Таня застанецца з намі!

Калі Таццяна Караткевіч заявіла, што за Лукашэнку прагаласавала больш, чым за яе, шмат журналістаў дзяржСМІ пачалі перадаваць гэтую сенсацыю. Аднак сенсацыі не адбылося — вынікі выбараў яна не прызнала.



Поствыбарную прэсавую канферэнцыю Таццяна Караткевіч пачала з падзякі ўсім, хто на яе працаваў, хто ставіў подпісы за вылучэнне яе кандыдаткай у прэзідэнты, і, зразумела, тым, хто за яе галасаваў. Яна адзначыла, што мінімум 20% выбаршчыкаў прагаласавалі за мірныя перамены ў краіне. Але ў той жа час яна адзначыла, што, згодна дадзеным незалежных назіральнікаў, за Лукашэнку на гэтых выбарах прагаласавала больш, чым за яе. Гэтая фраза і дала падставы для радасці дзяржаўным СМІ.

Але журналісты часцяком задаюць ідыёцкія пытанні. Яны часам глядзяць на сонца і пытаюцца, ці свеціць яно. Што значыць фраза «за Лукашэнку прагаласавала больш, чым за мяне»? Гэта значыць, што Караткевіч прызнае вынікі выбараў? Зразумела, такое ўдакладняючае пытанне і прагучала.

«Сёння, пакуль яшчэ не да канца падлічылі вынікі, ёсць магчымасць прызнаць вынікі толькі Улаховіча і Гайдукевіча. Я цалкам не згодная з вынікамі, якія прадстаўленыя за Караткевіч і Лукашэнку. У нас вялікія сумневы ў тым, што гэта праўдзівыя лічбы. Мы кажам зараз пра тое, што, па дадзеных назіральнікаў, на розных участках я сабрала ад 10 да 35%, але не набрала большасць галасоў. Назіральнікі зафіксавалі, што за яго таксама людзі галасавалі, і гэта таксама трэба прызнаць. Я не прызнаю вынікі гэтых выбараў і не магу прызнаць перамогі Аляксандра Лукашэнкі», — заявіла Караткевіч.

Караткевіч адвесіла Лукашэнку камплімент, але вынікі выбараў будзе абскарджваць

Адпаведна, калі Таццяна не прызнае вынікаў выбараў, толькі яна, як кандыдат у прэзідэнты, можа абскардзіць гэтыя вынікі ў Вярхоўным судзе. І яна будзе гэта рабіць. «Я казала: так, буду абскарджваць, калі на тое будзе абгрунтаванне», — заявіла Караткевіч і перадала слова кіраўніку яе выбарчага штаба Андрэю Дзмітрыеву.

 

Дзмітрыеў жа паведаміў, што грунт для абскарджвання ёсць, у прыватнасці, гэта справаздачы незалежных назіральнікаў ад кампаній «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары». «Ва ўстаноўлены тэрмін, гэта тры дні, мы пададзім скаргу ў Вярхоўны суд», — заявіў ён.

 

Такім чынам, сенсацыі не адбылося. Караткевіч не прызнала вынікі гэтых выбараў і абскарджвае іх вынік. Віншавання Аляксандра Рыгоравіча з «элегантнай перамогай», як пра тое мроілі некаторыя «калегі» Караткевіч па апазіцыі, мы таксама не дачакаліся.

 

Затое Караткевіч адзначыла пяць плюсаў перадвыбарчай кампаніі. Паводле яе слоў, у часе гэтай кампаніі яна даехала туды, дзе пра апазіцыю нічога не чулі і ў вочы яе не бачылі. Зараз людзі ведаюць, што ў краіне ёсць тыя, хто падзяляе іх думкі — гэта пункт першы. Пункт другі: па папярэдніх падліках, ад 20 да 35% людзей, што б там ні казаў ЦВК, падтрымалі мірныя перамены. Гэта ёсць грунт і да далейшых крокаў. Дзякуючы кампаніі Караткевіч і ўлада ўбачыла, колькі народу выступаюць за перамены, а таму загаварыла пра рэформы, — гэта трэці пункт. Караткевіч кажа, што прывяла ў палітыку новых асобаў. Сумнеўна, канешне, наколькі яны новыя, але ўсё ж запішам гэта ў пункт чацвёрты. І галоўнае — ўзнятая ёй і яе паплечнікамі тэма іншаземных ваенных базаў у Беларусі. Дзякуючы таму розгаласу, які на выбарах атрымала гэтае пытанне, Аляксандр Лукашэнка вымушаны быў на словах адмовіцца ад яе. І зараз трэба толькі намагацца, каб ён адказваў за свае словы.

 

Калі ёсць плюсы, павінны быць і мінусы. Пра гэта таксама запыталіся ў кандыдаткі ў прэзідэнты. «Памылак было шмат, зараз толькі першы дзень пасля выбараў, і ў нас не было часу скласці гэты спіс памылак, — самакрытычна заявіла Караткевіч. — Аднак самая галоўная памылка, — гэта тое, што мы доўга чакалі адзінага кандыдата. І не наважваліся зрабіць гэты крок (па вылучэнні Караткевіч — «НЧ»). А калі мы гэта зрабілі, мы зразумелі, што трэба было раней наважыцца на гэты крок. Гэта, пэўна, было самай галоўнай памылкай — запознены старт».

 

Паўтараць гэтую памылку Караткевіч не збіраецца. Яна збіраецца застацца ў беларускай палітыцы. А таму прасіла расцэньваць гэтую яе прэс-канферэнцыю не як «апошнюю канферэнцыю кандыдата ў прэзідэнты», а як першую прэс-канферэнцыю, прысвечаную парламенцкім выбарам, якія маюць адбыцца ў 2016-м годзе.

Мы яшчэ пабачым гэтую жанчыну ў беларускай палітыцы

Бліжэйшым часам каманда Караткевіч зоймецца тым, што арганізуе і правядзе ў у краіне агульнанацыянальны форум развіцця «за мірныя перамены». Яна запрасіла жадаючых удзельнічаць у гэтай працы. І ўжо зараз «Гавары праўду» пачынае фармаваць свой спіс кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. «Я запрашаю ўсіх, хто мяне падтрымлівае, хто падтрымлівае ідэю мірных пераменаў, і хто хоча на справе дапамагаць Беларусі: вылучайцеся ў кандыдаты дэпутатаў парламента, станавіцеся сябрамі іх камандаў», — заклікала Караткевіч.

Такім чынам, лозунг «ТаК!» мы яшчэ пабачым у найбліжэйшай будучыні. Прынамсі, на выбарах 2016-га года.

Каментаваць