рэчы, якія апазіцыя можа зрабіць, але не робіць. І ад гэтага ў вачах насельніцтва яна выглядае нягеглай. Пра таго ж адзінага мы чуем некалькі гадоў. Гэта выклікае ўсмешкі, калі не насмешкі…

Севярынец: Аб’яднанне — абсалютная задача апазіцыі. Прычына таго, што апазіцыя дагэтуль не аб’ядналася, тычыцца безадказнасці шэрагу палітыкаў. Але другое — гэта і знешні чыннік, і геапалітычны ўплыў.

У мяне было тры гады працы над памылкамі — у «амерыканцы» і потым на «хіміі». Я гэтую працу зрабіў. На Нацрадзе БХД была прынятая пастанова: мы свайго кандыдата не вылучаем, мы не ўваходзім ні ў якія кааліцыі, а становімся пляцоўкай для размовы. Што тычыцца працы апошніх месяцаў — гэта збіранне лідараў апазіцыі некалькі разоў на месяц і прапрацоўка ўсіх магчымых сцэнараў яднання і прапановаў. Шчыра скажу, негатыўнага досведу ў мяне зараз — вышэй горла. Але каб я лічыў, што гэта справа бессэнсоўная, я б гэтым не займаўся.

Святло ў канцы тунелю ёсць. Я веру, што мы адзінства даможамся. Таму што такая логіка працэсу: альбо Беларусь знікне, і мы разам з ёй, альбо будзе яднанне. У 2015 годзе мы можам страціць Беларусь. Калі мы не дамовімся, страцім давер беларускага народа, падтрымку праваабаронцаў, незалежнай прэсы… Нам скажуць: «Сябры, калі няма вынікаў, то чаго вас падтрымліваць?». Вось гэта трэба ўсвядоміць шэрагу апазіцыйных лідараў.

Пытанне Статкевіча

НЧ: Пытанне яднання і адзінага — пытанне не выбараў, а пытанне даверу людзей. Можна сабрацца ўдзесяцёх, торкнуць пальцам у любога і сказаць: «Ты — адзіны». Нават самы кепскі адзіны, калі ён будзе — ужо будзе сведчаннем таго, што апазіцыя дамовілася, у яе ёсць патэнцыял, ёй можна давяраць. Дарэчы, узнікла ж ідэя высунуць адзіным Мікалая Статкевіча?

Губарэвіч: Варыянт вылучэння Статкевіча мае шмат адмоўных бакоў. Мы зараз казалі, што грамадства чакае асобу, якая была б выразнікам і прадстаўніком апазіцыйных структураў, і тых людзей, якія выступаюць за перамены. Грамадства чакае адказу на свае праблемы, прапановы, пытанні, і ўцямнага адказу, што рабіць і куды рухацца.

У сітуацыі, калі мы вылучаем асобу, якая фізічна не можа ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, мы пазбаўляем сабе магчымасці даваць адказы на гэтыя пытанні. Мы не зможам ад імя кандыдата казаць пра нейкія перамены, у нас не будзе інфармацыйных магчымасцяў, доступу да дзяржаўнага тэлебачання, мы нават не зможам працаваць з людзьмі падчас збору подпісаў, таму што для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы кандыдат асабіста падае дакументы і яе спіс у ЦВК. Статкевіч, зразумела, у ЦВК не з’явіцца, а значыць, ініцыятыўная група не будзе зарэгістраваная.

Больш за тое, мы зноў сутыкнемся з праблемай, калі на топавае месца кампаніі выносім пытанне палітвязняў — пытанне, якое хвалюе апазіцыю, а не шырокае кола людзей.

Севярынец: Я падтрымліваю ідэю вылучэння Статкевіча. Яна можа быць як каштоўнаснай (калі не рэгіструюць Статкевіча — байкот), так і кампраміснай. На Кангрэсе абіраецца дублёр Статкевіча, падаюцца на рэгістрацыю два аднолькавых спісы ініцыятыўнай групы. Дублёр агучвае праграму, і адначасова патрабуе вызвалення палітвязняў.

Абысці пытанне, пра якое большая частка беларусаў ведае, — кандыдат у прэзідэнты 2010 года ў турме, — таксама немагчыма. Я, калі стасуюся з людзьмі ў рэгіёнах, першае пытанне: «Ну што, Статкевіч яшчэ сядзіць? А Шушкевіч зараз дзе? А Мілінкевіч яшчэ ў Беларусі ці з’ехаў?» Гэта мяне на мытні пыталі, калі затрымалі апошнім разам. Таму гэта сумяшчальна. І гэта давала б маральную афарбоўку кампаніі: адзінства яшчэ і ў тым, што мы сваіх не кідаем.

Янукевіч: На з’ездзе БНФ мы вызначыліся, што будзем падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча. Статкевіч выйшаў на другое месца. Але я не выключаю, што мы схілімся і да гэтага варыянта. У любым выпадку, маё асабістае меркаванне — адзін Статкевіч, які не мае права вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, адназначна лепш, чым некалькі кандыдатаў, якія могуць вылучацца.

Але аб’яднаная апазіцыя магла б ставіць перад сабой больш амбітныя задачы. Калі нават на прэзідэнцкіх выбарах галасы не лічацца, людзі ўсё ж цікавяцца гэтай кампаніяй і параўноўваюць, што прапаноўвае ўлада, і што прапануе апазіцыя. У выпадку вылучэння палітвязня ў апазіцыі будзе асноўнае патрабаванне — яго вызваленне і патрабаванне свабодных выбараў. Але такіх лозунгаў мала, каб здабыць дадатковы аўтарытэт і падтрымку сярод шырэйшых пластоў грамадства.

Някляеў: Як жыцця нармальнага няма, так і сцэнару нармальнага ў апазіцыі на гэтых выбарах няма — усе кепскія. Кепскія яны з тае прычыны, што Лукашэнка заявіў пра ягоную падтрымку ў народзе 90%. А заява Лукашэнкі — гэта ўстаноўка на тое, якія лічбы напісаць на выбарах 2015 года. Як не 90%, так 85% выньце ды пакладзіце.

Выбіраць з кепскага не самае кепскае цяжкавата. Але на сёння гуляць па сцэнары фальсіфікацыяў мы не можам. Адна з праблем папярэдніх выбараў была тое, што мы ўперліся ў адзін сцэнар — Плошча, і ўсё. Зараз трэба распрацоўваць некалькі сцэнараў дзеянняў. Калі мець на ўвазе сцэнар фальсіфікацый, апазіцыйнаму кандыдату малююць паўтары працэнты, і ўсе ідуць на Плошчу — гэта вельмі вялікая рызыка. Рызыка зараз не толькі ўнутраных рэпрэсій, але і знешняга ўмяшання, па прыкладзе Майдана.

Могуць быць некалькі сцэнараў. У варыянце з вылучэннем Статкевічам падаюцца дзве ініцыятыўныя групы — яго і дублёра. У іншым варыянце падаецца ініцыятыўная група кандыдата ў прэзідэнты і ініцыятыўная група па зборы подпісаў за правядзенне «Народнага рэферэндуму». А далей — у залежнасці ад таго, як развіваюцца падзеі. Тут ужо ёсць варыянтнасць — здымацца, актыўны байкот ці нешта зменіцца. Сітуацыя змяняецца імкліва, і казаць пра тое, што мы тое, што сёння прыдумаем, будзем рэалізоўваць, я б з упэўненасцю не стаў. Але рыхтавацца трэба.

НЧ: Выхад на адзінага, — гэта не пытанне ўдзелу ў выбарах, гэта пытанне павагі, здольнасці нешта зрабіць самой апазіцыі...

Някляеў: Я згодны, гэта трэба зрабіць. Да таго ж, трэба адзін чалавек, які б браў на сябе адказнасць не толькі за выбары, але і ў дзень галасавання. А не так, як у 2010 годзе — мы ж стаялі, і ківалі адзін на аднаго. Калі здарыцца, як тады, а можа нават і горш, — што, мы будзем стаяць, і ківаць адзін на аднаго?

НЧ: Усё ж: зараз вы як ацэніце шанцы выхаду на адзінага кандыдата?

Губарэвіч: Працэнтаў на 50.

Янукевіч: Працэнтаў 70. І не таму, што веру ў адказнасць апазіцыйных асобаў. Думаю, сітуацыя прыцісне тых, хто яшчэ не даспеў.

Севярынец: Мы загразлі ў працэдуры. Павінна перамагчы дэмакратыя: каб на Кангрэс былі абраныя дэлегаты, і яны абралі адзінага. А паколькі там ёсць розныя падыходы да вылучэння кандыдатаў: «Гавары праўду!» прапануе спісы выбаршчыкаў, Лябедзька — праймерыз, і гэтак далей, за кожным спосабам вылучэння стаяць свае структуры. 

Трэба прарывацца, таму што застаецца ўсё менш і менш часу нават на тое, каб чыста тэхнічна падрыхтаваць Кангрэс дэмакратычных сілаў да моманту абвяшчэння прэзідэнцкай кампаніі.

Някляеў: Ва ўсялякім выпадку, усе разумеюць, што выйсці з гэтага трэба прыстойна, і гэтае выйсце ўсё ж будзе.

P.S. Удумлівы чытач заўважыць: у гэтым тэксце мала Някляева. Няўжо ён адмоўчваўся? Не. Справа ў тым, што напачатку круглага стала Уладзімір Пракопавіч выйшаў «літаральна на пяць-сем хвілінаў», каб даць каментар тэлежурналістам. Выйшаў — і знік на паўтары гадзіны. Разам з журналістамі ён быў затрыманы міліцыянтамі «для высвятлення асобы» — толькі таму, што ў скверыку размаўляў па-беларуску, ды яшчэ і на тэлекамеру. Вось і кажы потым пра ўмовы правядзення прэзідэнцкай кампаніі…

Каментаваць