Каму — усё, каму — закон

Гістарычны досвед падказвае, што ўніверсальнасць закона не сумяшчаецца з універсальнасцю «вертыкалі» ўлады.

Гістарычны досвед падказвае, што ўніверсальнасць закона не сумяшчаецца з універсальнасцю «вертыкалі» ўлады.

Калі пагадзіцца з Леніным, што «электрон такі ж невычарпальны, як і атам», дык артыкулы фізіка Рубінава на грамадска-палітычныя тэмы невычарпальныя ў невычарпальнай ступені. Таму маю папярэднюю «Азбуку паліталогіі» (гл. НЧ №12) варта разглядаць як сціплую спробу падступіцца да тэарэтычнай глыбы, апублікаванай у «Советской Белоруссии» пад назвай «Общество. Власть. Время». Але калі ўжо падступіўся, дык давядзецца несці свой аналітычны крыж да канца.

У чарговы раз пачну з грамадства. Майму апаненту яно ўяўляецца як неразумнае дзіця, якое хоча атрымаць усё і адразу. Мяркуйце самі: «Люди хотят понижения цен, повышения зарплат и снижения курса доллара с тем, чтобы сделать более доступными импортные товары. А с точки зрения требований экономики, т. е. для страны в целом, необходимо попридержать рост зарплат, ограничить импорт, по возможности переходить к свободным ценам». Спіс неразумных жаданняў можна лёгка працягнуць, і калі б не прэзідэнт і ўрад, у нас усё б пайшло б па грэчаскаму сцэнару, таму што «интересы членов общества, стремление к удовлетворению своих потребностей» перасталі б адпавядаць «интересам государства, т. е. общества в целом».

Дык вось, каб інтарэсы «членов общества» адпавядалі інтарэсам «общества в целом», улада, з аднаго боку, абмяжоўвае патрэбы «членов общества», а з другога — імкнецца забяспечыць канкурэнтаздольны рост эканомікі (гэта калі «темпы роста экономики должны обязательно превышать темпы роста благосостояния граждан»).

Пра тое, як улада супрацьстаіць росту завышаных патрабаванняў знізу, нам расказаў адзіны палітык (АП) падчас сакавіцкай нарады, прысвечанай удасканаленню пенсійнага забеспячэння грамадзян. Цытую: «Совершенствуя пенсионную систему, мы отбрасываем вариант, по которому пошла Европа — повышение пенсионного возраста. Мы не можем на это сейчас пойти. Мы обещали своим людям, что мы на это пока не пойдем. И люди просят нас не делать этого».

Нацыя вялікая, але недаспелая

Вось так наша ўлада, якая сама сябе абвясціла моцнай і эфектыўнай, на практыцы супрацьстаіць неразумным патрабаванням неразумных «членов общества». Між іншым, гэтыя самыя «члены», паводле прэамбулы Канстытуцыі, з’яўляюцца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады. Нагадаю, калі хто забыў: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, <…> прымаем гэтую Канстытуцыю».

Пагадзіцеся, цікава атрымліваецца. З аднаго боку, народ — гэта паўнапраўны сусветны суб’ект. А з другога боку, неразумныя «члены», якія «стремятся переехать в столицу, правдами-неправдами устраиваются на работу, заводят семью, а потом требуют квартиру, льготный кредит». Задумайцеся, якая адказнасць «за цяперашні стан і будучыню Беларусі» можа быць у такой меркантыльнай крыніцы ўлады?

Улада — адкуль яна? У Пасланні да рымлян апостал Павел піша: «Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены». Я не адзін раз перачытваў беларускую Канстытуцыю. Спасылак на боскае паходжанне ўлады ў ёй няма. Наадварот, як ужо адзначалася вышэй, адзінай крыніцай улады ў нас з’яўляецца народ (грамадства). А калі так, дык якое грамадства, такая і ўлада. Ці наадварот? Што тут прычына, а што вынік, альбо мы маем аналаг вядомай дылемы пра курыцу і яйка?

Ці бачыць гэтую супярэчнасць мой апанент? І так, і не. Ён шмат і ў цэлым правільна гаворыць пра тое, што «демократия становится востребованной» на пэўным этапе развіцця грамадства, і таму навязваць яе сілай — занятак бесперспектыўны, да дэмакратыі грамадству неабходна даспець. Беларусы, яны ж «великая нация» па вызначэнню АП (глядзі Навагодні зварот), аднак да дэмакратыі заходняга ўзору яшчэ не даспелі, таму наш шлях мусіць быць іншым — «модернизация и либерализация экономики, наращивание доли частного бизнеса в общей системе хозяйства при полном сохранении управляемости государством с помощью «вертикали» власти».

Дробязь, а прыемна

Пакуль «великая нация» не даспела да самастойных палітычных рухаў, ёй «необходимо наработать политическую культуру и отказаться от мысли о каких-либо «цветных революциях». Наш шлях у цывілізаваны свет з яго дэмакратыяй і эфектыўнай эканомікай палягае не праз канфрантацыю з уладай, а праз «закон и порядок». У чарговы раз я вымушаны звярнуцца да цытавання: «Закон и Порядок — вот наш главный сегодняшний лозунг и главный ориентир нашего общественного развития. Законы должны приниматься демократично, с максимальным участием общественности, но затем эти законы и установленный на их основе порядок должны выполняться неукоснительно».

Хто б спрачаўся наконт «Закона и Порядка», але як іх прымаць дэмакратычна, калі вялікая нацыя да дэмакратыі не даспела? Вось толькі адзін прыклад. 16 сакавіка АП правёў нараду наконт удасканалення пенсійнай сістэмы, а ўжо 18 сакавіка падпісаў адпаведны ўказ (№136). Цікава, у чым тут выявілася «максимальное участие общественности»?

Калі аўтарытарная ўлада пачынае казаць пра «Закон и Порядок» з вялікай літары, мне адразу згадваецца знакамітае выказванне Мусаліні: «Для сваіх у нас усё, для астатніх — Закон». З першай часткай выказвання беларуская ўлада асаблівых цяжкасцяў не адчувае, чаго не скажаш пра другую. Гэта вынікае ўжо са стаўлення ўлады да Канстытуцыі, якая ўтрымлівае цэлы шэраг дэмакратычных нормаў нават у прэамбуле (глядзі вышэй). Нормы нормамі, але акадэмік (а па сумяшчальніцтву старшыня Савета Рэспублікі) нам падрабязна патлумачыў, што ўсё гэта — не больш чым дэкларацыі, таму беларускае грамадства жыць па гэтых нормах яшчэ не гатовае.

Рубінаў, калі абгрунтоўвае першачарговасць эканамічнай лібералізацыі перад лібералізацыяй палітычнай, спасылаецца на досвед Сінгапура, Паўднёвай Карэі і Кітая. Дарэмна ён гэта робіць. Я вялікі аматар бацькі «сінгапурскага цуда» Лі Куан Ю. Адкрыем яго бестселер «Сінгапурская гісторыя: з «трэцяга свету» — у «першы» (1965–2000)» і з дапамогай пошукавіку знойдзем цытаты, якія ўтрымліваюць слова «закон». Абмяжуюся толькі адной: «Пасля валютнага крызісу, што пачаўся ў чэрвені 1997 года, у нашых адносінах намецілася пацяпленне. Злучаныя Штаты заўважылі, што Сінгапур быў карысным партнёрам. Сінгапур быў адзінай краінай рэгіёну, якая дзякуючы захаванню прынцыпу вяршэнства закона і наяўнасці строгіх правіл рэгулявання і нагляду за банкаўскай сістэмай здолела паспяхова перажыць масавы адток капіталу з гэтай часткі замнога шару».

А якім чынам беларуская ўлада выстройвае адносіны са Злучанымі Штатамі? Ці здольная яна быць карысным партнёрам найбуйнейшай эканамічнай дзяржавы, ці замест пацяплення мы маем пахаладанне? Магчыма, прычына ў двух дзясятках нашых грамадзян, што ездзяць па свету і пераконваюць «властные структуры и общественность Запада в том, что в Беларуси диктатура, что здесь невиновных бросают за решетку, применяют к ним пытки, что в стране тирания»? Я вось спрабую ўявіць сабе Лі Куан Ю, які тлумачыць знешнеэканамічныя няўдачы актыўнасцю двух дзясяткаў сваіх суайчыннікаў. Дарэчы, калі ён сутыкаўся з такімі фактамі, дык гонар і годнасць дзяржавы, зрэшты, як і свае ўласныя, абараняў у судзе. Тут неабходна тлумачэнне: Вярхоўная кааліцыйная інстанцыя суда Сінгапура знаходзілася ў Лондане. Здавалася б, дробязь , а прыемна.

Час трымаць справаздачу


Згодна з паліталагічнай азбукай, ёсць тры крыніцы, што кансалідуюць грамадства, — сіла, вера, закон. Зразумела, што гістарычна была галоўнай сіла. Са з’яўленнем сусветных рэлігій яе пацясніла вера. Фармаванне сучасных грамадстваў (нацый) стала магчымым толькі з апірышчам на закон. Прычым абавязковай умовай для выканання ролі нацыянальнага інтэгратара з’яўляецца яго ўніверсальнасць.

Тут я не магу адмовіць сабе ў задавальненні і ў чарговы раз звярнуся да цытавання: «Строга кажучы, толькі еўрапейскі Новы час адкрыў перспектыву пераходу ад мадэлі суіснавання дзяржаўнай і дадзяржаўнай культур да мадэлі, у якой дзяржаўная культура робіцца ўсеагульнай. Яе асноўнай абстракцыяй стаў закон, які ўпершыню быў надзелены ўніверсальным вярхоўным статусам. З інструменту абароны дзяржавы і прывілеяў элітных груп ён ператварыўся ў інструмент абароны натуральных, г. зн. дадзеных ад прыроды, правоў і свабодаў грамадзян — роўных для ўсіх і ў гэтым сэнсе таксама ўніверсальных» (Аляксандр Ахіезер, гісторык).

Гістарычны досвед падказвае, што ўніверсальнасць закона несумяшчальная з універсальнасцю самадзяржаўя, а ў больш шырокім сэнсе — з універсальнасцю «вертыкалі» ўлады, нават калі яна пабудавана на аснове нібыта дэмакратычнай Канстытуцыі. Беларуская, напрыклад, утрымлівае артыкул 22: «Усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў». Наколькі я ведаю, агульнанацыянальнага рэферэндуму наконт яе адмены не праводзілася. Дык як жа тады разумець наступную заяву АП наконт спісу невыязных апазіцыянераў: «А мы сделали. И то, мы его еще не ввели. На полную мощь еще не ввели. Но введем». Чаму няма спасылак на адпаведныя законы, ці АП для абмежавання ў правах сваіх палітычных апанентаў у такіх спасылках не мае патрэбы?

Палітычная эліта любой краіны выконвае тры функцыі: сімвалічную (выпрацоўка каштоўнасцяў), інтэграцыйную (мараль, нормы, правілы) і функцыю вызначэння мэтаў (палітыка, кіраванне). Мае рацыю Рубінаў, калі сцвярджае, што беларускае грамадства не гатовае да дэмакратыі, аднак у распараджэнні АП і Ко было амаль 18 гадоў, каб беларусы савецкага ўзору наблізіліся да заходняга стандарту. Сёння ад палітычнай эліты патрабуюцца не сентэнцыі, кшталту ад паўфеадалізму немагчыма «сразу перескочить к демократии», а справаздача пра выкананую працу па прасоўванню беларускага грамадства з архаікі ў сучаснасць.
 

Каментаваць