Караткевіч абяцае тэрапію без шоку

Прэтэндэнтка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч заклікала людзей аб’ядноўвацца і не баяцца «шокавых рэформаў». Бо, па-першае, такіх не будзе, а па-другое, гэта лепш за тое, што нам забяспечылі ўлады — шок без рэформаў.



Як і абяцала, Караткевіч на наступны ж дзень пасля сваёй рэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты склікала першую прэс-канферэнцыю, на якой яна распавяла, што было, што будзе, і чым сэрца супакоіцца. Праўда, спакою яна нам не абяцала. Але і асаблівых жахаў ад яе не пачулі.

Ніхто, акрамя нас

Уласна кажучы, Караткевіч абмалявала сённяшні стан у дзяржаве і прэзентавала скарочаны варыянт сваёй перадвыбарчай праграмы. Пачала яна з канстатацыі таго, што «старая ўлада давяла нашую краіну да крызіса», з чым, уласна, ніхто не спрачаецца. Таму краіне патрэбныя новыя ідэі, новыя каманды, новыя падыходы. «І, канешне ж, новы лідэр», — несамакрытычна заўважыла Караткевіч.

Прычым, яе каманда не бачыць такіх «новых лідэраў» сярод іншых кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Не кажучы пра Лукашэнку, Мікалай Улаховіч — паслядоўнік ягоных ідэяў, ды й Сяргей Гайдукевіч ніколі не быў заўважаны ў нейкім жаданні зламаць старое і пабудаваць новае. Абодва «альтэрнатыўных» кандыдата ў розныя часы выказвалі падтрымку дзеянням Аляксандра Рыгоравіча, і таму чакаць кардынальных пераменаў ад іх не выпадае. Перамены можа забяспечыць толькі Караткевіч.

Андрэй Дзмітрыеў нават параўнаў іх усіх са старым мабільным тэлефонам. «75% кандыдатаў будуць казаць пра старыя ідэі, казаць пра паўтор тых метадаў, якія ўжо давялі краіну да крызіснага стану. Казаць, што, да прыкладу, у нас ёсць стары тэлефон з 90-х гадоў: давайце туды ўставім новую батарэйку і новы экран, і ён яшчэ прапрацуе яшчэ 50 год. Мы не сумняемся, што ён прапрацуе. Але ніякіх сучасных задачаў з гэтым тэлефонам вырашыць нельга. Стары тэлефон трэба мяняць не толькі таму, што ён ен працуе, а таму, што ён не адпавядае сённяшняму дню. Нашая задача зараз — паказаць і даказаць гэта беларускаму грамадству», — казаў Дзмітрыеў, які сам карыстаецца Айфонам.

Андрэй Дзмітрыеў параўноўвае ўсіх астатніх кандыдатаў са старымі тэлефонамі

«Мы не можам яшчэ 20 год жыць на савецкай спадчыне. Усё, яна сёння памерла. Калі мы хочам, каб МАЗ застаўся, каб МТЗ працаваў, каб наша прамысловасць захавалася, мы павінны яе ўспрымаць па-іншаму, а не проста паўтараць савецкія практыкі: планавую эканоміку, выпусцім трактары, падробім статыстыку, нібыта яны праданыя, а насамрэч яны гніюць пад адкрытым небам. У гэтым адрозненне каманды Лукашэнкі, куды уваходзяць Гайдукевіч і Улаховіч, і каманды Караткевіч. Яны кажуць: давайце ўсё па-старому, толькі з новым «бацькам». І ёсць каманда Караткевіч, якая кажа: не бойцеся новага», — зазначыў Дзмітрыеў.

Дзмітрыеў запэўніў: у Караткевіч ёсць людзі, якія гатовыя і будуць ажыццяўляць перамены і прымаць за іх адказнасць.

Найперш — эканоміка

Па словах Караткевіч, галоўны рэсурс Беларусі, «гэта мы — яе людзі». І трэба даць магчымасць людзям працаваць. З гаротнага стану беларускай эканомікі вынікае, што першыя ж рэформы будуць у эканамічнай сферы.

Караткевіч не вынаходзіць ровар, і нічога сенсацыйнага ў першых патрэбных краіне крокаў мы ад яе не пачулі. Пра гэтыя крокі ўжо год дзесяць кажуць эканамісты ўсіх магчымых кшталтаў. Гэта, найперш, разняволенне бізнэсу, зняццё розных забаронаў на прадпрымальніцкую дзейнасць і розных дзяржаўнных абмежаваннняў.  Напрыклад, Караткевіч ужо зараз накіравала ва ўрад заяву з просьбай адмяніць пастанову Саўміна №666, якая фактычна абмяжоўвае імпарт замежных тавараў у краіну.

Караткевіч ровар не вынаходзіць

У падатковай палітыцы, найперш — спрошчанае падаткаабкладанне і затым пяцігадовы мараторый на змены падатковай сістэмы. Сапраўднае прыцягненне інвестыцый, кожнаму праблемнаму прадпрыемству — адмысловая антыкрызісная камісія. Ну і наконт звычайнай пужалкі: «Прыдуць дэмакраты — прададуць прадпрыемствы». Ніхто стратэгічныя прадпрыемствы прадаваць не збіраецца. Аб іх павінна клапаціцца дзяржава.

Ну і самае прыемнае для вуха беларускіх грамадзянаў — скасаванне бязглуздых падаткаў: на допуск аўтамабіля на дарогі (таму што мы за гэта плоцім двойчы, а павінны — адзін раз), падаткаў «на пазыкі» і «на вяселле», таму што гэта бязглуздзіца.

«Сёння мы ўтрая плоцім за адсутнасць рэформ», — зазначыла Караткевіч. А таму рэформы — гэта не толькі абавязковае, але і таннае выйсце з эканамічнага крызіса. Але, замест гэтага таннага выйсця ўрад «зазірае да нас у кішэню», заявіла кандыдатка ў прэзідэнты. А ў нашай кішэні і грошай няшмат, таму што заробак ў тры мільёны не ў сталіцы, а недзе ў малых гарадах — за шчасце.

Таму, зыходзячы з выкладзенага, «шокавай тэрапіі» нават не будзе. Будзе тое, што дэкларуе, але не робіць «сацыяльная дзяржава».

Пасябруем з усімі

Замежных журналістаў найперш цікавіла міжнародная палітыка Караткевіч. Ці адарвецца яна ад Расіі? Ці пойдзе на Захад? Ці, можа яшчэ куды?

Караткевіч у гэтым рэчышчы прапануе палітыку «адказнага суседства». Ірваць сувязі з Расіяй ніхто не будзе. Наадварот, Расію трэба даганяць. Яна ўжо ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а іншы наш партнёр па Мытным саюзе — Казахстан, — адной нагою там. Таму і Беларусі трэба ўступаць у СГА, даганяць Расію, а не рваць з ёю адносіны. Трэба будаваць добрасуседскае партнёрства з Еўропай. І Украінай, якая наш трэці гандлёва-эканамічны партнёр.

Што ж да ваенна-палітычнай сферы, то Беларусь як адказнага суседа будуць успрымаць толькі ў якасці сапраўды нейтральнай краіны. Таму Караткевіч сказала «не» расійскім ваенным базам (як дарэчы, і ваенным базам усіх астатніх краінаў) на нашай тэрыторыі. У перспектыве — нават перагляд нашага ўдзелу ў ваенным блоку АДКБ.

Таццяна Караткевіч выступае за поўны нейтралітэт краіны

Але гэтае катэгарычнае «не» ваенным базам не тычцца ўжо існуючых РЛС Расіі ў Ганцавічах і Вілейцы. Таццяна праявіла не жаночую дасведчанасць у гэтым пытанні. Калі дамова пра іх існаванне падпісаная да 2020 года — то яны тут і будуць да 2020 года, а ўжо пасля «будзем разбірацца». Тым больш, што, па яе словах, гэтыя станцыі маральна састарэлі і Расія даўно знайшла ім замену.

Праўда, яна не ўдакладніла, што ў 2020-м годзе будуць наступныя прэзідэнцкія выбары, і гэтую праблему, можа быць, будзе вырашаць і не яна.

Без вусоў

Канешне, не абышлі журналісты ўвагай і саму асобу Таццяны Караткевіч. Напрыклад, у яе пыталіся, якія адрозненні ў яе ад іншых прэтэндэнтаў у прэзідэнты, апроч таго, што яна жанчына. Першае адрозненне — здольнасць на рэформы, адзначыў Дзмітрыеў. Другую падказаў карэспандэнт радыё «Свабода» Уладзімір Глод. Як Лукашэнка, так і Ўлаховіч, і Гайдукевіч, — ужо пенсіянеры. Таццяна ж «у самым росквіце гадоў». Трэцяе адрозненне заўважыла сама Таццяна. «Яны ўсе вусатыя. Трэба, каб нехта пагаліўся», — пажартавала яна.

Камусці з канкурэнтаў Караткевіч трэба пагаліць вусы

Калі б Лукашэнка прапанаваў ёй сустрэцца і пагутарыць, яна б сустрэлася і пагутарыла. «Усё ж ён чалавек з вялікім досведам», — зазначыла яна. І ёй бы было цікава яго паслухаць, хаця яна «не ўпэўненая, што адказы на мае пытанні мяне б задаволілі».

Калі Лукашэнка па выніках выбараў прапануе ёй нейкую пасаду ва ўрадзе, Таццяна адзначыла, што «такіх выпадкаў у гісторыі Беларусі яшчэ не было». «Аднак таямніцы я з гэтага рабіць не буду, і найперш, вы пра гэтую прапанову даведаецеся», — паабяцала яна прадстаўнікам прэсы. А ўжо пасля яна будзе думаць, што з гэтай прапановаю рабіць.

Татальнага «разгону ўрада» не будзе. Караткевіч зазначыла, што хацела б, каб ва ўрадзе «па сваёй добрай волі» засталіся прафесіяналы. Але большасці чыноўнікаў прыйдзецца перавучвацца, для чаго «сацыяльна адказная дзяржава» таксама створыць умовы. Канешне, не выключыла яна і вяртанне прафесіяналаў з замежжа: шмат хто не здолеў рэалізавацца ў сённяшняй Беларусі і з’ехаў у пошуках лепшай долі.

Караткевіч у захапленні ад светлай будучыні, якая дасягаецца за два гады

Не ўсе, але галоўныя рэформы Караткевіч абяцае правесці толькі за два гады. І гэта цалкам магчыма. Бо, у прынцыпе, вядома што трэба рабіць найперш.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-09-11 17:57:59
"Мы не можам яшчэ 20 год жыць на савецкай спадчыне. Усё, яна сёння памерла". Што не можам жыць на ёй да 2035 г. - згодзен, але такога, здаецца, ніхто і не прапаноўваў. Што савецкая
спадчына зусім ужо памерла ў Беларусі - не згодзен.



Чарговая жменя памылак друку: "дОйчы", "бязглуздзіЦЦа", "апРЧ таго", "тЭба пагаліць"...
  • awa
  • 2015-09-11 22:40:18
Сп. Караткевіч не адказала на адно важнае і першапачатковае (для яе!) пытаньне: ці згодна яна атрымаўшы па галаве кіём наступныя 5 год правесьці ў турме? Той пра кого яна так проста кажа не даруе
"наездаў" на сваю першаўладу. Нават жаночы пол можа не выратаваць, калі будзе нават намёк на 2010г.

Каментаваць