Калі не ён, дык хто?

«Сакральны не чалавек і нават не трон, а чалавек, які сядзіць на троне. Такім чынам, улада — гэта не безасабовая сукупнасць уладных адносін і нават не суб’ект улады як такі. Гэта суб’ект, які здзяйсняе ўладныя функцыі».



Бог любіць тройцу, і таму да двух класічных пытанняў, якія хвалююць інтэлігенцыю вось ужо два стагоддзі, дадалося трэцяе. Гэта пытанне я і вынес у загаловак. Пытанне, як кажуць, «ад жыцця». Падчас выбарчых кампаній з ім пастаянна сутыкаюцца партыйныя актывісты. Сутыкаюцца — і не могуць прапанаваць адэкватнага адказу. Таму і вынік такі.

Пошук персанальнай альтэрнатывы адзінаму палітыку (АП) — галаўны боль беларускай апазіцыі. Хвароба набыла хранічны характар. Чым яе толькі ні спрабавалі лячыць, але з’яўленне адзінага кандыдата, узброенага адзінай стратэгіяй, сёння гэтак жа малаверагодна, як і ў год чацвёртых прэзідэнцкіх выбараў.

Гэта рэальнасць, і яна не можа быць іншай у грамадстве, якое ўспрымае дзяржаву як вялікую сям’ю на чале з бацькам. Паглядзіце на электаральныя рэйтынгі беларускіх чыноўнікаў. Ніводзін з іх не выходзіць за межы статыстычнай памылкі. Усё лагічна. Якая можа быць альтэрнатыва бацьку ў патрыярхальнай (традыцыйнай) сям’і?!

Ленін, салдат і імбрык

Тэма «харызматычнага лідара ў палітыцы» паўстала не сёння. Набіраю на YouTube «Чалавек са стрэльбай». Знаёмыя з дзяцінства кадры: салдат з вінтоўкай і імбрыкам бегае па Смольным у пошуках кіпеню. Выпадкова ён натыкаецца на мужчыну ў гарнітуры-тройцы. Далей ідзе знакаміты дыялог. А вось і фінальная фраза: «Браткі! Я Леніна бачыў!», пасля якой у салдата падае імбрык…

Тут жа можна паглядзець і пародыю на дыялог Ігара Угольнікава. Прывяду фрагмент.

Не еврей, нет?

Нет, но сочувствующий.

Это хорошо. А чего здесь?

Понимаете, по нужде.

Ничего, ничего, товарищ. Когда-нибудь наступить такой момент, когда трудящиеся не будут испытывать нужду ни большую, ни малую.

У кожнай сацыяльнай з’явы ёсць свой пачатак і канец, у тым ліку і ў міфа. Экранізаваны Ленін, што абмяркоўвае з салдатам жыццёвыя і палітычныя праблемы, — гэта міф, які дасягнуў максімальнай кропкі свайго развіцця (фільм зняты ў 1938 годзе). Публічнае адмаўленне міфа на гэтай стадыі магло каштаваць чалавеку жыцця.

Смерць міфа пра Леніна і смерць палітычнай сістэмы адбыліся адначасова. Дзівіцца гэтаму не даводзіцца. А вось хто каго ў свой час спарадзіў — пытанне спрэчнае. Кастрычнік 17-га быў рэакцыяй шматмільённай сялянскай масы на рэформы Сталыпіна, якія праводзіліся, каб разбурыць патрыярхальны сялянскі свет і ўвесці рынкавыя адносіны ў вёсцы.

Крытычнай масы фермераў, г. зн. суб’ектаў рынкавай эканомікі, стварыць не атрымалася. Затое ў поўнай адпаведнасці з законам пра ненаўмысныя наступствы адбылося тое, што міністр-рэфарматар і ў страшным сне не мог уявіць: «рэйтынг» Цара-бацюхны апусціўся ніжэй нізкага. Святое месца вызвалілася, і яго заняў «мужчына ў гарнітуры-тройцы».

Падагулім сказанае: паспяховы адказ на пытанне: «Калі не ён, дык хто?» магчымы толькі пры ўмове поўнай дыскрэдытацыі дзейнага палітычнага лідара і палітыкі, якая ім праводзіцца. А гэта азначае, што пры адказе на першае і другое пытанне ў грамадстве сфармаваўся кансенсус: вінавата дзейная ўлада, патрэбны новы лідар.

Прыгадаем падзеі пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі камуністы масава здавалі партыйныя пасведчанні. Якія пры гэтым былі шанцы на захаванне ўлады ў салдата партыі Мікалая Дземянцея? Нулявыя.

Рацыянальная недасведчанасць

Нагадаю афіцыйныя вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў 1994 года: Лукашэнка — 45%, Кебіч — 17%, Пазняк — 13%, Шушкевіч — 10%, Дубко — 6% і Новікаў — 5%. У поўнай адпаведнасці з электаральнай структурай беларускага грамадства, кожны кандыдат мог разлічваць толькі на галасы «сваіх» выбарцаў. «Сваімі» для «большасці» былі Лукашэнка, Дубко і Новікаў. Для «меншасці» — Пазняк і Шушкевіч.

На размеркаванне галасоў сярод «сваіх», безумоўна, паўплываў цэлы букет асобасных характарыстык кандыдатаў у прэзідэнты. З дапамогай сацыёлага Аляксандра Аслона паспрабую вылучыць галоўную: «Калі партыя ці палітык, ці нейкая арганізацыя з’яўляюцца і штосьці кажуць, ацэньваецца зусім не тое, што яны кажуць. Сказанае праходзіць пэўны тэст на дзеяздольнасць, на патэнцыю, на тую сілу, якая ёсць ці няма для рэалізацыі абяцанага».

Чытач мае права спытаць: а як жа перадвыбарныя праграмы? Каб зразумець іх унёсак у поспех барацьбы за галасы выбарцаў, запазычу з інтэрнэту чарговую азбукавую паліталагічную ісціну: «Паколькі верагоднасць таго, што адзін голас самага звычайнага выбарца здольны неяк паўплываць на канчатковы зыход галасавання, блізкая да нулявой, у выбарцаў адсутнічаюць дастатковыя стымулы марнаваць свой час і сілы на вывучэнне перадвыбарчых праграм кандыдатаў, збор і апрацоўку іншай палітычнай інфармацыі. Таму выбарцы праяўляюць рацыянальную недасведчанасць у палітычных пытаннях». І беларусы ў гэтым сэнсе не з’яўляюцца выключэннем. Дэталямі праграм яны не цікавіліся, не цікавяцца і ніколі цікавіцца не будуць.

На кожным баявым самалёце ўсталявана электронная сістэма «свой—чужы». Яе своеасаблівы аналаг існуе і ў галовах выбарцаў. Ён і дазваляе практычна беспамылкова адрозніваць «свайго» кандыдата ад «чужога». З улікам электаральнай спецыфікі Беларусі («большасць» + «меншасць») гэта азначае поўную бесперспектыўнасць так званых «незалежных кандыдатаў». Практыка, што, як вядома, выступае крытэрам ісціны, вось ужо 18 гадоў пацвярджае гэту выснову.

Як яечка каштоўнае да Хрыстова дня, так і харызматычны апазіцыйны палітык здольны зацікавіць выбарцаў выключна ў момант руйнавання звыклай для іх карціны свету. У якасці галоўнага элемента руйнавання выступае расчараванне ў персаніфікатары ўлады (манарху, генеральным сакратары, прэзідэнце). Як тут ні прыгадаць Аляксандра Галіча: «Оказался наш отец не отцом, а сукою».

Сваёй перамозе над канкурэнтамі (Кебіч, Дубко, Новікаў) у 1994 годзе АП абавязаны найперш самому сабе. З гэтым не паспрачаешся. У момант, калі ў грамадстве ўзнік попыт на «моцную асобу», яна з’явілася ў вобразе барацьбіта з карупцыяй.

Але, як гэта ні падасца дзіўным, «моцная асоба» не абавязкова павінна валодаць адпаведнымі асобаснымі якасцямі. Пра гэта ніжэй.

«Цуд ператварэння ўлады»

Падыдзем да трэцяга пытання з нечаканага боку. Прынцып «не высоўвайся» — адзін з базавых у беларускай культуры. У сваіх штодзённых практыках ім кіруюцца мільёны. Традыцыйная культура адпрэчвае асобасны пачатак. Асоба — прадукт мадэрнізацыі (зрэшты, мадэрнізацыя — прадукт дзейнасці асоб). Але ў беларускім грамадстве працэс мадэрнізацыі яшчэ далёка не завершаны. Не дарма ж пад мадэрнізацыяй АП разумее выключна працэс тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемстваў.

Тут самы час звярнуцца да цытавання: «Сакральны не чалавек і нават не трон, а чалавек, які сядзіць на троне. Такім чынам, улада — гэта не безасабовая сукупнасць уладных адносін і нават не суб’ект улады як такі. Гэта суб’ект, які здзяйсняе ўладныя функцыі. У адвечна-наіўным пытанні «хто?» чуецца містычнае чаканне цуду ператварэння ўлады» (Андрэй Пеліпенка, культуролаг).

Прыкладам «цуду ператварэння ўлады» можа служыць палкоўнік Пуцін. «Малчалін на пасадзе нацыянальнага лідара», — так сказаў сацыёлаг Леў Гудкоў пра Пуціна. Тым, хто даўно не перачытваў «Гора ад розуму» нагадаю характарыстыку сакратара Фамусава: «Вот он на цыпочках и не богат словами». Здавалася б, пра якую харызму тут можна весці гаворку! Але зірніце на рэйтынг. Ён як узляцеў да нябёсаў пасля першай ракіроўкі (з Ельцыным у 1999 годзе), так амаль без страт дацягнуў да другой (з Мядзведзевым у 2012 годзе).

У адрозненне ад сваіх палітычных канкурэнтаў, Пуцін — суб’ект, які здзяйсняе ўладныя функцыі, і ўжо хаця б таму на пытанне: «Калі не ён, дык хто?» няма і не можа быць пераканаўчага адказу. Зразумела, да таго часу, пакуль карціна свету, якую ён увасабляе, не разбурыцца. І вось тады пачне фармавацца масавае запатрабаванне ў новым культурным героі-месіі. І пачынаецца новы цыкл: светлыя надзеі — любоў — сляпое ігнараванне неадпаведнасці паміж чаканнямі і рэальнасцю — расчараванне і незадаволенасць — пагарда і нянавісць…

Моцнае, але не эфектыўнае

Беларускае грамадства ходзіць па тым жа коле. Але ў новага масавага расчаравання будзе важнае адрозненне ад расчаравання пачатку 90-х гадоў, якое завяршылася трыумфальнай перамогай АП на прэзідэнцкіх выбарах. Расчараванне дваццацігадовай даўніны было спароджана хаосам лібералізацыі, таму ў якасці зваротнай рэакцыі сфармаваўся запыт на «моцную дзяржаву» і адпаведны тып асобы, здольны такую дзяржаву ўзначаліць.

Прывяду фрагмент выступу АП на III Усебеларускім народным сходзе: «У нас нет организованной преступности и бьющей в глаза коррупции. Мы устранили как экономические, так и политические причины социальных потрясений. Управленческая «вертикаль» позволяет нам концентрировать ресурсы на главных направлениях развития, принимать и эффективно реализовывать государственные решения».

У 2006 годзе адкрыта ўсумніцца ў пералічаных дасягненнях адважваліся толькі нядобразычліўцы і адкрытыя апаненты АП. Сёння пра неэфектыўнасць «вертыкалі» нам увесь час распавядае сам яе архітэктар. Прыгадаем яго візіты на дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Не прадстаўнікі ж «пятай калоны» распрацоўвалі планы па іх мадэрнізацыі з тэрмінам завяршэння ў 2009 годзе.

Першыя інфармацыйныя ластаўкі карціну свету змяніць не здольныя, але сёння мы назіраем пачатак масавага пералёту інфармацыйных «птушак». Ігнараваць гэты працэс дзяржаўныя СМІ ўжо не ў стане. Асабіста для мяне асноўнай крыніцай крытычнай інфармацыі даўно ўжо служыць «Советская Белоруссия».

Генератарам новага хаосу гэтым разам выступае «моцная дзяржава», таму рымейк перабудовы вельмі верагодны, як верагодны і грамадскі запыт на «новое мЫшленье» і адпаведны яму тып героя-месіі.

Каментаваць