«Кангрэсмены»

Аматарам розных палітычных сходаў бліжэйшым часам будзе дзе разгуляцца. Прадстаўнікі апазіцыі запланавалі правесці ажно тры кангрэсы: два еўрапейскіх сілаў і адзін аб’яднаных дэмакратычных.

Адной з важнейшых частак праграмы кожнага кангрэса будзе вылучэнне «адзінага» кандыдата для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. Такім чынам, «адзіных» можа аказацца як мінімум тры. Ці здолеюць урэшце палітыкі паміж сабою дамовіцца, пакажа час, але цяпер ніхто да саступак не гатовы. І нават калі будуць сфармуляваныя на гэтых кангрэсах прынцыпы супрацы, то можа выявіцца, што датычацца яны толькі пэўнага кола палітыкаў, у той час як астатнія будуць гуляць па сваіх правілах. Вымалёўваецца палітычная какафонія.

Першынство па часе плануе займець палітык і лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі «Народная Грамада» (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Мікола Статкевіч — свой кангрэс Еўрапейскай кааліцыі ён мае намер сабраць ужо 21 чэрвеня. Заяўку на правядзенне мерапрыемства ў Палацы культуры Мінскага аўтазавода арганізатары ўжо накіравалі ў Мінгарвыканкам. Найперш удзельнікі кангрэсу збіраюцца абмеркаваць чатыры пытанні: стратэгію праеўрапейскіх сілаў у Беларусі; вызначэнне адзінага кандыдата ад праеўрапейскіх сілаў на бліжэйшыя выбары прэзідэнта; антыкрызісную платформу еўрапейскіх сіл Беларусі, абранне рады па абароне еўрапейскіх каштоўнасцяў. Пакуль, каб паўдзельнічаць у кангрэсе, дастаткова папросту заявіць пра сваё жаданне, з сабою можна прывесці колькі заўгодна сваіх сяброў і аднадумцаў. Праўда, памяшканне не гумавае, і калі будзе зашмат жадаючых, арганізатарам, магчыма, давядзецца перайсці да механізму вылучэння дэлегатаў. Паспешлівасць мерапрыемства Мікола Статкевіч тлумачыць эканамічнымі і палітычнымі фактарамі.

Аб’яднаныя дэмсілы з часам пакуль не вызначыліся, рух «За свабоду» свой форум прызначыў на восень. Рашэнне далучыцца да кангрэса праеўрапейскіх сілаў пад эгідай Аляксандра Мілінкевіча і руху «За свабоду» ўжо агучыў шэраг моладзевых актывістаў. Сярод іх — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч, лідэр руху «Маладая Беларусь» Артур Фінкевіч, намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка. Аргументам для падтрымкі экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта з’яўляецца тое, што Аляксандр Мілінкевіч — «адзін з праеўрапейскіх палітыкаў, які зараз найбольш блізкі моладзі. Ён прыцягвае сваёй еўрапейскасцю, інтэлігентнасцю, а незалежнасць Беларусі ўважае за мэту жыцця». Натуральна, з такім раскладам найбольш верагодны варыянт зняцця Віталя Рымашэўскага на карысць Аляксандра Мілінкевіча і праца хадэкаў на «адзінага» кандыдата.

Палітолаг Валерый Карбалевіч звяртае ўвагу, што «галоўным пытаннем дыскусій цяпер з’яўляецца вылучэння кандыдатаў: каго падтрымліваць, хто мае лепшыя магчымасці і больш моцны?» «Мілінкевіч хоча сабраць на кангрэсе сваіх прыхільнікаў, Статкевіч хоча таго ж і, відавочна, таксама бачыць сябе кандыдатам у прэзідэнты. Назва «кангрэс праеўрапейскіх сілаў» не павінна ўводзіць у зман, — заўважае эксперт. — Пытанне толькі адно: хто каго вылучыць і збярэ мацнейшую каманду». Валер Карбалевіч некалькі разоў заўважыў, што падобныя працэсы для апазіцыі цяпер кепскія. «Перамагчы, дабіцца вынікаў апазіцыя можа толькі з адзіным кандыдатам. Цяпер найбольш раскручаная фігура Мілінкевіча — ён мае нейкі рэйтынг, рэсурсы, падтрымку за межамі Беларусі. Але ці змогуць урэшце палітыкі паміж сабой дамовіцца, цяпер сказаць цяжка, бо назіраецца моцная канфрантацыя бакоў. Да таго ж не ўсе ахвочыя да прэзідэнцкай пасады агучылі сваё жаданне. Таму ўявіць, што да выбараў будзе адзіны кандыдат ад апазіцыі, цяпер цяжка», — падкрэслівае палітолаг.

Каментаваць