Канстытуцыі — 20 гадоў

Якія хібы бачаць стваральнікі Асноўнага закону краіны зараз? Пра гэта разважаюць былы сябра Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў і падпісант першай Канстытуцыі, былы спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб.



Працавалі доўга і старанна

Мечыслаў Грыб:

— Калі была прынята Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі, з’явілася патрэба ў новай Канстытуцыі. Адразу адзначу, што над Канстытуцыяй працавалі дзве рабочыя групы: пад кіраўніцтвам намесніка старшыні ВС Васіля Шаладонава і пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара. Яны стварылі два праекты Канстытуцыі, які мы аб’ядналі ў адзіны дакумент. За аснову быў прыняты праект Шаладонава, а потым да ягонай групы далучылася група Ганчара.

Канстытуцыю прымаў Вярхоўны Савет 12 склікання. Што гэта быў за орган? У той час ён складаўся з 360 дэпутатаў, 310 з якіх абіраліся па сваіх акругах, і яшчэ 50 — грамадскімі аб’яднаннямі: ветэранаў вайны і працы, глухіх, сляпых, інвалідаў і гэтак далей. То бок, іх выбіралі не ўсе выбаршчыкі, а яны былі дэпутатамі па выніках сходаў вышэйшых органаў аб’яднанняў. Таму атрымлівалася, што 87% дэпутатаў складалі сябры КПБ — КПСС. Да таго ж, мы кіраваліся апошнімі Канстытуцыямі БССР і СССР.

Міхаіл Пастухоў:

— Я быў у камісіі Ганчара. Калі нас аб’ядналі з камісіяй Шаладонава, там з нашай камісіі людзей амаль не засталося. У камісіі Шаладонава былі, у асноўным, людзі, якія з’яўляліся штатнымі супрацоўнікамі дзяржустановаў, напрыклад, юрфака БДУ. Гэта азначала, што яны маглі траціць працоўны час на распрацоўку і абмеркаванне Канстытуцыі. Мы ж былі «аматарамі», энтузіястамі, якія вымушаныя былі абмяркоўваць Канстытуцыю па-за асноўнай працай.

У выніку гэтага аб’яднання шмат чаго з нашых напрацовак у канчатковы праект Канстытуцыі не ўвайшло. Прыкладам, я да апошняга настойваў на тым, каб уключыць у Канстытуцыю палажэнне аб упаўнаважаным па правах чалавека, бо такі ўпаўнаважаны мог бы выступіць рэальным гарантам абароны правоў і свабодаў чалавека. У выніковым праекце Канстытуцыі мы пабачылі толькі сляды таго, што мы прапаноўвалі. Канстытуцыйны суд, напрыклад, у нашым варыянце належаў да судовай сістэмы, а ў канчатковым стаў органам нагляду і кантролю.

Хто прыдумаў прэзідэнта?

Міхаіл Пастухоў:

У нашым варыянце Канстытуцыі ўвогуле не было раздзела «Прэзідэнт». Ва ўсіх першапачатковых варыянтах Канстытуцыі, калі я не памыляюся, не было згадак пра інстытут прэзідэнцкай улады. Гэты раздзел з’явіўся тады, калі праект Канстытуцыі ўжо прайшоў шэраг абмеркаванняў. Гэта было некалькі нечакана. Шчыра кажучы, палажэнне пра прэзідэнта было парушэннем агульнага падыходу да распрацоўкі Канстытуцыі на падмурку Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. У Дэкларацыі, як вядома, ніякай згадкі пра прэзідэнцтва не было.

Мечыслаў Грыб:

— Канешне, наконт пасады прэзідэнта спрэчкі былі. Хтосьці быў за такую пасаду, хтосьці супраць. Але на той час усе краіны, якія былі вакол нас, ужо «апрэзідэнціліся», а мы заставаліся недзе ўбаку. Гэта таксама было аргументам на карысць увядзення прэзідэнцкай пасады. І мы вырашылі зрабіць «парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку».

Што датычна Канстытуцыі, то тут трэба заўважыць яшчэ адну рэч: усё вывучалася, усё кансультавалася, усё рабілася адкрыта. Кожны артыкул некалькі разоў перапрацоўваўся, і, калі праект Канстытуцыі набыў нармальную форму, ён быў накіраваны для экспертызы ў Англію, Германію, Францыю, ЗША, і ў Венецыянскую камісію (Венецыянская камісія, або Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права — галоўны экспертны орган у канстытуцыйным ды заканадаўчым праве пры Савеце Еўропы — НЧ) для атрымання меркаванняў незалежных экспертаў. І наш праект атрымаў там вялікую станоўчую адзнаку.

Зазначу, што праект друкаваўся ў «Народнай газеце». Мы атрымалі больш тысячы прапаноў і заўваг: і патрэбных, і не вельмі. То бок, праект прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне.

Закон якога дзеяння?

Мечыслаў Грыб:

— Тое, што Канстытуцыя не мае наўпроставага дзеяння — гэта не хіба Канстытуцыі, гэта хіба ўлады, якая Канстытуцыю не выконвае. Канстытуцыя якраз і павінна быць дакументам наўпроставага дзеяння, у ёй прапісана, што яна з’яўляецца Асноўным законам Рэспублікі Беларусь, і ўсе астатнія законныя і падзаконныя акты павінны ёй адпавядаць. Калі яны не адпавядаюць — яны не павінны дзейнічаць на тэрыторыі нашай краіны. А калі гэта не выконваецца — гэта пытанне да ўлады, да Канстытуцыйнага суда і да іншых афіцыйных органаў.

Міхаіл Пастухоў:

— У тэксце Канстытуцыі, канешне, не было і няма ўказання на наўпроставае дзеянне Канстытуцыі. Але як юрыст я хачу зазначыць, што гэтага і не трэба. Канстытуцыя — асноўны, але ж закон. І ўсе ягоныя нормы, пачынаючы з прэамбулы, і заканчваючы заключным Законам аб парадку ўступлення ў дзеянне Канстытуцыі ад 15 сакавіка 1994 года, павінны быць дзейсныя. Ніякае заканадаўства не павінна супярэчыць Канстытуцыі, абмяжоўваць яе палажэнні, і самае галоўнае, — абмяжоўваць па-за ўсталяванымі нормамі правы і свабоды грамадзянаў, замацаваныя ў Канстытуцыі.

 

Змены ці новая Канстытуцыя?

Чаму Аляксандру Лукашэнку на рэферэндуме 1996 года адносна лёгка ўдалося змяніць Асноўны закон?

Мечыслаў Грыб:

— Канстытуцыя 1994 года давала прэзідэнту краіны права заканадаўчай ініцыятывы. Ён, як кіраўнік дзяржавы, меў і мае права ўнесці на разгляд прапановы аб унясенні зменаў у Канстытуцыю. І калі ён унёс прапановы па змене Канстытуцыі ў 1996 годзе, каб надаць ягоным указам заканадаўчую моц, — трэба было парламенту прымаць прапановы, ствараць камісію, разглядаць, дзейнічаць у адпаведнасці з законам. Але тыя прапановы для тагачасных дэпутатаў здаваліся настолькі дзікімі і неправамоцнымі, што іх нават адмаўляліся разглядаць. Бо ў Канстытуцыі было запісана, што адзіным і вярхоўным органам заканадаўчай улады з’яўляецца Вярхоўны Савет. Зразумела, заканадаўчай уладай дзяліцца ніхто не збіраўся, таму што калі ёсць два цэнтры, якія выдаюць законы — усё вельмі дрэнна атрымліваецца.

Што ж тычыцца рэферэндуму 1996 года, то ніякіх там дзеянняў у адпаведнасці з Канстытуцыяй няма. Узгадайце тыя часы — гвалтоўная змена старшыні Цэнтрвыбаркама чаго вартая! У парушэнне ўсіх законаў, з выкарыстаннем сілавых структураў Віктара Ганчара выгналі з ЦВК, а старшынёй прызначылі Лідзію Ярмошыну. Прэзідэнт узяў на сабе функцыі Вярхоўнага Савета — хаця б па прызначэнні рэферэндуму. Карацей, дзеянні прэзідэнта будаваліся не на падставе Канстытуцыі і законаў Беларусі. Таму я сёння згодны з тымі, хто кажа, што гэта быў антыканстытуцыйны пераварот.

Міхаіл Пастухоў:

— Я перакананы, што ніводзін з рэферэндумаў, 1995, 1996 ці 2004 гадоў не мог быць праведзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 года ці па дзейснаму тады заканадаўству аб рэферэндуме. Гэта тычыцца і рэферэндуму 1995 года, таму што ў тагачасным законе аб рэферэндуме было запісана, што не дапускаецца аніякі замах на асновы суверэнітэту Беларусі і, значыць, на нацыянальна-гістарычныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Што тычыцца рэферэндуму 1996 года, то ў Канстытуцыі 1994 года, у артыкуле 149, гаварылася пра магчымасць на рэферэндуме ўнясення зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Ці былі пытанні рэферэндуму дапаўненнямі ў Канстытуцыю альбо новая рэдакцыя Канстытуцыі — гэта пакінулі на разгляд парламента, ініцыятараў рэферэндуму, Канстытуцыйнага суда. Але адзначу, як фармулявалася пытанне на рэферэндуме адносна Канстытуцыі: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 года», і потым, у дужках — «новую рэдакцыю Канстытуцыі». То бок размова наўпрост ішла аб новым дакуменце, і ніхто з ініцыятараў рэферэндуму гэтага нават не хаваў. А прыняцце новай Канстытуцыі Асноўным законам 1994 года не дазвалялася.

Зараз і аналіз дакумента, і час паказалі, што дапаўненні 1996 года — гэта сапраўды новая Канстытуцыя.

Чаму канстытуцыя не выконваецца?

Мечыслаў Грыб:

— Гэта ў нас традыцыйна. Не выконвалася Канстытуцыя ў савецкія часы, не выконваецца зараз. Сёння Канстытуцыя абвяшчае адны правы і магчымасці, жыццё ідзе іншым шляхам. Нават тое, што ўносілася зменамі, да сёння не працуе. Як мне памятаецца, Палата прадстаўнікоў павінна была вылучыць накірункі і пытанні, у якіх прэзідэнт можа выдаваць свае дэкрэты. Гэтыя накірункі і да сёння не акрэсленыя: Лукашэнка выдае дэкрэты па любых пытаннях. Не ўсе дэкрэты і ўказы зацвярджаюцца ў належны час, але пры гэтым пачынаюць дзейнічаць.

Міхаіл Пастухоў:

— Новая рэдакцыя Канстытуцыі была сродкам зацвярджэння прэзідэнцкай улады. Выканаўшы сваю ролю, яна страціла сваё значэнне. Законы для гэтай ўлады сёння патрэбныя для адной мэты, — як казаў некалі Беніта Мусаліні: «Для сяброў — усё, для астатніх — закон». Таму рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы ў грамадзян Беларусі не атрымліваецца, і канстытуцыйныя гарантыі ў бальшыні не працуюць.

Якая Канстытуцыя ў нас будзе?

Рана ці позна ўлада ў Беларусі зменіцца. Ці трэба будзе пісаць новую Канстытуцыю, выпраўляючы хібы першапачатковага дакумента?

Мечыслаў Грыб:

— Не ўсю, канешне, але Канстытуцыю будзе трэба перапісваць, але яе трэба ўдасканальваць. Асобныя артыкулы трэба будзе змяняць. У першую чаргу, канешне, трэба будзе мяняць артыкулы аб дзяржаўным будаўніцтве, аб статусе прэзідэнта, трэба будзе ўсталёўваць парламенцкую краіну… Нам не трэба двухпалатны парламент — ва ўнітарнай дзяржаве гэта нонсенс. Трэба надаць магчымасць Канстытуцыйнаму суду разглядаць звароты грамадзян. Вырашыць пытанні з мясцовым кіраваннем і самакіраваннем. Досыць багата змяніць прыйдзецца.

Міхаіл Пастухоў:

— Я перакананы ў тым, што нам трэба вярнуцца на канстытуцыйныя рэйкі для ўзнаўлення законнасці і дэмакратыі ў краіне. Для гэтага мы павінны ўзнавіць дзеянне Канстытуцыі 1994 года. Як яе змяняць далей — гэта ўжо іншае пытанне. Асабіста я лічу, што аптымальнай формай кіравання для такой невялікай краіны, як Беларусь, з’яўляецца парламенцкая рэспубліка. Пасада прэзідэнта павінна быць скасаваная, а падпісваць законы і міжнародныя дамовы, уручаць узнагароды можа і старшыня парламента.

Каментаваць