Калі не ён, дык хто?

У тым, што «тлустыя» гады засталіся ў мінулым, думаю, у Беларусі ўжо ніхто не сумняваецца. Афіцыйныя заявы наконт чарговага дасягнення «дна» эканамічнага крызісу сведчаць толькі пра неадэкватнасць аўтараў заяў.



Таму ўсё часцей гучаць пытанні пра магчымасць перарастання крызісу эканамічнага ў крызіс палітычны.
 
 

Наша масавая вера ў здольнасць быцця вызначаць свядомасць непахісная. Усе мы ў той ці іншай ступені сапсаваныя марксізмам у яго савецкай трактоўцы. А калі так, дык быццю, што дэградуе на вачах, час гэту самую свядомасць і абудзіць.

Наколькі такія ўяўленні апраўданыя, я паспрабую разабрацца з дапамогай спецыяліста ў пытаннях рэвалюцый, паўстанняў і смутных часоў гісторыка Уладзіміра Булдакова.

У якасці першага «азбукавага» кроку неабходна вызначыць паняцці «ўлада» і «дзяржава». Улада ёсць вытворная ад народнага ўяўлення пра яе. Такім чынам, улада фармуецца народам (людской масай). Тое, як гэта адбываецца на практыцы, многія чытачы НЧ мелі магчымасць не толькі назіраць у 1994 годзе, але і непасрэдна ўдзельнічаць у працэсе яе фармавання.

Народ фармуе ўладу, але не дзяржаву. Дзяржава фармуе ўладу. У свядомасці традыцыйнага чалавека ўлада атаясамліваецца з першай дзяржаўнай асобай (царом, генеральным сакратаром, прэзідэнтам), а дзяржава — з чыноўнікамі. Улада сакральная. Калі першая асоба дзяржавы паўстане істотай такога ж парадку, што і чыноўнікі, дык народ можа супраць яе ўзбунтавацца.

Булдакоў вылучае сем стадый праходжання крызісу ўлады: этычны, ідэалагічны, палітычны, арганізацыйны, сацыяльны, ахлакратычны і рэкрэацыйны. Зразумела, гэта ідэальная схема. На практыцы ўсе кампаненты крызісу дзейнічаюць адначасова, але з рознай інтэнсіўнасцю.

Gloria mundi яшчэ не прайшла

Этычны кампанент крызісу найбольш цяжка вызначыць сацыялагічна. Між тым, смутныя часы не магчымыя без свайго роду грэхападзення ўлады.

Каб не паглыбляцца ў гісторыю, звернемся да яе савецкага перыяду. Этычны кампанент крызісу стымулявала хрушчоўская авантура пабудовы камунізму. Свой унёсак зрабіла і выкрыццё культу асобы Сталіна. Ужо да сярэдзіны 70-х гадоў вера ў амаральнасць «слуг народа» стала масавай. Калі казаць сучаснай мовай, у грамадстве склаўся кансенсус наконт двух відаў камуністаў. Яны маглі быць альбо сумленнымі дурнямі (меншасць), альбо разумнымі нягоднікамі (абсалютная большасць).

Глыбіню разлажэнне сістэмы сімвалізавалі антысавецкія анекдоты. Іх стварэнне народ паставіў на паток. Яны карысталіся папулярнасцю на ўсіх узроўнях сацыяльнай іерархіі, у тым ліку і на вышэйшым.

Па меры развіцця агульнага крызісу неадэкватнасць першых асоб дзяржавы рабілася ўсё больш відавочнай. Як тут ні прыгадаць Міхаіла Гарбачова з яго размовамі пра «сацыялістычныя каштоўнасці» і «ідэалы Кастрычніка».

Найважнейшая функцыя персаніфікатара сакральнай улады — апраўданне масавых ілюзій. У 1988 годзе, паводле Усерасійскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), пры адказе на пытанне пра «чалавека года» па-за канкурэнцыяй апынуўся Гарбачоў — 51%. Але ўжо ў 1992 годзе яго папулярнасць апусцілася да 1%! Sic transit gloria mundi (Так сыходзіць слава свету). Лепшай ілюстрацыі да афарызму нямецкага філосафа-містыка XV стагоддзя Фамы Кейпійскага, мабыць, і не знайсці.

А што мы маем сёння ў Беларусі? Электаральны рэйтынг АП (адзінага палітыка) у снежні 2015 года склаў 33% (НІСЭПД). Сярэдняе значэнне за мінулы год — 37%. Прыстойны паказчык, калі ўлічыць, што ў 2003 і 2011 гадах сярэдняе значэнне рэйтынгу складала 29%.

Масавая ілюзія беларусаў — гэта вера ў здольнасць улады вырашаць усе праблемы. Адсюль знакамітая максіма: «Калі не ён, дык хто?!» Сапраўды, хто, калі не ён, выдасць дапамогу ды пенсіі, забяспечыць годны заробак... Спіс можна лёгка працягнуць.

Варта прызнаць, што да 2015 года ўлада свае сацыяльныя абавязкі ў асноўным выконвала. Аднак вышэй галавы не скочыш. Адкрыем перадвыбарчую праграму АП. Джэнтльменскі набор чарговых абяцанняў зводзіцца да захавання стабільнасці і парадку. «І гэта ўсё?» Тут я цытую знаёмую жанчыну, якая атрымала ад мяне 8 сакавіка букет з трох гваздзікоў. Не, не ўсё. Улада выказала пажаданне не «страціць тое, што ўжо дасягнута».

У аптымізме ўладзе не адмовіш. Вось толькі верагоднасць рэалізацыі пажадання блізкая да нуля. Тым не менш канстатаваць надыход першага (этычнага) кампанента крызісу я б не наважыўся. Але трэнд у напрамку грэхападзення, сфармаваны самой уладай, ужо выразна праглядаецца.

Апытанні разварот не фіксуюць

Ідэалагічны складнік крызісу звязаны з афармленнем альтэрнатывы існуючай форме праўлення.

Гісторыя мае мноства прыкладаў фармавання ідэалагічных альтэрнатыў. Звернемся да эпохі Пятра I. «Людзі, камандзіраваныя ўрадам дзеля засваення патрэбных яму ведаў, прывозілі з сабой лад думак, зусім яму не патрэбны, і нават небяспечны... — пісаў гісторык Васіль Ключэўскі. — Супраць урада, які змагаецца са сваёй краінай, стаў адукаваны за кошт ураду патрыёт, які не верыць ні ў сілу асветы, ні ў будучыню сваёй айчыны».

Негатыўны гістарычны вопыт фармавання патрыётаў за кошт урада ў Беларусі засвоены. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова нават павярхоўна азнаёміцца з праблемамі, з якімі сутыкнулася рэспубліка-партызанка пры ўступленні ў Балонскі працэс. Уступіць яна ўступіла, але з агаворкамі, аформленымі ў выглядзе дарожнай карты. Ёсць вялікія сумневы ў тым, што да 2018 года ў пытаннях правоў студэнтаў і аўтаноміі ўніверсітэтаў адбудуцца прыкметныя зрухі.

На думку АП, «дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі не менш, чым у іншых. <...> І самае галоўнае — гэта права жыць». Усё правільна. Правільныя студэнты-патрыёты ў іншых правах і не маюць патрэбы.

За адсутнасцю расійскіх універсітэтаў Пётр I быў вымушаны камандзіраваць падлеткаў шукаць веды ва ўніверсітэты Еўропы. Так сёння робяць усе паспяховыя краіны трэцяга свету. Толькі студэнтаў з Кітая ў амерыканскіх універсітэтах навучаецца каля 250 тысяч. Актыўна падтрымлівае навучанне сваіх студэнтаў за мяжой і адзін з заснавальнікаў Еўразійскага саюза Казахстан. Але беларуская мадэль у высокаадукаваных людзях не мае патрэбы — гэта адна з яе істотных асаблівасцяў.

У канцы XIX стагоддзя ідэалогіі ў жыцці народаў набылі якасці былых рэлігійных «эпідэмій». Ва ўмовах мадэрнізацыі чалавек стаў безабаронным перад інтэлектуальнымі вірусамі разнастайных ідэй, што здольныя прыводзіць у рух велізарныя чалавечыя масы. Вірусы, перанесеныя ў новы сацыяльны асяродак, перажывалі настолькі складаныя мутацыі, што часам ад якога-небудзь «прывіду камунізму» на практыцы мала што заставалася.

Адна з асаблівасцяў ідэалагічных бязладзіц на роднай глебе палягае ў няздольнасці ацвярэзіцца ад былога дактрынальнага шаленства. Адсюль тая лёгкасць, з якой беларусы адмовіліся ў канцы 80-х гадоў ад камуністычнай ідэалогіі на карысць дэмакратычных каштоўнасцяў. У 1994 годзе яны павярнуліся на 180 градусаў і гэтак жа дружна прагаласавалі за рэстаўрацыю «моцнай» дзяржавы на чале з «моцным» лідарам.

Якім можа быць чарговы ідэалагічны зігзаг? Выбар вельмі абмежаваны, і выбар гэты, хутчэй, абстрактны, чым рэальны. Стаміўшыся ад эканамічных цяжкасцяў, тыповы прадстаўнік беларускай «большасці» зноў павернецца тварам да Еўропы. На сённяшні дзень, аднак, спробаў такога развароту сацыялагічныя апытанні не фіксуюць.

Баярскія «разборкі»

Сярод родных бяроз і асін палітычны складнік крызісу ў мінімальнай ступені адпавядае класічным паняццям палітычнага супрацьстаяння. У дачыненні да рэвалюцый і смутных часоў гэта прасцей назваць баярскімі «разборкамі».

Айчынная палітыка звязаная пераважна з супрацівам слабеючай уладзе, што з вялікім спазненнем набывае арганізацыйнае афармленне. У дзяржаве, пабудаванай па прынцыпе ўнітарнага прадпрыемства (УП «Беларусь»), наіўна было б чакаць іншага. «У нас выпрацавалася найбольш нізкая форма дзяржавы, вотчына, — пісаў ужо цытаваны вышэй Васіль Ключэўскі. — Гэта ўласна не форма, а сурагат дзяржавы». Для чытачоў, якія ўжо даўно не зазіралі ў падручнік гісторыі, нагадаю, што вотчына — гэта зямельнае валоданне, якое належыць феадалу паводле спадчыны. Вотчына — гэта комплекс, які складаецца з зямельнай уласнасці (зямлі, пабудоў і інвентару) і правоў на залежных сялян. У наш час аднымі сялянамі справа, натуральна, не абмяжоўваецца.

Пакуль уладальнік вотчыны моцны, гаварыць пра палітыку не даводзіцца. Трэба валодаць багатым уяўленнем, каб разглядзець яе ў афіцыйных выбарчых кампаніях, у тым ліку і ў прэзідэнцкай.

Уласна палітычная прастора ў Беларусі мінімізавана пытаннем: «Калі не ён, дык хто?». Гэта значыць, пытаннем пра вышэйшую ўладу, пытаннем пра ўладальніка вотчыны. Бесперапынныя на працягу двух дзесяцігоддзяў спробы апазіцыі выбраць адзінага — наглядна ілюструюць справядлівасць гэтага сцвярджэння.

Выхад баярскіх «разборак» у публічную прастору — дакладная прыкмета фармавання палітычнага складніку крызісу. Як гэта адбываецца на практыцы, можна было назіраць на прыкладзе апошняга ў гісторыі СССР палітбюро, што раскалолася на прыхільнікаў Гарбачова і Лігачова.

Нешта падобнае з папраўкай на спецыфіку айчыннай мадэлі пачынае фармавацца сёння і ў Беларусі. У цэнтры публічнай дыскусіі, якая наспявае, — структурныя рэформы. Стаўленне да іх АП вельмі адмоўнае. Гэта не сакрэт. Тым не менш на «Кастрычніцкім эканамічным форуме» прадстаўнікі рынкавага крыла эканамічнага блока «вертыкалі» зрабілі шэраг заяваў, якія супярэчаць генеральнай лініі.

Праз тры дні ў сваім інаўгурацыйным выступе АП быў максімальна канкрэтны. Ён папярэдзіў, што будзе «рэзаць тых, хто гэта (рэформы. — С.Н.) прапануе».

(працяг будзе)

 

Каментаваць