Каму патрэбны дыялог?

Нагодай узгадаць старое слова «дыялог» стала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з рэдактарам «Народнай Волі» Іосіфам Сярэдзічам. Але ці патрэбны грамадству такі дыялог? Можа, лепш проста правесці свабодныя выбары?

Старым «сябрам — ворагам» было пра што паразмаўляць цягам амаль двух гадзінаў.

Сам Іосіф Паўлавіч даволі падрабязна распавёў, пра што яны размаўлялі з кіраўніком Беларусі ў сваёй калонцы ў «Народнай Волі».

«Усё часцей і часцей у выступленнях Лукашэнкі гучаць словы, што не за гарамі той дзень, калі яго прэзідэнцтва наблізіцца да завяршэння. Але змена ўлады павінна адбыцца не праз крывавы майдан, не праз грамадзянскую калатнечу і не праз страту нашага самага найвялікшага здабытку — Незалежнасці. Адчуваецца, ён хоча перадаць краіну ў другія рукі не разваленую, не са знішчанай эканомікай і жабрацкім дабрабытам людзей, а жыццядзейную, спакойную, суверэнную. Мірна, дэмакратычна, цывілізавана, а не праз барыкады і закалоты. Пагадзіцеся, іншай альтэрнатывы ў беларусаў няма. Трэба разам знайсці шляхі выхаду з цяжкай сітуацыі, якая склалася ў апошнія месяцы. І вось тут наша размова выйшла на канкрэтныя варыянты магчымага агульнанацыянальнага дыялогу», — напісаў Іосіф Сярэдзіч.

Зразумела, пасля Крыму пытанне незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы набыло звышактуальнасць. Нават большасць апазіцыі зараз дзейнічае з аглядкай: ці не справакуе гэта Расію на «зялёных чалавечкаў»? Але не будзем таксама забывацца, што варыянты рознага кшталту «круглых сталоў» улады і апазіцыі ды «нацыянальных дыялогаў» агучваюцца не ўпершыню.

Дый сам Іосіф Сярэдзіч ужо агучваў ідэю дыялогу на прэс-канферэнцыі з Лукашэнкам у 2015-м. Тады нават былі перададзены прапановы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Зараз Лукашэнка зноў «папрасіў больш дэталёва, магчыма, пісьмова, падрыхтаваць прапановы».

Варта таксама нагадаць, што напрыканцы 2015 года частка апазіцыянераў нечакана звярнулася да Еўрасаюза з просьбай паспрыяць дыялогу з уладай. Паводле іх меркавання, ЕС павінен быў паўплываць на Лукашэнку, каб перазагрузіць «круглы стол» паміж уладай і апазіцыяй пры пасярэдніцтве АБСЕ, закансерваваны ў 1999 годзе. Апроч буйнога скандалу, гэтая ініцыятыва наступстваў не мела. Дый згаданы «круглы стол — 1999» вынікаў не даў.

Дык якія ёсць падставы думаць, што чарговая спроба па арганізацыі нацыянальнага дыялогу прывядзе да нейкай канкрэтыкі? Хіба толькі тое, што гэта абмяркоўвалася падзчас гутаркі «сам-насам». Пагадзіцеся, гэта даволі нетрывалы аргумент у параўнанні з сумнай гісторыяй усіх «дыялогаў».

Зразумела, што апазіцыя таксама, заклапочаная захаваннем незалежнасці, не супраць дыялогу. Але каб гэта быў сапраўды дыялог, а не брыфінг аднаго Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч сказаў, што дыялог — гэта лепш, чым канфлікт, тым больш у сітуацыі, калі незалежнасць Беларусі апынулася перад пагрозай. Але не згодны браць удзел у імітацыі дыялогу.

Салідарны з ім старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч: «Я быў бы гатовы браць удзел у такім дыялогу ў любой форме. Але гэта павінен быць сапраўдны дыялог. Гэта значыць, што з боку Аляксандра Лукашэнкі павінна быць палітычная воля і жаданне гэта зрабіць. Таму што прыйсці і паслухаць яго маналог — гэта ўсё ж такі не дыялог. Дыялог мае на ўвазе, што апаненты размаўляюць на роўных», — сказаў Янукевіч “Радыё Свабода”.

З гэтага вынікае яшчэ адно пытанне: а дзеля чаго гэты дыялог у прынцыпе? Які ў яго павінен быць вынік? Якога кансэнсусу павінны дамагчыся «высокія перамоўныя бакі»?

Зыходзячы з тэксту Іосіфа Сярэдзіча, дыялог павінен быць той прыступкай, з якой Лукашэнка мірна, «не праз крывавы майдан і не праз грамадзянскую калатнечу», перадаў бы камусьці ўладу.

Выбачайце, але для гэтага зусім не патрэбны нейкі «круглы стол», нацыянальны дыялог ці нешта яшчэ. Для гэтага дастаткова правесці сумленныя і свабодныя выбары па стандартах АБСЕ з выкананнем усіх прылеглых да іх працэдур: свабода слова, свабода СМІ, свабода мірных сходаў і агітацыі, роўны доступ кандыдатаў да тэлебачання і гэтак далей. І наўрад ці ў выніку свабодных выбараў паўстане нейкі «майдан» ці «калатнеча». Яны, звычайна, паўстаюць, калі людзей падманваюць, несумленна падлічваючы іх галасы.

Будзем шчырыя: «круглы стол па прынцыпе Ярузельскага» патрэбны зараз не Сярэдзічу, а найперш Лукашэнку. Для таго, каб атрымаць нейкія гарантыі бяспекі ў выніку той самай змены ўлады. У другую чаргу — каб падзяліць з некім адказнасць за той тупік, у які ён завёў краіну. Але ў тым і справа, што эканамічны тупік беларускі кіраўнік, можа, і праглядае. А вось перадаваць уладу ў бліжэйшы час ён наўрад ці камусьці збярэцца.


Каментаваць