Камуністы хочуць рэбрэндынгу

Партыя камуністаў беларуская 23 мая правядзе пазачарговы з’езд, на якім будуць вырашаныя пытанні пра давер да кіраўніцтва партыі, а таксама пра магчымую змену яе назвы.

(На здымку: Валерый Ухналёў і Сяргей Калякін. Фота Юрыя Дзядзінкіна)



Партыя камуністаў беларуская 23 мая правядзе пазачарговы з’езд, на якім будуць вырашаныя пытанні пра давер да кіраўніцтва партыі, а таксама пра магчымую змену яе назвы.

(На здымку: Валерый Ухналёў і Сяргей Калякін. Фота Юрыя Дзядзінкіна)


З’езд ПКБ адбудзецца ў будынку ДК Мінскага трактарнага заводу, адпаведны дазвол на арэнду памяшкання партыя атрымала з Мінгарвыканкаму. Пленум Цэнтральнага камітэта партыі прыняў рашэнне, што з’езд пройдзе ў два этапы: першы адбудзецца 23 мая, другі — сёлетняй восенню.

У парадку з’езду ПКБ два асноўныя пытанні: разгляд вотуму даверу да Цэнтральнага камітэту партыі і асабіста да старшыні Сяргея Калякіна, а таксама рэфармаванне самой партыі, і ў прыватнасці змена яе назвы. Над рэфармаваннем партыі ўжо некалькі месяцаў працуюць тры камісіі. Сакратар ЦК ПКБ Валерый Ухналёў узначальвае групу па выпрацоўцы зменаў у статут. Камісія на чале з лідэрам ПКБ Сяргеем Калякіным распрацоўвае праект пазіцыі па пытаннях эканамічнага крызісу. Група, якой кіруе сакратар партыі Алена Скрыган, рыхтуе пакет прапаноў для з’езда па змене назвы партыі.

Дарэчы, за старую назву прагаласавалі толькі 9 з 49 сяброў ЦК. Цяпер кіраўніцтва партыі прапануе шэсць варыянтаў новай назвы для ПКБ: «Беларуская партыя левых» (БПЛ), Партыя «Новы курс», Партыя дэмакратыі і справядлівасці (ПДС), Партыя «Радзіма», Партыя «Справядлівасці і народаўладдзя» (ПСН), Партыя «Справядлівы свет». Калі з’езд вырашыць змяніць назву партыі, то з шасці варыянтаў абяруць тры, якія і будуць прапанаваныя на галасаванне на другім этапе з’езду. Між іншым, адной з магчымых падставаў для змены назвы партыі з’яўляецца варыянт, калі Сяргей Калякін надумае балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Адпаведна, палітычная платформа з больш сучаснай назвай, якая не асацыюецца з камуністычнай ідэалогіяй, будзе да месца.

На з’ездзе разгледзяць праект новага статуту, які дазваляе ствараць унутры партыі асобныя платформы. Будзе нададзена ўвага і Антыкрызіснай платформе Аб’яднаных дэмсілаў.

З’езд пройдзе ў закрытым рэжыме, журналістаў, як і гасцей, кіраўніцтва ПКБ вырашыла не запрашаць. Сакратар ЦК ПКБ Валерый Ухналёў адзначае, што гэта звязана найперш з пытаннямі, якія выносяцца на разгляд. «Будзе абмяркоўвацца сітуацыя з унутраным станам партыі, яе перайменаваннем. Выносіць гэта ў шырокія колы не мае сэнсу. Гэта не звязана з працай з насельніцтвам, знешнепартыйнымі справамі. Тут выключна ўнутрыпартыйныя пытанні і інтарэсы», — падкрэслівае Валерый Ухналёў. Сакратар ЦК лічыць, што перайменаванне партыі і разгляд вотуму даверу да яе кіраўніцтва — справы не надзвычайныя. «Дыскусія пра перайменаванне і рэфармаванне партыі вядзецца з мінулай восені, яна мае як сваіх прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Разгледзець пытанне даверу да цяперашняга лідэра партыі Сяргея Калякіна вымусілі лісты ад партыйцаў, якія лічаць, што ён вядзе партыю «не туды». З’езд хаця і пазачарговы, але мае паўнамоцтвы перавыбараў. Таму, калі Калякіну выкажа недавер большасць дэлегатаў, будуць вылучаныя іншыя кандыдатуры на гэтую пасаду», — патлумачыў партыйны функцыянер. Валерый Ухналёў заявіў, што нічога не ведае наконт чутак пра тое, што ён сам з’яўляецца патэнцыйным кандыдатам на старшынства ў ПКБ, але разам з тым і не аспрэчыў магчымага лідэрства ў партыі: «Я ведаю настроі з’езда, не будзе ніякай змены кіраўніцтва. Калі ўзнікне такая патрэба, тады і будзем пра гэта гаварыць».

У працы з’езду возьмуць удзел 210 дэлегатаў — па 30 ад Мінска і кожнай з абласцей.

Валерый Ухналёў і Сяргей Калякін

Каментаваць